«Прапагандысцкая спецаперацыя». Навошта Расея выстаўляе байцоў палка «Азоў» людажэрамі?

2 жніўня Вярхоўны Суд Расеі прызнаў украінскі полк «Азоў» «тэрарыстычнай арганізацыяй» і забараніў яго дзейнасць на тэрыторыі краіны. Цяпер «Азоў» у Расеі – у адным шэрагу з «Аль-Каідай» і «Талібанам». Адзін са сведкаў казаў на судзе, што азоўцы практыкуюць канібалізм. Навошта гэта робіцца? «Белсат» паразмаўляў з украінскім палітолагам Уладзімірам Фэсэнкам.

Шаўроны ўкраінскага палка «Азоў». Фота: focus.ua

Што пагражае азоўцам-«тэрарыстам» у Расеі

У Расеі пакаранне для арганізатараў і ўдзельнікаў тэрарыстычнай арганізацыі прадугледжвае арт. 205.5 КК. Згодна з ім, стваральнікі і арганізатары тэрарыстычнай арганізацыі могуць быць асуджаныя да пажыццёвага тэрміну зняволення. З іх таксама могуць спагнаць штраф да 1 млн расейскіх рублёў.

Шараговых удзельнікаў арганізацыі, якая трапіла ў тэрарыстычны спіс ФСБ РФ, могуць зняволіць на тэрміны ад 10 да 20 гадоў (са штрафам да 500 тыс. расейскіх рублёў). Любое пазітыўнае выказванне пра «Азоў» у Расеі, у тым ліку ў інтэрнэце, прыраўноўваецца да «апраўдання тэрарызму» – арт. 205.2 КК РФ (пакаранне – ад 2 да 5 гадоў зняволення).

Сімволіка «Азову» была прызнаная «экстрэмісцкай» у Расеі яшчэ раней. Выява шаўронаў палка была занесеная ў расейскі рэестр экстрэмісцкіх матэрыялаў у 2015 годзе.

На судзе: «У «Азове» практыкавалася людаедства»

Пазоў у Вярхоўны Суд РФ аб прызнанні «Азову» тэрарыстычнай арганізацыяй падавала расейская Генеральная пракуратура. Суд праходзіў у закрытым рэжыме і цягнуўся два з паловай месяцы. 1 жніўня пракрамлёўскія СМІ цытавалі выступы на судзе двух сведкаў. Адзін з іх, старшыня Грамадскай назіральнай камісіі Масквы Георгій Волкаў, сцвярджаў, што палонны жаўнер «Азову» на допыце прызнаўся аб выпадках людажэрства ў палку.

«У «Азове» практыкавалася людажэрства. Гэта расказаў у паказаннях адзін з палонных баевікоў», – заявіў на судзе Волкаў.

Журналістка Марына Ахмедава сведчыла на судзе, што на свае вочы бачыла, як «азоўскія» снайперы «расстрэльвалі мірных жыхароў пры спробе выйсці з гораду».

Нагадаем, што ў расейскім палоне з траўня могуць заставацца каля 2,5 тыс. абаронцаў «Азоўсталі»,

Эксперт: Рэанімуецца расісцкі міф пра «Азоў»

Украінскі палітолаг, адзін з кіраўнікоў Цэнтру палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімір Фэсэнка лічыць, што рашэнне Вярхоўнага Суда РФ нясе збольшага чыста прапагандысцкую нагрузку – каб «рэанімаваць расісцкі міф пра «Азоў». І гэтая гульня, паводле яго, вядзецца ў шырокім маштабе – не толькі для расейскай аўдыторыі.

Уладзімір Фэсэнка. Фота: Владимир Фесенко / Facebook

«Навошта гэта патрэбна? У Расеі добра ведаюць, што цяпер на Захадзе праводзіцца актыўная кампанія аб прызнанні Расеі краінай – спонсарам тэрарызму. Ужо былі выступы ў Сенаце, ёсць наконт гэтага законапраект у Кангрэсе ЗША. І Расея, разумеючы, што ў свеце фармуецца яе імідж як тэрарыстычнай дзяржавы, намагаецца супрацьпаставіць гэтаму сваю прапагандысцкую контркампанію. Для гэтага і патрэбныя былі пэўныя юрыдычныя рашэнні», – мяркуе Уладзімір Фэсэнка.

Эксперт тлумачыць, што РФ пачынаючы з 2014 года распаўсюджвала на Захадзе інфармацыю пра «Азоў» як «радыкальную расісцкую арганізацыю». («Не нацысцкую нават, а акурат – расісцкую»). Негатыўны вобраз быў створаны. Але з пачатку вайны «людажэрскі» імідж «Азову» быў зруйнаваны, бо байцоў падраздзялення пачалі ўспрымаць як герояў – абаронцаў «Азоўсталі». І цяпер Расеі вельмі хочацца нейтралізаваць гэты гераізм і рэанімаваць «расісцкі міф пра «Азоў». Таму – і звінавацілі ў тэрарызме. Бо гэта адзінае, чым можна напужаць Захад.

«Расейцы звыклыя да такіх прапагандысцкіх спецаперацыяў. Таму я так і ўспрымаю рашэнне суда: гэта прапагандысцкая спецаперацыя супраць «Азову». Але за гэтым таксама стаіць спроба прывязаць да тэмы тэрарызму і ўсю Украіну», – лічыць палітолаг.

Ці паўплывае рашэнне суда на абмен ваеннапалоннымі

Уладзімір Фэсэнка таксама не выключае, што за прызнаннем «Азову» тэрарыстычнай арганізацыяй стаіць і спроба адцягнуць увагу Захаду ад «злачынства ў Аленаўцы», дзе ў расейскай калоніі загінуў падчас выбуху 51 украінскі ваеннапалонны, сярод іх былі і жаўнеры «Азову».

Сваякі абаронцаў «Азоўсталі» праводзяць мітынг з патрабаваннем прызнаць Расею дзяржавай-тэрарыстам пасля забойства ўкраінскіх ваеннапалонных у турме ў Аленаўцы пад Данецкам. Кіеў, Украіна. 30 ліпеня 2022 года. Фота: Валянцін Агірэнка / Reuters / Forum

Эксперт не бярэцца ацаніць, якім чынам рашэнне Вярхоўнага Суда РФ можа паўплываць на дамоўленасць аб абмене ваеннапалоннымі паміж Расеяй і Украінай. Фэсэнка кажа, што гэтыя дамоўленасці «нефармальныя і неафіцыйныя» і што абмен адбываецца часткова – асобнымі людзьмі і групамі, а ў кожным канкрэтным выпадку ідзе свой гандаль: каго на каго мяняць і колькі чалавек.

«Паназіраем, практыка пакажа, як гэта паўплывае на сітуацыю з абменам. Я не выключаю, што расейцы правядуць паказальны суд над часткай «азоўцаў» – і ў прапагандысцкіх мэтах, і для ўплыву на Украіну, каб кагосьці засудзіць за «тэрарызм» і «ваенныя злачынствы». Такі варыянт можа быць.

Але і гэта не азначае, што пасля прысудаў не будзе абмену. Бо былі прэцэдэнты. Як прыклад – вызваленне з турмы і вяртанне ва Украіну кінарэжысёра Алега Сянцова. Але як будзе цяпер – пытанне пакуль адкрытае», – падсумоўвае палітолаг Уладзімір Фэсэнка.

  • Полк «Азоў» быў створаны добраахвотнікамі ў 2014 годзе і размяшчаўся ў Марыупалі. З лістапада 2014 года ўваходзіць у склад Нацыянальнай гвардыі Украіны.
  • У 2022 годзе жаўнеры «Азову» ўдзельнічалі ў легендарнай абароне заводу «Азоўсталь» у Марыупалі (абарона працягвалася 82 дні). У траўні 2022 года каля 2,5 тыс. абаронцаў пакінулі «Азоўсталь» і трапілі ў рукі расейцаў.
  • Частка ваеннапалонных з «Азоўсталі», сярод якіх – вайскоўцы палка «Азоў», застаецца ў калоніі ў Аленаўцы Данецкай вобласці (тэрыторыя «ДНР»). 30 ліпеня ў адным з будынкаў, дзе былі ўкраінскія ваеннапалонныя, адбыўся выбух, у выніку якога загінуў 51 зняволены, сярод іх – вайскоўцы «Азову». Прадстаўнікі палка назвалі трагедыю ў Аленаўцы «актам публічнай кары», які ўчыніла Расея.

2 жніўня Вярхоўны Суд Расеі прызнаў полк «Азоў» «тэрарыстычнай арганізацыяй».

Сандра Кратэвіч: «Я гатовая абмяняцца. Сесці замест брата, а брата вярнуць дадому»

Зміцер Міраш belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны