Беларуска-польская мяжа: новыя абмежаванні ў Польшчы і некаторыя «палёгкі» ў Беларусі


Беларускія чыноўнікі аслабілі «кавідныя абмежаванні» на мяжы. Цяпер выязджаць з Беларусі праз наземныя пункты пропуску можна раз на тры месяцы тым, хто працуе за мяжой, мае від на жыхарства, ці замежнікам, якія маюць від на жыхарства ў Беларусі. Тым часам Польшча таксама ўвяла абмежаванні ў памежных з Беларуссю рэгіёнах.

Міжнародны пункт пропуску Берасце («Варшаўскі мост»).
Фота: Мілана Харытонава / «Белсат»

У 115 населеных пунктах Падляскага ваяводства і 68 – у Люблінскага прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўвёў надзвычайнае становішча. Абмежаванні кіраўніцтва Польшчы ўвяло ў гмінах і паветах, якія знаходзяцца каля мяжы з Беларуссю і абумоўленыя міграцыйным крызісам.

«Створаная зона, у якую цяпер проста не пускаюць. Мы ўначы праехалі праз мяжу і польскія памежнікі нас папярэдзілі, каб мы не заязджалі ў Тэрэспаль, а ехалі па шашы ў пункт прызначэння. Нас папярэджвалі, што можа быць за парушэнне патрабаванняў вялікі штраф. Можа гэтыя словы абумоўленыя таксама і тым, што мы ехалі ноччу. Днём нашым знаёмым такіх папярэджанняў не агучвалі», – распавялі «Белсату» берасцейцы, якія перакрочвалі мяжу ў пункце пропуску «Варшаўскі мост».

Hавiны
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выдаў распараджэнне аб надзвычайным становішчы на мяжы з Беларуссю
2021.09.02 18:12

І сапраўды, паводле пастановы прэзідэнта Польшча аб надзвычайным становішчы, у прымежнай зоне забараняецца знаходзіцца ў пэўных месцах, аб’ектах і зонах у акрэслены час. Таксама абмежаванні датычацца правядзення сходаў, масавых мерапрыемстваў, а таксама культурных і забаўляльных імпрэзаў. Усе грамадзяне ад 18 гадоў абавязаныя мець у зоне надзвычайнага становішча пашпарты, а дзеці мусяць мець з сабою даведкі са школы. Нельга фатаграфаваць і здымаць відэа ў вызначаных месцах. Таксама ў сувязі з супрацьдзеяннем незаконнай міграцыі, абмяжоўваецца доступ да публічнай інфармацыі пра захады дзяржорганаў у зоне надзвычайнага становішча.

«Першапачаткова людзі ў Беларусі запанікавалі, што могуць зачыніць мяжу. Але апынулася не так страшна. Галоўнае, што мяжу не зачынілі. Так, цяпер кантроль у памежных рэгіёнах істотна ўзмацнілі. Могуць спыніць і праверыць дакументы не толькі ў кіроўцы, але і ва ўсіх пасажыраў. Прычым кантроль вядзецца не толькі з боку паліцыянтаў, але і вайскоўцаў. Іх можна цяпер часта пабачыць і яны таксама могуць спыніць і праглядзець хто ў машыне і патрабаваць дакументы», – кажуць берасцейцы, якія на працягу 2-3 верасня выязджалі ў Польшчу.

Улады дазволілі выязджаць часцей, але не ўсім

З 3 верасня Саўмін Беларусі апублікаваў пастанову, якія змякчае ўмовы перакрочвання наземнай мяжы для грамадзянаў нашай краіны пры выездзе за мяжу. Цяпер людзі змогуць выязджаць з Беларусі ў два разы часцей: адзін раз у тры месяцы, а не раз у паўгода, як раней. Але надалей не кожны можа выехаць з Беларусі, а толькі тыя асобы, якія маюць від на жыхарства ў замежнай дзяржаве, беларусы, якія працуюць, або навучаюцца за мяжой і замежнікі, якія маюць дазвол на пражыванне ў Беларусі. Але гэтыя палёгкі, які кажа Віталь, кіроўца грузавіка, існавалі і некаторы час таму.

«Нібыта зрабілі палёгку і дазволілі выязджаць раз на тры месяцы, але ведаю, што людзі і раней гэтак пераязджалі. Адзін раз на мяжы паказвалі дакументы на працу, а наступным разам, калі перакрочвалі беларускую мяжу, то паказвалі памежнікам від на жыхарства. І гэта дазваляла перакрочваць мяжу не раз на 6 месяцаў, як было раней, а часцей», – кажа Віталь.

Hавiны
Урад дазволіў часцей выязджаць з Беларусі, але не ўсім. Хто атрымаў такое права?
2021.09.03 11:40

Пры гэтым, нягледзячы на новы дазвол, памежнікі ўзмацнілі кантроль за дакументамі асобаў, якія перакрочваюць мяжу.

«Цяпер памежнікі патрабуюць толькі арыгінальныя дакументы. Ім не дастаткова, як раней, паказваць копіі. Толькі каб былі паперы і арыгінальныя пячаткі, арыгінальныя подпісы. Іначай не прапускаюць. Што да Польшчы, то там нашмат прасцей. Я зрабіў прышчэпкі ад каронавіруса, таму ў Польшчы не мушу сядзець у каранціне. Перакрочваю мяжу без асаблівых праблемаў. Таксама, што тычыцца надзвычайнага становішча, то пакуль асаблівых зменаў няма. Кантроль сапраўды павялічыўся ў памежных раёнах, але гэта не напружвае, не ўплывае асабліва на перамяшчэнне і не забірае шмат часу», – распавядае кіроўца грузавіка.

Артыкулы
Міністр абароны Латвіі: Мы мусім думаць не пра Афганістан, а перш за ўсё пра Беларусь
2021.09.02 13:03

Кіраўніцтва Беларусі абмежавала выезд з краіны праз наземныя пункты пропуску са снежня мінулага года. Афіцыйнай прычынай такіх захадаў назвалі пандэмію каронавіруса. Тым часам эксперты адзначаюць, што абмежаванні сталі своеасаблівай помстай беларусам за масавыя пратэсты летась.

У сваю чаргу міграцыйны крызіс, які разгортваецца на заходніх межах, палітыкі ЕЗ называюць гібрыднай агрэсіяй. Штодня на працягу апошніх тыдняў памежныя службы Польшчы, Літвы і Латвіі разварочваюць сотні мігрантаў, якія спрабуюць незаконна перакрочыць мяжу. Яшчэ дзясяткі асобаў затрымліваюць. У адказ на гэта Еўразвяз рыхтуе пяты пакет санкцыяў супраць уладаў Беларусі.

Аб’ектыў
Гібрыдная агрэсія і мігранты як зброя
2021.09.02 23:12

СК belsat.eu

Стужка навінаў