Знайшлі павешаным кіраўніка Беларускага дому ва Украіне


Раніцай 2 жніўня ён выйшаў на прабежку і знік. А зранку 3 жніўня яго знайшлі павешаным на ўскрайку Кіева.

Кіраўнік Беларускага дому ва Украіне Віталь Шышоў.
Фота: beldomua / Telegram

Пра тое, што цела зніклага Віталія Шышова знайшлі, першым паведаміў Telegram-канал «Силовой», затым гэта пацвердзілі ў кіеўскай паліцыі. Паводле каналу, яго знайшлі павешаным на дрэве ў лесапаласе на мяжы Кіева і вобласці, у ваколіцах пасёлку Чайкі. Недалёка ад яго быў ягоны мабільны тэлефон.

Паліцыя распачала крымінальную справу паводле артыкулу «Наўмыснае забойства». Аднак забойства, замаскаванае пад суіцыд, гэта толькі адна з версіяў паліцыі.

У чаце «Беларускага дому» карыстальнікі пішуць, што не вераць у самагубства. Сама арганізацыя сцвярджае: «няма сумневаў, што гэта спланаваная чэкістамі аперацыя ліквідацыі».

Дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны з міжфракцыйнага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь» заявілі, што міністр унутраных справаў мае ўзяць расследаванне смерці Шышова на асабісты кантроль, бо да смерці могуць быць датычныя беларускія спецслужбы.

Знаёмыя Віталя Шышова распавядалі «Белсату», што раней за ім сачылі невядомыя падчас прабежак. Таксама да яго і да ягонай дзяўчыны падыходзілі падазроныя людзі, спрабавалі размаўляць.

«Беларускі дом» пісаў, што тэлефон Шышова быў адключаны ад Google-акаўнту, праз які можна было б дыстанцыйна выявіць дакладнае месцазнаходжанне. Фітнес-напульсніка і разумнага гадзінніка на ім не было.

Паводле «Беларускага дому», Шышоў «стаяў у вытокаў арганізацыі». Пішуць, што ён выехаў ва Украіну восенню 2020 года пасля ўдзелу ў паслявыбарчых пратэстах у Беларусі. У «Беларускім доме» ён «браўся абсалютна за ўсе сферы дзейнасці», ад дапамогі рэлакантам да правядзення акцыяў пратэсту.

Шышоў – заснавальнік грамадскай арганізацыі пад назвай «Беларускі дом ва Украіне». Аднак журналісты радыё «Свабода» падкрэсліваюць, што першапачаткова гэтая структура была звязаная з Сяргеем Кароткім – беларусам, які ваяваў на Данбасе ў складзе дабравольніцкага батальёнау«Азоў», а затым атрымаў украінскае грамадзянства.

АА belsat.eu

Стужка навінаў