Рэпрэсіі, войны, уцекачы. Якім чынам дыктатура знішчыла дзяржаву ў Іраку


Штодзённа ад 100 да 200 уцекачоў незаконна пераходзяць беларуска-літоўскую мяжу, асноўная іхная частка – іракцы, паведамляюць літоўскія СМІ.

Аднак масавыя ўцёкі іракцаў у іншыя краіны пачаліся даволі даўно – яшчэ ў другой палове XX стагоддзя. Зараз як мінімум 10 мільёнаў іракцаў жывуць не ў Іраку, а сам Ірак фактычна падзяліўся на тэрыторыі пад кантролем багдадскага ўраду і пад кантролем іракскіх курдаў.

Як так атрымалася, што людзі ўжо дзесяцігоддзямі бягуць з адной з самых багатых нафтай краінаў Бліжняга Усходу?

З брытанскага дазволу

Ірак (як краіна ў сучасным сэнсе) ўзнік пасля развалу Атаманскай імперыі ў канцы Першай сусветнай вайны. Тэрыторыю ўзялі пад свой кантроль брытанцы, якія праз рэферэндум заснавалі тут пад сваім кантролем каралеўства Ірак з мясцовай дынастыяй Хашымітаў. Афіцыйна каралеўства атрымала незалежнасць у 1932 годзе.

Дзяржава атрымалася стракатая – у ёй жылі розныя этнічныя групы: курды, арабы, асірыйцы. Таксама насельніцтва было разнастайным рэлігійна, бо складалася з мусульманаў-шыітаў, мусульманаў-сунітаў, хрысціянаў, езідаў.

Даведка

Першыя 20 год жыцця незалежнага Іраку нельга назваць цалкам спакойнымі – зрэшты, дзе ў Еўразіі было спакойна ў 30-40 гады? Тым не менш цэнтральная ўлада трымалася, шукаючы баланс паміж рознымі палітычнымі, этнічнымі і рэлігійнымі групамі.

Ліквідацыя манархіі і спіраль пераваротаў

Пасля заснавання Ізраілю на Бліжнім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы значна павялічыўся ўплыў пан-арабскага руху, які выступаў за аб’яднанне ўсіх арабаў супраць пагрозы з краінаў Захаду і супраць Ізраілю. Пэўным адпаведнікам гэтага руху ў нашых краях можна лічыць панславізм і прыхільнікаў зліцця беларусаў, украінцаў і расейцаў у адной дзяржаве.

Акрамя таго Ірак заставаўся ў складанай эканамічнай сітуацыі, што выклікала сацыяльныя пратэсты і прыводзіла па пашырэння левых ідэяў у грамадстве. У выніку ў 1958 годзе група вайскоўцаў, якія пераважна падзялялі пан-арабскія і часткова сацыялістычныя ідэі зрынулі манархію ў Іраку. Былі жорстка забітыя кароль, рэгент і прынц-спадкаемца пасаду.

Аднак, і новы рэжым не змог вырашыць праблемы краіны, таму ўжо ў лютым 1963 года адбыўся новы пераварот – уладу захапіла Арабская Сацыялістычная партыя Баас, потым у лістападзе ўрад Баас быў зрынуты Арабскім Сацыялістычным Саюзам Ірака (АССІ), які абвесціў сябе адзінай легальнай партыяй у краіне.

Чарговы пераварот адбыўся ў 1968 годзе – цяпер ужо партыя Баас зрынула АССІ, і абвесціла сябе адзінай легальнай партыяй. Усё гэта адбывалася на фоне першай іракска-курдскай вайны, якая пачалася яшчэ ў 1961 годзе і працягвалася да 1970-га ў выглядзе паўстанняў, партызанскіх і антыпартызанскіх аперацый. Справа ў тым, што пан-арабскія шавіністы ў Багдадзе не спынялі спробаў арабізацыі курдаў, а таксама не давалі ім аўтаноміі, пры гэтым вялікая частка нафты здабывалася менавіта ў курдскіх раёнах. У 1974-1975 гадах адбылася яшчэ адна такая ж вайна.

Іракскі Сталін

У ліпені 1979 года ўлада ў краіне афіцыйна перайшла да Садама Хусэйна – ён быў адным з лідараў партыі Баас, і ўжо некалькі год перад гэтым быў фактычным кіраўніком краіны, бо стварыў новыя ці паставіў пад свой кантроль старыя спецслужбы і мілітарызаваныя арганізацыі. Апірышчам сваім ён зрабіў другую па велічыні ў Іраку этнарэлігійную групу – арабаў-сунітаў.

1970-ыя і першая палова 1980-ых сталі эпохай высокіх коштаў на нафту – асноўны прадукт іракскага экспарту. Даходы ад нафты дазволілі рэжыму Садама ў першыя гады рэзка падвысіць узровень сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, а таксама правесці праграмы бясплатнай адукацыі, пабудаваць многія абʼекты прамысловасці і інфраструктуры, мадэрнізаваць войска і набыць шмат замежнай ваеннай тэхнікі – найперш савецкай.

Афіцэры – арганізатары антыманархічнага перавароту. Крыніца: iraq-archive.com

На гэтыя ж грошы Садам паспрабаваў распачаць сваю атамную праграму, аднак яна фактычна скончылася ў 1981 годзе, калі ізраільская авіяцыя знішчыла рэактар у 17 кіламетрах ад Багдада.

Прапаганда рэжыму стварыла культ асобы Садама – па ўсёй краіне віселі тысячы ягоных партрэтаў, стаялі статуі ў ягоны гонар, вешаліся плакаты і маляваліся фрэскі. Твар Садама быў у Іраку амаль на кожным будынку, а нацыянальны банк друкаваў банкноты з ягоным партрэтам.

Ён жорстка распраўляўся з усімі палітычнымі апанентамі – перш за ўсё з ліку шыітаў і курдаў. Агульную колькасць іракцаў, якія былі забітыя садамаўскімі сілавікамі падчас розных чыстак, ацэньваюць у 250 000 чалавек. Шырока выкарыстоўваліся катаванні.

Менавіта пры Садаме пачынаецца першая масавая хваля іракскай міграцыі – ад рэпрэсіяў у суседнія краіны людзі пачалі збягаць сотнямі тысячаў.

Войны з суседзямі

У 1980-м годзе садамаўскі Ірак напаў на суседні Іран – краіну, якую Садам лічыў сваім супернікам у рэгіёне Персідскай затокі. Яшчэ адной прычынай было тое, што ў Іране, дзе большасць насельніцтва складалі шыіты, толькі што адбылася рэвалюцыя. У Іраку шыіты, якія складалі большасць насельніцтва краіны, былі дыскрымінаваныя суніцкай меншасцю, і Садам быў занепакоены, што рэвалюцыя перакінецца і ў Ірак.

Даведка

Дарагая і безвыніковая вайна працягвалася 8 год, яе ахвярамі сталі каля 500 000 жаўнераў з абодвух бакоў, больш за 100 000 цывільных жыхароў. Садамаўскія сілы шырока ўжывалі хімічную зброю. Кожны бок абвесціў канец вайны сваёй перамогай, прапаганда Садама яшчэ абвесціла яго геніяльным вайсковым правадыром. Пры гэтым распачаліся новыя хвалі рэпрэсій супраць курдаў, шыітаў і тых, іракскіх вайскоўцаў, якіх зрабілі вінаватымі ў правале іракскага плану бліцкрыга «малой крывёй на чужой тэрыторыі».

Канец ірана-іракскай вайны ў 1988 годзе пакінуў садамаўскі Ірак з вялікай арміяй, кошты на нафту знізіліся, а насельніцтва было расчараванае, таму ў 1990 годзе рэжым пайшоў на наступную авантуру. Садам атакаваў і хутка захапіў суседнюю маленькую, але таксама вельмі багатую нафтай краіну – Кувейт. Іракская прапаганда абвесціла Кувейт «старажытнай часткай Іраку», дзе жыве «такі ж самы народ», які трэба «вызваліць і абʼяднаць са сваімі братамі».

Іранскі жаўнер у супрацьгазніку падчас ірана-іракскай вайны.
Фота: gallery.sajed.ir

Аднак захоп Кувейта прывёў толькі да стварэння вялізарнай міжнароднай кааліцыі на чале з ЗША, якая ў 1991 годзе з мінімальнымі стратамі за адзін месяц разграміла іракскія войскі і вызваліла краіну. Адначасова супраць Іраку былі ўведзеныя эканамічныя санкцыі.

Заняпад і новы тэрор

Садам Хусэйн застаўся пры ўладзе і пасля разгрому ў Кувейце – але трымаўся ён толькі на адкрытым тэроры і на падтрымцы сунітаў, якія складалі важнейшую частку сілавога блоку Іраку. Курды і шыіты ў 1991 годзе паўсталі, і іхныя паўстанні былі патопленыя ў крыві. Ад рук карнікаў загінулі дзясяткі тысячаў паўстанцаў, а яшчэ больш – цывільных жыхароў.

Пад кіраўніцтвам Садама Хусэйна дзяржава, якая знішчала ўласных жыхароў і распальвала ўнутрыэтнічную і рэлігійную варожасць, жыла пад цяжкімі санкцыямі і фактычна не мела перспектыў для развіцця. Аднак Садам упарта адмаўляўся ад рэформаў ці перадачы ўлады.

Пакідаючы Кувейт, іракскія войскі падпалілі мясцовыя нафтавыя радовішчы.
Фота: Jonas Jordan, United States Army Corps of Engineers

Каб прадэманстраваць сваю «дэмакратычнасць», Хусэйн два разы правёў выбары – у 1995 годзе ўлады заявілі, што за Садама прагаласавалі 99,96 % выбарцаў, у 2002-м – усе 100 %. З нейкай прычыны ніхто ў гэтыя вынікі не паверыў.

Прыкладна ў гэты час завязаліся добрыя адносіны паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Садамам, сярод іншага – як заявіў Лукашэнка 23 лістапада 2006 году – «Нацыянальная бібліятэка Беларусі будавалася ўсімі людзьмі, усім светам. Ад Садама Хусэйна… да беларуса, які жыве ў правінцыі». Лукашэнка дадаў, што Хусэйн ахвяраваў на Нацыянальную бібліятэку $ 500 000 уласных грошаў.

Крах і бясконцая вайна

Садам увесь час падтрымліваў сувязі з рознымі ісламскімі арабскімі тэрарыстычнымі арганізацыямі, акрамя таго, ён заставаўся пад падазрэннем адносна распрацоўкі і вытворчасці зброі масавага знішчэння – перш за ўсё, хімічнай.

Потым былі тэрарыстычныя атакі на ЗША ў 2001 годзе. У рэзалюцыі Рады Бяспекі ААН Ірак быў абвінавачаны ў парушэнні сваіх абавязкаў адносна забароненых тыпаў зброі. Вясной 2003 года ЗША, Вялікая Брытанія і іншыя краіны атакавалі Ірак і хутка разбілі ўзброеныя сілы Садама. У той час нават былі падазрэнні, што Садам Хусэйн збег і хаваецца ў Беларусі.

Дыктатура знікла, дыктатар быў пакараны за свае злачынствы. Аднак пасля сябе ён пакінуў звычку вырашаць усе праблемы гвалтам і выпаленую за дзесяцігоддзі пустэчу, якую адразу напоўнілі варожасць і этнарэлігійныя канфлікты. Толькі некалькі месяцаў пасля падзення Садама можна было назваць адносна спакойнымі.

Курдскія ўцекачы бягуць у Турцыю ў 1991 годзе ад рэпрэсіяў Садама Хусейна. Крыніца: PHAN April Hatton / defenseimagery.mil

Іран адразу стаў падтрымліваць іракскіх шыітаў, Сірыя пачала засылаць у краіну замежных баевікоў, курды сталі змагацца за незалежнасць, суніты пачалі ваяваць на ўсе франты і паміж сабою. У 2014 годзе Багдад ледзь не захапіла радыкальная групоўка Ісламская дзяржава Ірака і Леванта, якая потым была разбітая з дапамогай міжнародных сілаў.

Арганізаваць стабільную, самадастатковую дзяржаву ў Іраку дагэтуль не атрымліваецца. У значнай ступені сучасны ўрад трымаецца на замежнай ваеннай падтрымцы. Узровень гвалту застаецца вельмі высокім, а эканоміка застаецца ў заняпадзе.

Кожная хваля гвалту, пачынаючы з часоў Садама, стварала новыя сотні тысячаў уцекачоў з Ірака ў суседнія краіны, а таксама ў Еўразвяз і ЗША. Зараз па-за Іракам жыве недзе кожны пяты чалавек, які нарадзіўся ці чые бацькі нарадзіліся ў Іраку.

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў