NATO і еўрапейскія міністры звінавацілі беларускія ўлады ў выкарыстанні мігрантаў як зброі


Тэма нелегальнай міграцыі праз Беларусь гучала як на сустрэчы еўрапейскіх міністраў замежных справаў, так і ў заяве генеральнага сакратара NATO пра расейска-беларускія вучэнні «Захад-2021».

Польскія памежнікі і затрыманыя мігранты.
Фота: Podlaski OSG / Strazgraniczna.pl

Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў Еўразвязу сустрэліся ў сталіцы Славеніі – краіны, якая цяпер старшынствуе ў Радзе Еўразвязу. Па выніках сустрэчы Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў справах замежнай палітыкі Жузэп Бурэль расказаў, што шмат часу заняла тэма Афганістана, але заявіў, што па-за праграмай перамоваў абмеркавалі і пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі.

Міністры, кажа Бурэль, выказалі шкадаванне аб тым, што «рэжым Лукашэнкі цынічна выкарыстоўваў гэтым летам мігрантаў і ўцекачоў для штучнага ціску на нашыя ўсходнія мяжы». Бурэль згадаў, як у час міграцыйнага крызісу ў Іспаніі даводзілася казаць, што мяжа Іспаніі з Марока гэта мяжа Еўразвязу, і заявіў, што цяпер час казаць: межы Латвіі, Літвы і Польшчы гэта таксама межы Еўропы. Таму Еўразвяз гатовы прыняць усе захады для падтрымкі Польшчы, Літвы і Латвіі, калі сітуацыя працягне пагаршацца.

Аб’ектыў
Гібрыдная агрэсія і мігранты як зброя
2021.09.02 23:12

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг расказаў агенцтву «Reuters» пра стаўленне альянсу да расейска-беларускіх вайсковых вучэнняў «Захад-2021», што маюць пачацца 10 верасня.

Стольтэнбэрг сказаў, што заклікаў Расею быць адкрытай адносна вучэнняў і колькасці іх удзельнікаў, бо трывога ў сувязі з вучэннямі расце ў Польшчы, Украіне і краінах Балтыі. Расея, сказаў ён, мусіць паводзіць сябе прадказальна і празрыста, бо вучэнні могуць прывесці да праліку ці інцыдэнту, які распачне крызіс.

Hавiны
Беларуска-польская мяжа: новыя абмежаванні ў Польшчы і некаторыя «палёгкі» ў Беларусі
2021.09.03 18:42

Лідар NATO адзначыў, што раней колькасць вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў вучэнняў, у пяць разоў перавышала заяўленую, а Расея ніколі не была адкрытай адносна інспекцыі вучэнняў.

Ён таксама заўважыў, што напружанне на межах краінаў NATO і Беларусі ёсць праз тое, што афіцыйны Менск выкарыстоўвае мігрантаў як зброю. Праз гэта NATO вырашыла на наступным тыдні выслаць экспертаў у Літву, каб дапамагчы процістаяць гібрыднай актыўнасці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Днём раней прадстаўнікі Латвіі, Літвы і Польшчы чарговы раз выказалі занепакоенасць адносна расейска-беларускіх вучэнняў і напружання на мяжы ў сувязі з міграцыйным крызісам, якім, упэўненыя яны, Лукашэнка шантажуе Еўразвяз.

Hавiны
Затрымалі групу, якая нібыта дапамагала беларусам уцякаць у Літву
2021.09.03 18:17

Тым часам беларускія ўлады адрынаюць гэтыя абвінавачванні. 2 верасня на беларускай тэлевізіі паказалі сюжэт, у якім абвінавацілі тых, хто дапамагаў беларусам уцякаць ад палітычных рэпрэсіяў, у «адкрыванні скрыні Пандоры» ў нелегальнай міграцыі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў