«Іх мэты разбіваюцца аб ЗСУ». Украінскі генерал распавёў пра планы і задачы Расеі


На пачатку поўнамаштабнай вайны ў лютым вайсковы патэнцыял расейскай групоўкі перавышаў украінскі ўтрая. Але ў выніку правалу аперацыі на поўначы Украіны РФ страціла каля траціны гэтага патэнцыялу, заявіў у эфіры «Студыі «Белсат» генерал-лейтэнант ЗСУ ў адстаўцы Ігар Раманенка.

Паводле яго, на сёння расейская групоўка складае каля 115 батальённа-тактычных групаў. Найбольш жорсткія баі ідуць вакол гарадоў Славянск, Краматорск і Бахмут у Данецкай вобласці, але наступаць адначасова ў трох кірунках яны не могуць, заявіў генерал.

«Наступаць, як гэта раней было, шырокай паласой, – магчымасці няма. Акрамя таго, частку сілаў з гэтага кірунку, хоць ён раней вызначаўся як галоўны, яны перакідваюць у раён Запарожжа, бо перад гэтым сілы з Запарожжа перакінулі на яшчэ больш паўднёвы херсонскі кірунак, на якім павольна, але нашыя войскі вызвалілі за апошнія дні сем населеных пунктаў», – падкрэсліў ён.

Мэтамі расейскіх войскаў Ігар Раманенка лічыць акупацыю ўсёй Данецкай вобласці, а таксама стварэнне сухапутнага маршруту да Прыднястроўя з захопам Адэсы і Мікалаева.

«Але да гэтага далёка. Гэта іхныя мэты, якія разбіваюцца аб нашыя Збройныя сілы», – адзначыў генерал-лейтэнант ЗСУ ў адстаўцы.

Цяпер, паводле яго, Расея павялічвае ўдарную сілы на правым беразе Дняпра ў Херсоне, ствараючы там ударную групоўку. ЗСУ ж пакуль не гатовыя да контрнаступу і праводзяць падрыхтоўку.

«Нам неабходна будзе спачатку ў абарончых баях знішчыць як мага больш жывой сілы і тэхнікі праціўніка, і потым ад абароны перайсці ў контрнаступ на гэтым кірунку», – мяркуе Ігар Раманенка.

Расея ж, на ягоную думку, плануе захапіць як мага большыя тэрыторыі, каб пазней уключыць іх у свой склад і абараняць ужо як уласную тэрыторыю, у тым ліку з магчымасцю выкарыстання ядравай зброі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў