Марыі Калеснікавай прапанавалі выступіць на дзяржтэлебачанні


Палітзняволенай Марыі Калеснікавай, якая цяпер у СІЗА ў Менску, прапанавалі выступіць на нацыянальным дзяржтэлеканале з інтэрв’ю і напісаць прашэнне аб памілаванні ў абмен на вызваленне. Пра гэта паведамляе расейскі тэлеканал «Дождь».

Марыя Калеснікава

Марыя Калеснікава распавяла, што ў СІЗА ёй некалькі разоў прапаноўвалі супрацу са следствам і напісаць прашэнне аб памілаванні ў абмен на вызваленне.

«Я сама прапаную ініцыяваць дыялог, перамовы, каб спыніць супрацьстаянне ў грамадстве. Мяне «пачулі» і прапанавалі здымацца ў кіно а-ля Раман Пратасевіч», – распавяла палітзняволеная.

Марыя Калеснікава кажа, што згодная выступіць на дзяржаўным тэлеканале, каб распавесці пра выкраданне і бязмежжа ў турме. Яна адмовілася напісаць прашэнне аб памілаванні, бо не лічыць сябе вінаватай.

«Гэта банда подлых, баязлівых напарстнікаў, і дзіўна было б ім давяраць. Яны ж заўсёды хлусяць. Не вер, не бойся, не прасі і смейся – гэта мой прынцып камунікавання з імі», – патлумачыла Калеснікава.

Марыя Калеснікава застаецца за кратамі з пачатку верасня мінулага года. У турму яна трапіла пасля таго, як адмовілася ад прымусовага вывазу з краіны і парвала пашпарт. Марыя Калеснікава не згодная з абвінавачаннем, падавала хадайніцтвы аб спыненні крымінальнага пераследу, падставаў для якога не бачыць ні яна, ні ейныя абаронцы.

Судзіць яе з Максімам Знакам пачнуць 4 жніўня.

Артыкулы
Суд над Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам распачнецца 4 жніўня і будзе закрытым
2021.07.28 14:18

 

СК belsat.eu

Стужка навінаў