«Не шмат моладзі хоча вучыцца ў канцлагеры». У большасці беларускіх ВНУ недабор


Уступная кампанія – 2021 падыходзіць да завяршэння. Прыём дакументаў на дзённую форму навучання за кошт бюджэтных сродкаў закончыўся. «Белсат» паглядзеў, ці ўсе ўніверсітэты набралі жаданую колькасць абітурыентаў, а таксама як змяніліся прахадныя балы і попыт на спецыяльнасці.

Студэнты выходзяць з будынку Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэту. Менск, Беларусь. 26 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Вайсковая акадэмія

«Паважаныя абітурыенты, прафесійны адбор для абітурыентаў дадатковага набору будзе праводзіцца з 3 да 7 жніўня 2021 г. на базе ўстановы адукацыі «Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь», – напісана на сайце ўстановы. Таксама Вайсковая акадэмія рассылае лісты ў аддзелы адукацыі з просьбай паспрыяць у пошуку абітурыентаў.

Паводле плану ў Вайсковую акадэмію меліся набраць 484 будучыя студэнты. Набралі ж аж на сотню меней – 382. Шэсць з сямі факультэтаў акадэміі не набралі запланаванай колькасці абітурыентаў. А самы ніжні прахадны бал у 2021 годзе ўпаў да менш як 121 на наступных спецыяльнасцях:

  • «Практычная псіхалогія ў вайсковай справе ў інтарэсах УВ» (для параўнання ў мінулым годзе прахадны бал складаў 233);
  • «Тэхнічная эксплуатацыя пілатаваных лятальных апаратаў і іх сілавых усталёвак у інтарэсах ДПК» (197 балаў у мінулым годзе);
  • «Кіраванне падраздзяленнямі ўнутраных войскаў» (157 балаў у 2020 годзе).
Будынак БНТУ на праcпекте Незалежнасці. Менск, Беларусь. 25 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

БНТУ

У Нацыянальным тэхнічным універсітэце па сканчэнні асноўных дзён прыёму дакументаў таксама назіраецца недабор на 18 спецыяльнасцяў агулам на 150 месцаў.

Варта адзначыць, што на большую частку спецыяльнасцяў БНТУ і так скараціў набор у 2021 годзе. Паводле інфармацыі на дзень 29 ліпеня самы нізкі прахадны бал ва ўніверсітэце назіраецца на спецыяльнасці «Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў (вайсковая аўтамабільная тэхніка)» і складае 86 балаў супраць 221 у мінулым годзе.

Дадатковы набор у БНТУ працягнецца да 7 жніўня.

На акцыю салідарнасці 30 кастрычніка выйшлі студэнты Акадэміі мастацтваў. Фота ТК / Белсат

Акадэмія МУС

У Акадэміі МУС сітуацыя з наборам выглядае лепей: недабраў абітурыентаў толькі адзін факультэт – факультэт міліцыі – на такія спецыяльнасці, як «Правазнаўства. Адміністратыўна-прававая дзейнасць» (36 вакантных месцаў) і «Правазнаўства. Адміністратыўна-прававая дзейнасць у інтарэсах Міністэрства абароны» (1 месца).

Ці будзе дадатковы набор у Акадэмію, на сайце ўстановы адукацыі пакуль не паведамляецца.

Сёлета на факультэт міліцыі прайшоў абітурыент, які не набраў больш за 135 балаў. У мінулым жа годзе прахадны бал на тую ж спецыяльнасць быў 205. Агулам зніжэнне прахаднога балу назіраецца на большасці спецыяльнасцяў у Акадэміі.

Студэнты МДЛУ масава выйшлі на акцыю салідарнасці 30 кастрычніка. Фота ТК / Белсат

БДУ

У галоўным універсітэце краіны на старонцы «Прыём дакументаў на вакантныя месцы» пакуль яшчэ звесткі з 2020-га. Але сёлета на некаторых факультэтах прасочваецца недабор. Так, на біялагічным факультэце самымі непапулярнымі сталі біялогія (навукова-педагагічная дзейнасць) і біяэкалогія, у экалагічным інстытуце імя Сахарава недабор на прыродаахоўнай дзейнасці, энергаэфектыўных тэхналогіях і энергетычным менеджменце ды ядравай і радыяцыйнай бяспецы.

На матэматычным факультэце недабор прасочваецца на большасці спецыяльнасцяў, тая ж сітуацыя і на матфаку. А на фізічную электроніку на радыёфізічным факультэце ўвогуле падаў дакументы ўсяго адзін чалавек. Фізічны факультэт таксама не набраў жаданай колькасці будучых студэнтаў.

Самая нізкая колькасць балаў на дадзены момант назіраецца на спецыяльнасці «Хімія (радыяцыйная, хімічная і біялагічная абарона)» вайсковага факультэту і складае не больш за 140 балаў. Зрэшты, летась прахадны бал тут быў усяго 134.

Паглядзець на лічбы прыёмнай кампаніі – 2021 можна ТУТ.

Студэнты БДУ страйкуюць.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

ГДУ

У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны недабор прасочваецца на педагагічных спецыяльнасцях. У прыватнасці, прыёмная камісія ўжо абвясціла дадатковы набор на 6 бюджэтных месцаў на спецыяльнасць «Фізіка (навукова-педагагічная дзейнасць)» і 2 месцы на спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова».

Паколькі на большасці спецыяльнасцяў у ГДУ колькасць заяваў перавысіла колькасць месцаў, то зрабіць выснову пра спецыяльнасць з самым нізкім прахадным балам пакуль немагчыма. Давядзецца дачакацца афіцыйнай статыстыкі навучальнай установы.

Дарэчы, праца прыёмнай камісіі ў ГДУ Скарыны не спыняецца нават на выходныя. Універсітэт тлумачыць такія захады вялікай колькасцю абітурыентаў.

У Дзень ведаў на вуліцы Менска на марш выйшлі студэнты, якія перакрывалі дарогі, уцякалі ад АМАПу і не палохаліся затрыманняў. Гэтае шэсце ўжо празвалі адным з самых дзёрзкіх у пратэстнай гісторыі краіны. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

«Не шмат моладзі хоча вучыцца ў канцлагеры»

Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка тлумачыць сітуацыю з недаборам у ВНУ дэмаграфічнай сітуацыяй, а таксама агульнай сітуацыяй у краіне:

«Колькасць студэнтаў у Беларусі падае фактычна ўсе апошнія гады чыста з дэмаграфіі, і дзіўна, што лічбы набору да гэтага не адаптаваныя. І другі фактар звязаны з палітычным крызісам. З улікам таго, што адбываецца ў ВНУ, якая там атмасфера пасля «справы студэнтаў», якім далі да двух з паловай год турмы проста за тое, што яны выказвалі сваё меркаванне, не шмат моладзі хоча апынуцца ў такім жа становішчы і вучыцца ў такім канцлагеры, дзе за сваё меркаванне цябе адправяць за краты.

Таму расце попыт на замежную адукацыю. У мінулыя гады мы бачылі, як расце колькасць беларусаў, якія хочуць навучацца ў Польшчы. Тым больш што цяпер на хвалях цікаўнасці да Беларусі магчымасцяў з улікам сацыяльных стыпендыяў будзе яшчэ болей для беларусаў».

У Дзень ведаў сталічныя студэнты зладзілі марш пратэсту, падчас якога затрымалі 41 чалавека. Затрымання таксама адбываліся ля прахадной Менскага трактарнага заводу. Вечарам да акцыі салідарнасці далучыліся медыкі. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Сітуацыю з недаборам на вайсковыя спецыяльнасці Вадзім Мажэйка тлумачыць зніжэннем прэстыжу вайсковых прафесіяў пасля падзеяў 2020 года:

«Гледзячы на падзеі 2020 года толькі спецыфічная моладзь захоча стаць кімсьці з сілавікоў, стаць у шэрагу тых, хто б’е свой народ. Таму, адпаведна, шмат якія людзі, якія хацелі б звязаць свой лёс з вайсковай кар’ерай, хацелі б далёка не такой вайсковай кар’еры, як прапаноўваюць у Беларусі. Прэстыж сілавікоў вельмі нізкі і, адпаведна, у такія ВНУ навучэнцаў будзе ісці няшмат».

У Дзень ведаў сталічныя студэнты зладзілі марш пратэсту, падчас якога затрымалі 41 чалавека. Затрымання таксама адбываліся ля прахадной Менскага трактарнага заводу. Вечарам да акцыі салідарнасці далучыліся медыкі. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: АВ / Белсат

Недабор у беларускія ВНУ, паводле Мажэйкі, абавязкова адаб’ецца на якасці адукацыі і рыхтаванні кадраў:

«Праблема дабораў у тым, што калі яны пачынаюцца, то пачынаюць зніжаць патрабаванні да такіх студэнтаў. У выніку мы ўжо бачылі аб’явы як, напрыклад, у педагагічныя ВНУ: гатовыя прымаць людзей, якія здалі ЦТ на 10–20 балаў – то бок фактычна нічога не ведаюць. І такія людзі будуць рабіцца настаўнікамі. Даборы толькі зніжаюць якасць адукацыі, і тым больш праблемна потым працаваць з такімі студэнтамі.

Таксама калі недзе будуць недаборы і не будзе хапаць студэнтаў, то гэта будзе праблемай для ўніверсітэтаў, таму што давядзецца рабіць скарачэнні. Калі не хапае студэнтаў – значыць, не хапае нагрузкі для выкладчыкаў і не хапае грошай, якія маглі б заплаціць студэнты-платнікі. Гэта прывядзе да таго, што ва ўніверсітэтаў будзе яшчэ менш грошай, і выкладчыкаў будуць або скарачаць, або пераводзіць на меншыя стаўкі».

У Дзень ведаў сталічныя студэнты зладзілі марш пратэсту, падчас якога затрымалі 41 чалавека. Затрымання таксама адбываліся ля прахадной Менскага трактарнага заводу. Вечарам да акцыі салідарнасці далучыліся медыкі. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: АВ / Белсат

Вадзім Мажэйка перакананы, што для пераадолення крызісу ў вышэйшай адукацыі не дастаткова толькі намаганняў універсітэтаў – давядзецца спачатку разабрацца з агульным палітычным крызісам у Беларусі.

«Для таго, каб змяніць сітуацыю, трэба арыентаваць універсітэты на тое, каб яны клапаціліся пра свой імідж, каб яны думалі пра тое, як зацікавіць студэнтаў. Некаторыя праблемы наогул не вырашыць на ўзроўні ўстановаў адукацыі. Напрыклад, тыя ж недаборы студэнтаў па вайсковых спецыяльнасцях. Трэба вырашаць агулам палітычны крызіс.

Але што тычыцца ўніверсітэтаў, то гэтая праблема будзе і надалей. І сапраўды, трэба рабіць любыя рэформы ў кірунку таго, каб універсітэт быў месцам, дзе прапаноўваюць добрыя ўмовы для атрымання добрай адукацыі, а не ўмовы для кантролю над розумамі моладзі».

МД belsat.eu

Стужка навінаў