Беларусы Варшавы правядуць Марш годнасці і канцэрт падтрымання палка Каліноўскага


У гэтыя выходныя беларуская дыяспара ў Варшаве ладзіць адразу дзве буйныя падзеі, прымеркаваныя як да двухгоддзя Беларускай рэвалюцыі, гэтак і да вайны ва Украіне.

В центре Варшавы прошла акция «Дзяды»
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Гэтак, 6 жніўня а 17:00 на пляцы Дэфіляд (plac Defilad) пачнецца канцэрт падтрымання беларускіх добраахвотнікаў з палка Каліноўскага, якія цяпер дапамагаюць Украіне бараніць незалежнасць краіны ад расейскага ўварвання. Ініцыятарам імпрэзы стаў Цэнтр беларускай салідарнасці пры падтрыманні мабілізацыйнага цэнтру палка Каліноўскага і мэрыі Варшавы.

На канцэрце выступяць Кацярына Ваданосава, Пятро Клюеў, гурты The Superbullz, TyapinCrew, Znich і «23.34». Вядоўца – Дзмітрый Танковіч. Уваход вольны, але можна будзе зрабіць ахвяраванне беларускім добраахвотнікам.

А 7 жніўня Беларускі моладзевы хаб ладзіць Марш годнасці з нагоды другой гадавіны выбараў 2020 года.

«7 жніўня мы пройдзем маршам праз цэнтр Варшавы, каб згадаць той дзень. Дзень, калі скралі нашыя галасы. Але і дзень, калі мы паўсталі за свае правы. Дзень, калі мы абурыліся гвалту на нашых вуліцах. Калі зразумелі, што кожны можа і павінен нешта з гэтым зрабіць», – заяўляюць арганізатары.

Акцыя пачнецца а 15:00 з плошчы Канстытуцыі (plac Konstytucji).

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў