Ірына Слаўнікава. 5 гадоў зняволення за прафесійную і людскую годнасць

Любоў
Лунёва
Журналістка «Белсату»

5 гадоў пазбаўлення волі. Такі прысуд агучылі ў Гомельскім абласным судзе Ірыне Слаўнікавай. Журналістка заплаціла высокі кошт за тое, што не здрадзіла прафесіі. Меркаванне карэспандэнткі «Белсату» Любові Лунёвай.

Пікет з патрабаваннем вызвалення журналісткі і намесніцы старшыні БАЖ Ірыны Слаўнікавай, а таксама журналістаў «Белсату» каля прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі. Варшава, Польшча. 2 жніўня 2022 года. Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

Каб асудзіць журналістку на такі тэрмін, спатрэбілася дзевяць месяцаў трымаць яе за кратамі. Іру абвінавацілі паводле двух артыкулаў, хоць пры жаданні маглі і б паводле трох, чатырох… Што гэта зменіць для яе ў той сітуацыі, у якой застаецца цяперашняе дзяржаўнае «правасуддзе»?

У чым толькі ні вінавацяць журналістаў! Дастаткова напісаць хаця б пра адну акцыю, зняць фота ці відэа, выйсці ў эфір з месца падзеяў, быць працаўніком хоць якога-небудзь недзяржаўнага СМІ або проста быць журналістам і жыць у Беларусі ў гэты цікавы і пераломны час. Менавіта апошняе і стала сапраўднай прычынаю зняволення Ірыны Слаўнікавай. Ну якая, у прынцыпе, розніца, які артыкул напішуць? Нумар артыкулу цікавіць сваякоў, калегаў і сяброў толькі з гледзішча тэрміну зняволення.

Гэта могуць быць як «папулярныя» народныя артыкулы 342 або 293, так і самыя розныя абвінавачанні, ад абразы прадстаўніка ўлады да здрады радзіме. Гэта ўжо на густ той ці іншай установы, што «вядзе» следства.

Доказная база «злачынства» журналіста даўно не мае значэння. Таму ўвогуле не зразумела, навошта суды абвяшчаць закрытымі? Няўжо не хочуць лішнім разам ганьбіцца публічна? За замкнёнымі дзвярыма абвінавачваны разам з адвакатам могуць прыводзіць самыя розныя аргументы і факты – нікога яны не цікавяць і ні на што не ўплываюць. Галоўнае, каб ніхто не даведаўся, наколькі «аб’ектыўна» адбываўся той суд. Відаць, дзеля гэтага з адваката і бяруць падпіску аб нераскрыцці матэрыялаў справы. Паспрабуй апублічыць – пазбавішся ліцэнзіі.

Нашую калегу абвінавацілі ў тым, што яна 30 жніўня 2020 года ўдзельнічала ў мірнай дэманстрацыі. Гэта народны артыкул КК – 342. Ніхто даўно нават і не ўздымае пытання, чаму ўдзел у несанкцыянаванай уладамі акцыі выдаецца за правапарушэнне.

Журналістка Ірына Слаўнікава. Фота: Белсат

Нават не будзем спасылацца на Канстытуцыю, якая нам усім гарантуе права на выказванне сваіх поглядаў у самых розных мірных формах. Аднаго артыкулу, відаць, падалося замала, таму следчыя дадалі яшчэ адзін – артыкул 361 КК. Напісалі, што Іра «аб’яднала групу грамадзянаў, якія пад ейным кіраваннем і кантролем стваралі і размяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы на шматлікіх польскіх медыярэсурсах», «фармавала склад супольнасці, размяркоўвала ролі, карэктавала парадак навінаў, матэрыяльна забяспечвала і фінансавала дзейнасць злачыннай групы». Вось такая супермоцная жанчына! Стварыла злачынную групу і кантралявала, каб гэтыя яе чальцы пісалі экстрэмісцкія матэрыялы. Ды каб яны яшчэ з’яўляліся не дзе-небудзь, а на польскіх медыярэсурсах.

Палякі таксама злачынцы, калі яны пагадзіліся размяшчаць у сябе экстрэмісцкія матэрыялы? І ў чым там экстрэмізм? І ці мае гэта нешта агульнае з рэчаіснасцю? А дзе заявы МЗС, каб, калі не прыцягнуць вінаватых замежнікаў да адказнасці – дык хаця б ноту якую «пра заклапочанасць» уручыць? Працавала некалі на «экстрэмісцкі» «Белсат»? А калі б не на «Белсат»? Ці ёсць на сённяшні дзень незалежныя медыі ў краіне, якія б не былі прызнаныя экстрэмісцкімі?

Ірына Слаўнікава афіцыйна працавала на польскім тэлеканале TVP. Яна атрымлівала заробак і плаціла падаткі. Прычым, у Беларусі. Яшчэ яна грамадзянка Беларусі – і, у прынцыпе, гэтага дастаткова, каб накіраваць яе на турэмныя нары. На тое яны і рэпрэсіі, каб кожны грамадзянін хоць аднойчы пабыў за кратамі. А тут яшчэ і журналістка. У свой час на гэтым трымалася бальшавіцкая рэпрэсіўная машына, але ўлады не заўважаюць ці не хочуць заўважаць, што рухавік ужо ржавы, а арыгінальных запчастак больш няма. Вось яны і спрабуюць замяніць іх сурагатамі айчыннай вытворчасці накшталт азаронкаў і тураў, ну і расейскімі не грэбуюць кшталту скабеевых, салаўёвых і кісялёвых.

Але ў падробак тэрмін значна меншы. Машына будзе буксаваць, колькі б алівы не падлівалі і колькі б сурагатаў ні ўтыкалі. Праўда – гэта тое, з чым сістэма ніяк не можа зладзіць. Таму ў гэтай гібрыднай вайне самыя небяспечныя – журналісты.

Іра стала яшчэ адной журналісткай, якой давялося заплаціць высокі кошт за тое, што яна не здрадзіла прафесіі. Прафесійная і людская годнасць цяпер дорага каштуе беларускім журналістам. Плаціць даводзіцца хвілінамі, гадзінамі, днямі, месяцамі, гадамі свайго жыцця. Хочаш жыць на сваёй зямлі, дзе жывуць твае бацькі, суседзі, сябры, – мусіш быць гатовы да таго, што кожны момант цябе могуць схапіць і кінуць за краты.

Ірына Слаўнікава і ейны муж Аляксандр Лойка. Фота: Аляксандр Лойка / Facebook

Іру затрымалі 30 кастрычніка ў аэрапорце, калі яна з мужам вярталася з адпачынку. Ёй далі магчымасць вылецець з пуцёўкаю ў Егіпет. Здавалася, што ўсё абышлося, бо мы памятаем выпадкі, калі людзей хапалі каля стойкі рэгістрацыі на рэйс. Ужо там на Чырвоным моры можна было на пэўны час забыцца пра пекла, што пануе ўдома. Аксамітны сезон, сонца напрыканцы кастрычніка, цёплае мора. Можна расслабіцца…

Схапіць людзей, калі ў валізках яшчэ мокрыя купальнікі, а родныя патэлефанавалі, што ўжо чакаюць каля аэрапорту, каб везазці дадому? Подленькая помста…

Можна сабе ўявіць тых «сілавікоў», якія чакалі, калі прызямліцца самалёт. Злараднічалі? Багаж забраць не далі. На вачах пасажыраў начапілі кайданкі і павялі, нібыта небяспечных крымінальнікаў.

Потым Іру трымалі 30 содняў на Акрэсціна, а ейнага мужа – 45. Што там робіцца, мы ведаем ужо не з чутак. Гэтым разам і без таго жудасна доўгі спіс палітвязняў папоўніла Ірына Слаўнікава.

Ейныя калегі перадалі петыцыю ў Еўракамісію, каб міжнародныя структуры паспрыялі вызваленню журналісткі. Спадзяёмся, што Іра выйдзе на волю значна раней за прызначаны тэрмін.

Любоў Лунёва belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў