Беларуску не прынялі ў чэшскі ўніверсітэт. «Не хачу жыць у краіне, дзе мяне ненавідзяць»


Беларускія студэнты сутыкнуліся са складанасцямі пры паступленні ў ВНУ Чэхіі – для іх недасяжныя «крытычныя спецыяльнасці», і яны мусяць даказаць, што не падтрымліваюць рэжым. «Белсат» высвятляў, як можна развязаць праблему, калі няма жадання змяніць краіну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Charles University / Facebook

«Я здалася… Было мала веры, што нешта можна памяняць»

Алекса правучылася два гады ў БНТУ, адлічылася з універсітэту, адвучылася год на падрыхтоўчых курсах у Чэхіі, пачала здаваць іспыты, але не прыйшла на апошні з іх, бо рэктар вырашыў не прымаць студэнтаў з Беларусі.

«Я падавала дакументы ў Тэхнічны ўніверсітэт Прагі, і мне прыйшоў ліст, што не прымаюць студэнтаў з Расеі і Беларусі. Я не пайшла на апошні іспыт, адразу здалася. Я ведаю, што цяпер сітуацыя памянялася праз прыезд Святланы Ціханоўскай, што яна змагла дамовіцца пра ўмовы, пры якіх усё ж можна будзе трапіць на навучанне», – распавяла дзяўчына.

Сяброўка Алексы падавалася ў сельскагаспадарчы ўніверсітэт, і там сітуацыя была яшчэ больш складаная. Вусны іспыт ва ўніверсітэт яна здала на 100 балаў са 100 магчымых, але яе ўсё адно не залічылі з-за беларускага грамадзянства.

Дзяўчыны не звярталіся па падтрыманне ў чэшскую дыяспару беларусаў.

«Было мала веры, што можна нешта памяняць, – прызнаецца Алекса. – Таму сяброўка падала дакументы ў іншы ўніверсітэт у Чэхіі, і там ужо ўсё нармальна. Не ўсе ўніверсітэты адмаўляюць беларусам. Хоць яшчэ да вайны былі такія настроі. Мне нават мая настаўніца чэшскай мовы, сама чэшка, казала, што чэхі даволі негатыўна настроеныя ў дачыненні і ўкраінцаў, і расейцаў, і беларусаў. Маўляў, праз гісторыю акупацыі. Я пачала смяяцца. Калі гэта было, і якое мы маем дачыненне да гэтага?»

Дзяўчына прызналася, што не плануе паступаць у чэшскія ўніверэсітэты, бо абярэ іншую краіну для навучання:

«Рэч нават не ў тым, каб кудысьці паступіць, а што такое стаўленне. Я не хачу жыць у такой краіне, дзе мяне ненавідзяць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Візіт Святланы Ціханоўскай у Карлаў універсітэт у чэрвені 2022 года.
Фота: Charles University / Facebook

Цяпер нельга сказаць, колькі ўсяго беларускіх студэнтаў навучаецца ў Чэхіі. Ёсць звесткі, што да 2020 года ў краіне было каля 750 студэнтаў з беларускім грамадзянствам.

Кожны чэшскі ўніверсітэт мае пэўную аўтаномію

Крысціна Шыянок, прадстаўніца беларускай нацыянальнай меншасці пры Магістраце Прагі, распавяла «Белсату», што сёння адзінай стратэгіі для працы з беларускім студэнцтвам у Чэхіі няма:

«Кожны ўніверсітэт мае пэўную аўтаномію вызначаць, якім чынам ён будзе працаваць з метадычнымі рэкамендацыямі ад Фінансавага аналітычнага ведамства (ФАВ) у сувязі з санкцыямі на аказанне тэхнічнай дапамогі Беларусі».

Ідзе асобная дыскусія, якія спецыяльнасці варта лічыць крытычнымі, ёсць некалькі падыходаў. Некаторыя ўніверсітэты палічылі крытычнымі спецыяльнасці і бакалаўрыяту, хаця ў рэкамендацыях гаворка ідзе пра магістратуру і дактарантуру, бо веды, якія чалавек атрымлівае на бакалаўрыяце, – яны пераважна публічна дасяжныя, і там няма рэчаў, на якія могуць распаўсюджвацца санкцыі. Тым не менш, у пытанні практычнай рэалізацыі сітуацыя адрозніваецца ў кожнай навучальнай установе.

«Да таго ж агульная карціна яшчэ будзе, на маю думку, мяняцца, бо Фінансавае аналітычнае ведамства цягам наступных месяцаў павінна атрымаць справаздачы ад універсітэтаў, на якія будзе нейкі фідбэк, і напэўна, увосень мы яшчэ пабачым нейкія карэктывы ў падыходах», – адзначыла актывістка.

Можна заручыцца рэкамендацыяй

Паводле яе, рэкамендацыйныя лісты ад дыяспары ў супрацы з Офісам Ціханоўскай ужо прымае Чэшскі тэхнічны ўніверсітэт у Празе. Ёсць таксама папярэдняя дамоўленасць з Хімічна-тэхналагічным універсітэтам на выпадак, калі там узнікнуць праблемы, і з Тэхнічным універсітэтам у Брне.

