МВФ ухваліў рашэнне раздаць краінам $ 650 млрд. Беларусі можа дастацца амаль мільярд


Грошы раздаюць незалежна ад палітычнай сітуацыі, але некаторыя беларусы спадзяюцца, што ўраду Лукашэнкі не дадуць скарыстацца сродкамі.

Ілюстрацыйная выява.
Фота: АВ / Белсат

Рада кіраўнікоў Міжнароднага валютнага фонду 2 жніўня зацвердзіла рашэнне раздаць краінам – чальцам МВФ спецыяльныя правы пазыкі (SDR) на суму, эквівалентную $ 650 млрд. Колькі грошай атрымае краіна, залежыць ад квотаў, адпаведных маштабам і характарыстыкам эканомікі.

Рашэнне аб размеркаванні грошай набудзе моц 23 жніўня. Краіны будуць вольнымі ў тым, куды скіраваць сродкі, атрыманыя за SDR.

Дырэктарка-менеджарка МВФ Крысталіна Геаргіева назвала рашэнне гістарычным, а размеркаванне сродкаў – найбуйнейшым у гісторыі фонду.

«Размеркаванне SDR паслужыць на карысць усім дзяржавам-чальцам, дапаможа задаволіць доўгатэрміновую глабальную патрэбу ў рэзервах, умацуе давер і будзе спрыяць узмацненню ўстойлівасці і стабільнасці сусветнай эканомікі. Яно асабліва дапаможа нашым найбольш уразлівым дзяржавам-чальцам, якія цяжка спраўляюцца з наступствамі крызісу COVID-19», – заявіла Геаргіева.

Hавiны
Падобна, МВФ дасць Беларусі амаль мільярд долараў. Але ці дазволяць ім скарыстацца?
2021.07.30 09:00

Беларусі паводле тых квотаў мае дастацца эквівалент $ 950 млрд. Эканаміст Яраслаў Раманчук і кіраўнік Кабінету Ціханоўскай Валер Кавалеўскі зазначылі ў каментары «Белсату», што SDR Беларусі, хутчэй за ўсё, выдадуць незалежна ад палітычнай сітуацыі.

Ды калі Раманчук упэўнены, што ўлады Беларусі без праблемаў змогуць абмяняць SDR на грошы, то Кавалеўскі кажа, што якраз на гэтым этапе можна блакаваць атрыманне сродкаў. Раманчук, у сваю чаргу, мяркуе, што фармальна рашэнне выдаць Беларусі грошы можа быць прынятае, але яго выкананне могуць прытрымаць да зменаў санкцыйнага рэжыму.

Офіс Ціханоўскай выступае супраць выдачы грошай, бо сродкі пойдуць зусім не на аднаўленне пасля пандэміі. Раманчук мяркуе, што ўрад Беларусі можа пусціць іх на пагашэнне ранейшых крэдытаў і знізіць даўгавы ціск на эканоміку.

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў