Менскіх міліцыянтаў паставілі на сэгўэі


Кіраўніцтва менскай міліцыі разглядае магчымасць выкарыстоўваць сэгўэі ў патруляванні сталіцы. 3 верасня нарад міліцыі патруляваў на сэгўэях парк Чалюскінцаў.

Міліцыянты на сэгўэях. Менск, Беларусь. 3 верасня 2021 года.
Фота: police_minsk / Telegram

Словам «сэгўэй» цяпер называюць любы электрычны транспартавы сродак на двух сувосевых колах па баках ад кіроўцы, якія кантралююцца гіраскопам. Назва пайшла ад амерыканскай кампаніі «Segway», якая першаю стварыла гэткі транспарт. У шэрагу краінаў сэгўэі сапраўды ўжывае паліцыя.

Тое, на чым ездзіла менская міліцыя, падобная да мадэлі «Segway x2 SE». Набыць такі ў Менску можна за Br 20 тысячаў. Гэтая мадэль можа разганяцца да 20 км/г.

Міліцыянты на сэгўэях. Менск, Беларусь. 3 верасня 2021 года.
Фота: police_minsk / Telegram

28 жніўня на сэгўэі той жа мадэлі катаўся Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка на сэгўэі. 28 жніўня 2021 года.
Фота: pul_1 / Telegram

Два месяцы таму байцы СОБРу хваліліся новаю зброяй супраць пратэстоўцаў: шчытамі з электрашокерамі, палкамі-электрашокерамі і кляшчамі-электрашокерамі, «гукавымі» шчытамі для аглушэння. Колькі можа каштаваць такая зброя і хто яе вырабляе, не паведамілі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў