Ціханоўская выказала спачуванні блізкім загінулага кіраўніка Беларускага дому ва Украіне


Паліцыя расследуе справу. Адна з версіяў – забойства замаскавалі пад самагубства.

Кіраўнік Беларускага дому ва Украіне Віталь Шышоў.
Фота: beldomua / Telegram

Раніцай 2 жніўня кіраўнік Беларускага дому ва Украіне Віталь Шышоў выйшаў на прабежку і знік. А зранку 3 жніўня яго знайшлі павешаным на ўскрайку Кіева.

Святлана Ціханоўская выказала спачуванні блізкім Шышова:

«Беларусы не могуць быць у бяспецы нават за мяжой, пакуль ёсць тыя, хто спрабуе помсціць ім і хаваць праўду, пазбаўляючыся ад сведкаў. Віталь Шышоў дапамагаў беларусам – і яго знайшлі павешаным, як некалі Мікіту Крыўцова.

Але гэта адбылося на тэрыторыі іншай краіны. Як і захоп закладнікаў адбыўся на борце самалёта іншай краіны. Як і спроба гвалтоўна вывезці нелаяльную спартоўку ў Беларусь з тэрыторыі іншай краіны».

Ціханоўская таксама падзякавала Украіне за завядзенне крымінальнай справы і «гатовасць дагрукацца да праўды».

Абноўлена
Узгадваем тых, чые смерці звязваюць з пратэстамі 2020 года. Што сёння кажуць следчыя і сваякі?
2021.05.11 14:00

Украінская паліцыя распачала крымінальную справу паводле артыкулу «Наўмыснае забойства». Аднак забойства, замаскаванае пад суіцыд, гэта толькі адна з версіяў паліцыі.

Дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны з міжфракцыйнага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь» заявілі, што міністр унутраных справаў мае ўзяць расследаванне смерці Шышова на асабісты кантроль, бо да смерці могуць быць датычныя беларускія спецслужбы.

Украінскі палітык Паўло Клімкін, які ў 2014–19 гадах быў міністрам замежных справаў, таксама выказаў спачуванні родным і блізкім Шышова.

Клімкін заявіў, што гэта забойства, якое стане для Украіны тэстам на здатнасць знаходзіць забойцаў і замоўнікаў, а таксама на здольнасць «абараніць нас і нашых сяброў».

«Можна колькі заўгодна казаць пра дасягненні да 30-годдзя Незалежнасці, але бяспека – гэта ключавая аснова дзяржаўнасці. Я не выключаю, што забойства Віталя – гэта больш чым злачынства супраць лідара беларускай апазіцыі», – дадаў Клімкін.

АА belsat.eu

Стужка навінаў