«У Тэхнічным універсітэце ў Празе студэнты не абавязаныя, аднак могуць самі напісаць матывацыйныя лісты. Але нашая ідэя палягала ў тым, што для тых, хто пацярпеў, быў рэпрэсаваны, ці сваімі дзеяннямі ў межах дыяспары даўно даказаў, што не падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, – такія людзі не павінныя яшчэ раз апраўдвацца і штосьці даказваць. Таму мы прапанавалі, што возьмем гэты цяжар на сябе. Плюс для ўніверсітэту гэта моцная гарантыя, нават калі гаворка ідзе пра крытычную спецыяльнасць і магістратуру. Бо кожнае выключэнне ўніверсітэт мае ўзгадняць з ФАВ», – патлумачыла Крысціна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Charles University / Facebook

Суразмоўца адзначыла, што дыяспара дапамагае ўсім беларускім студэнтам, не залежна ад таго, адлічылі чалавека ў Беларусі з палітычных прычынаў ці не:

«Мы не выдаем рэкамендацыйных лістоў усім аўтаматычна. Калі мы чалавека ніколі не бачылі, нічога пра яго раней не чулі, то абавязкова верыфікуем праз дэмакратычныя структуры. Напрыклад, калі чалавек кажа, што быў актыўны ў 2020 годзе і яго за гэта затрымлівалі, ці меў камунікацыю з валанцёрамі «Вясны», – хутчэй за ўсё, ён будзе ў спісах «Вясны». Калі чалавек атрымліваў дапамогу ад ByHelp ці BYSOL, то хутчэй за ўсё, ён будзе ў іх спісах. Калі пераследу не было – тады складаней, але ў такіх сітуацыях мы супрацоўнічаем з BYPOL. Верыфікацыя можа быць і не станоўчая, у тым ліку ў сувязі з працаю альбо пэўнымі дзеяннямі бацькоў, тады мы абавязкова сустракаемся са студэнтам асабіста. Бо дзеці не павінныя несці адказнасці за сваіх бацькоў».

Шмат залежыць ад спецыяльнасці

Па падтрыманне да дыяспары звяртаюцца дзясяткі студэнтаў. Крысціна кажа, што не ўсе просяць рэкамендацыйныя лісты, бо часам аддаюць перавагу іншым рашэнням:

«Хтосьці вырашае сысці з крытычнай спецыяльнасці і пайсці на сумежную. Хтосьці пайшоў шляхам напісання ўласнага матывацыйнага ліста. Шмат залежыць менавіта ад спецыяльнасці. Калі мы гаворым пра хімію – там мажлівыя варыянты. Калі пра ядравую фізіку – яна адназначна аднесеная да крытычнай галіны, таму, на жаль, магчымасці лавіраваць няма. Звяртаюцца перадусім студэнты з найбольш крытычных спецыяльнасцяў, бо перажываюць, што іхнага ўласнага ліста будзе не дастаткова».

Пакуль што выпадкаў, калі рэкамендацыйнага ліста ад прадстаўніц нацыянальнай меншасці не хапала для абароны студэнта, не было. Але гэтым летам працэсы яшчэ ідуць, і рана казаць пра ўсе выпадкі.

«У Тэхнічным універсітэце дэдлайн на падачу дадатковых дакументаў – 19 жніўня. У кожным універсітэце свае тэрміны. Некаторыя ўніверсітэты ўвогуле адмовіліся ад варыянту з лістамі, бо калі студэнт піша пералік таго, што ён рабіў супраць рэжыму, то такім чынам сам сябе ставіць пад пагрозу ў выпадку, калі копія ліста трапіць не ў тыя рукі. Гэта сведчыць, што ў прынцыпе разуменне беларускай сітуацыі на ўзроўні рэктаратаў вельмі добрае», – патлумачыла нашая суразмоўца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Charles University / Facebook

Так, у Тэхнічным універсітэце ў Брне рэктарат прыкладае ўсе намаганні, каб іх спецыяльнасці ўвогуле не трапілі ў спіс крытычных і не давялося нікога адлічаць ці пераводзіць на іншыя спецыяльнасці.

«Мы з імі папярэдне дамовіліся, што ў іншай сітуацыі можна будзе ў якасці альтэрнатывы рабіць рэкамендацыі», – распавядае Крысціна.

Нават калі рэктар універсітэту вырашае не набіраць новых студэнтаў на крытычныя спецыяльнасці, усё адно кожная справа разглядаецца асобна, і ў студэнта шмат шанцаў навучацца менавіта тым прадметам, да якіх ён ці яна адчувае схільнасць.

Дыяспара гатовая дапамагаць

«Я магу сабе ўявіць, што прыязджае абітурыент з Беларусі і яму могуць спатрэбіцца дадатковыя дакументы, якія б дазволілі яго ідэнтыфікаваць як чалавека, не звязанага з рэжымам Лукашэнкі. Каб ягоныя дакументы прынялі і дазволілі здаваць уступныя іспыты», – падкрэсліла Крысціна. Яна заклікае ўсіх студэнтаў, якія сутыкнуліся са складанасцямі навучання, пісаць на belstudent@seznam.cz.

Аднак ёсць адзіны ўніверсітэт, з якім наладзіць стасункі пакуль што не ўдалося, – гэта Чэшскі сельскагаспадарчы ўніверсітэт. Там на сёння рэктар мае даволі радыкальную пазіцыю адносна студэнтаў перадусім з Расеі, але і з Беларусі. Але Крысціна спадзяецца, што ўдасца наладзіць камунікацыю і з гэтай установай, калі Фінансавае аналітычнае ведамства выдасць больш канкрэтныя рэкамендацыі.

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў