Суды, санкцыі, салідарнасць і сэгўэі. Галоўнае за 3 верасня


«Белсат» перагарнуў каляндар – і зноў затрыманні, суды і эканамічны крызіс. Пераказваем галоўныя навіны 3 верасня – 389 дзень паслявыбарчага пратэсту.

Затрыманні пачаліся ад раніцы. Спачатку стала вядома, што сілавікі прыйшлі па рэдактарку «Зялёнага парталу» Яніну Мельнікаву. Потым – што ў у кватэру, дзе жыве Ірына Сухій, сябра рады ГА «Экадом». Затрымалі і падазраванага ў падпале саламянага замку пад Косава. Затрымалі дыджэя Папу Бо і двух супрацоўнікаў «Корпусу», судзілі за «экстрэмісцкія матэрыялы» (але на «пакаяльным» відэа дыджэй «прызнаецца» ў кіраванні пратэстамі і ўжыванні наркотыкаў). Следчыя таксама заявілі, што затрымалі групу, якая дапамагала беларусам уцякаць у Літву (але затрыманага паказалі толькі аднаго, і ён не перапраўляў людзей праз мяжу).

Пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму прысудзілі Андрэю Крылову з Ваўкавыску за «заклік да беспарадкаў» у Telegram-чаце. 15 содняў прысуджалі сёння і за «экстрэмісцкія матэрыялы», і за «непадпарадкаванне» пасля ператрусу. Пяць гадоў «хатняй хіміі» і прымусовае лекаванне прысудзілі менчуку Уладзіміру Долбіку за тое, што з’ехаў ад байцоў без апазнавальных знакаў, якія напалі на яго машыну ў ноч пасля прэзідэнцкіх выбараў. Вядомую актывістку з Берасцейшчыны Алену Гнаўк асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» за «абразу прэзідэнта», затрымалі ў судзе і адпусцілі. Грамадзяніна Расеі Аляксандра Балакіна дэпартавалі за бел-чырвона-белы флікер.

Менскім міліцыянтам тым часам думаюць выдаць сэгўэі – сёння першыя міліцыянты на двух колах з’явіліся ў парку Чалюскінцаў. Сэгўэі такія ж, на якім нядаўна катаўся Аляксандр Лукашэнка – гэткая мадэль каштуе каля 20 тысяч рублёў.

Hавiны
У Еўразвязе распавялі, якія новыя санкцыі могуць увесці супраць Менску
2021.09.03 11:00

Універсітэт культуры зліквідаваў кафедру этналогіі і фальклору. Збіраюцца закрыць арганізацыю «Радзіслава», якая выступае супраць хатняга гвалту. Вольгу Карач і яшчэ шасцёх чалавек улучылі ў спіс «тэрарыстаў». Заблакавалі сайт «Медыя-Палесся».

Затое ўрад дазволіў часцей выязджаць з Беларусі, але не ўсім: тым беларусам, хто мае від на жыхарства ў іншай краіне, працуе ці вучыцца за мяжой, а таксама тым замежнікам, якія маюць дазвол на пражыванне ў Беларусі.

Hавiны
Беларуска-польская мяжа: новыя абмежаванні ў Польшчы і некаторыя «палёгкі» ў Беларусі
2021.09.03 18:42

Па іншы бок мяжы памятаюць пра міграцыйны крызіс. Тэма нелегальнай міграцыі праз Беларусь гучала як на сустрэчы еўрапейскіх міністраў замежных справаў, так і ў заяве генеральнага сакратара NATO пра расейска-беларускія вучэнні «Захад-2021».

І калі Еўразвяз і NATO вінавацяць у крызісе беларускія ўлады, то самі гэтыя ўлады абвінавацілі тых, хто дапамагаў беларусам уцякаць ад палітычных рэпрэсіяў, у адкрыванні міграцыйнай «скрыні Пандоры».

Яшчэ пра межы: «Жыве Беларусь» прагучала за акіянам з вуснаў прэзідэнта Украіны. На выступе ў Стэнфардскім універсітэце Уладзіміра Зяленскага спыталі пра Беларусь. Ён параіў беларусам не ісці ўкраінскім шляхам, але атрымаць украінскі вынік.

Тым жа часам Украіна працягнула супрацу з беларускімі сілавікамі, выдала 16 грамадзянаў Беларусі з пачатку года.

Hавiны
«На дурніцу нічога не дадуць». Абмяркоўваем, як Крэмль прымушае Лукашэнку да «братняй інтэграцыі»
2021.09.03 13:16

У Беларусі ж працягваецца эканамічны крызіс. Лукашэнка паабяцаў абрэзаць заробкі спартоўцам. З пачатку года звольнілі на 50 тысяч больш, чым нанялі. Цэны на мяса выраслі яшчэ да таго, як гэта дазволіў Савет міністраў.

На што ў беларусаў не бракуе грошай, дык на салідарнасць. У прыватнасці, на адбудову Будслаўскага касцёлу пасля пажару сабралі ўжо мільён рублёў ахвяраванняў. Але на кансервацыю касцёлу бракуе яшчэ 400 тысячаў.

Hавiны
Сышоў у адстаўку гарадзенскі пракурор, які крытыкаваў грамадзянаў за спасылку на Канстытуцыю
2021.09.03 15:20

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў