Літва вяртае мігрантаў у Беларусь, спартоўцы пакідаюць нашую краіну. Галоўнае за 3 жніўня


360 дзён працягваецца палітычны крызіс у Беларусі і супрацьстаянне грамадзянаў краіны з уладамі. «Белсат» падводзіць вынікі гэтага дня.

Марыі Калеснікавай прапанавалі выступіць на дзяржтэлебачанні

Палітзняволенай Марыі Калеснікавай, якая цяпер у СІЗА ў Менску, прапанавалі выступіць на нацыянальным дзяржтэлеканале з інтэрв’ю і напісаць прашэнне аб памілаванні ў абмен на вызваленне. Пра гэта паведамляе расейскі тэлеканал «Дождь».

Марыя Калеснікава. Менск, Беларусь. 24 жніўня 2020 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Марыя Калеснікава распавяла, што ў СІЗА ёй некалькі разоў прапаноўвалі супрацу са следствам і напісаць прашэнне аб памілаванні ў абмен на вызваленне.

«Я сама прапаную ініцыяваць дыялог, перамовы, каб спыніць супрацьстаянне ў грамадстве. Мяне «пачулі» і прапанавалі здымацца ў кіно а-ля Раман Пратасевіч», – распавяла палітзняволеная.

Марыя Калеснікава кажа, што згодная выступіць на дзяржаўным тэлеканале, каб распавесці пра выкраданне і бязмежжа ў турме. Яна адмовілася напісаць прашэнне аб памілаванні, бо не лічыць сябе вінаватай.

«Гэта банда подлых, баязлівых напарстнікаў, і дзіўна было б ім давяраць. Яны ж заўсёды хлусяць. Не вер, не бойся, не прасі і смейся – гэта мой прынцып камунікавання з імі», – патлумачыла Калеснікава.

Артыкулы
Марыі Калеснікавай прапанавалі выступіць на дзяржтэлебачанні
2021.08.03 18:12

Літва вяртае мігрантаў у Беларусь

Літоўскія памежнікі за амаль содні не прапусцілі ў Літву і вярнулі ў Беларусь каля 180 мігрантаў, якія спрабавалі перакрочыць мяжу. Прадстаўнікі беларускага памежнага камітэту пацвердзілі, што зафіксавалі перасячэнне мяжы мігрантамі з тэрыторыі Літвы.

За содні літоўскія памежнікі затрымалі рэкордную лічбу мігрантаў без адпаведных дакументаў.
Фота: VMG

Паводле афіцыйнага прадстаўніка Дзяржаўнага памежнага камітэту Антона Бычкоўскага, беларускія памежнікі затрымалі каля 40 асобаў.

Беларускі бок заяўляе пра парушэнні літоўцамі правоў чалавека.

«Мы лічым недапушчальным выкарыстоўваць такія метады і спосабы ў дачыненні да ўразлівых асобаў, а тым больш жанчын і дзяцей. У гэты час такія дзеянні груба парушаюць правы чалавека і падлягаюць расследаванню кампетэнтнымі органамі, у тым ліку міжнароднымі», – дадаў Бычкоўскі.

Hавiны
Літва вяртае мігрантаў у Беларусь, афіцыйны Менск заяўляе пра парушэнні правоў чалавека
2021.08.03 19:26

МАК расследуе спробу прымусовага вывазу атлеткі Ціманоўскай

Афіцыйны прадстаўнік Міжнароднага алімпійскага камітэту Марк Эдамз заявіў 3 жніўня, што МАК расследуе абвінавачанні, выстаўленыя Беларусі аб спробе гвалтоўна вывезці з Алімпійскіх гульняў у Японіі беларускую атлетку Крысціну Ціманоўскую.

«Нам неабходна ўсталяваць поўныя факты, гэта можа заняць час, – перадае BBC словы Эдамза. – А пакуль наш першы клопат – атлетка».

Расейскі «Інтэрфакс» дадае, што Эдамз казаў: невядома, колькі часу зойме расследаванне, бо «нам трэба дакапацца да сутнасці».

Крысціна Ціманоўская.
Фота: ВВС

МАК чакае тлумачэнняў ад Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі ўжо сёння.

Hавiны
Міжнародны алімпійскі камітэт распачаў расследаванне спробы прымусовага вывазу атлеткі Ціманоўскай
2021.08.03 10:51

Спартоўцы з’язджаюць з Беларусі

Лёгкаатлеты Яна Максімава і ейны муж Андрэй Краўчанка пастанавілі не вяртацца ў Беларусь з Нямеччыны і засталіся ў гэтай краіне.

«На вялікі жаль, цяпер там (у Беларусі. – Belsat.eu) можна страціць не толькі свабоду, але і пазбавіцца жыцця», – напісала Яна Максімава ў сваім Instagram.

Яна Максімава і яе муж Андрэй Краўчанка.
Фота: Яна Макісмава / VK.com

Акрамя гэтага, Канстанцін Якаўлеў, трэнер гандбольнага клубу «Віцязь» і актывіст незалежнага аб’яднання спартоўцаў ,зʼехаў ва Украіну. Раней спартоўца каралі адміністратыўным арыштам.

Сябра Лукашэнкі падаў у адстаўку

Старшыня Беларускай тэніснай федэрацыі Сяргей Цяцерын напісаў заяву аб адстаўцы, паведамляе сайт грамадскага аб’яднання.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, Сяргей Цяцерын падаў у адстаўку. Новага кіраўніка федэрацыі абяруць у верасні.

Прычынаю для звальнення могуць быць дасягненні беларускіх спартоўцаў на алімпіядзе ў Токіа. Беларускія тэнісісты паказалі сціплыя вынікі.

Цяцерын і Лукашэнка збіраюць кавуны.
Фота: belta.by

Сяргей Цяцерын – адзін з набліжаных да Лукашэнкі асобаў. Раней былы кіраўнік федэрацыі тэнісу з’яўляўся каля Лукашэнкі падчас збору кавуноў і касіў з ім траву.

Знайшлі павешаным кіраўніка Беларускага дому ва Украіне

Раніцай 2 жніўня Віталь Шышоў выйшаў на прабежку і знік. А зранку 3 жніўня яго знайшлі павешаным на ўскрайку Кіева.

Кіраўнік Беларускага дому ва Украіне Віталь Шышоў.
Фота: beldomua / Telegram

Цела зніклага актывіста знайшлі павешаным на дрэве ў лесапаласе на мяжы Кіева і вобласці, у ваколіцах пасёлку Чайкі. Недалёка ад яго быў ягоны мабільны тэлефон.

Паліцыя распачала крымінальную справу паводле артыкулу «Наўмыснае забойства». Аднак забойства, замаскаванае пад суіцыд, гэта толькі адна з версіяў паліцыі.

У чаце «Беларускага дому» карыстальнікі пішуць, што не вераць у самагубства. Сама арганізацыя сцвярджае: «няма сумневаў, што гэта спланаваная чэкістамі аперацыя ліквідацыі».

Знаёмыя Віталя Шышова распавядалі «Белсату», што раней за ім сачылі невядомыя падчас прабежак. Таксама да яго і да ягонай дзяўчыны падыходзілі падазроныя людзі, спрабавалі размаўляць.

Акцыя памяці Віталя Шышова каля амбасады Беларусі ў Вільні.
Фота: Белсат

Днём 3 жніўня кіеўскія паліцыянты далі брыфінг аб тым, што вядома ў справе.

Паводле паліцыі, 2 жніўня а 15:18 паступіла два паведамленні, што Віталь сышоў раніцай на прабежку і не вярнуўся дадому. Адразу на месца яго пражывання выехала міліцыя. А на звыклае месца яго прабежак – супрацоўнікі МУС і валанцёры.

Раніцай 3 жніўня пошукі працягнуліся – і было знойдзенае ягонае цела. На месцы трагедыі былі два пянькі і пятля.

Пакуль разглядаюцца дзве версіі: самагубства і наўмыснае забойства, прыхаванае пад самагубства. Вывучаюцца камеры, вядзецца апытанне сведкаў і вывучаецца лад жыцця загінулага.

На целе Віталя ёсць пашкоджанні, але яны адпавядаюць паводле характарыстык «аднаразоваму падзенню». Будуць праводзіцца экспертызы.

Шышоў – заснавальнік грамадскай арганізацыі пад назвай «Беларускі дом ва Украіне». Аднак журналісты радыё «Свабода» падкрэсліваюць, што першапачаткова гэтая структура была звязаная з Сяргеем Кароткім – беларусам, які ваяваў на Данбасе ў складзе дабравольніцкага батальёнау«Азоў», а затым атрымаў украінскае грамадзянства.

Аб’ектыў
«Ён ведаў, што нам усім пагражае, і ўсё роўна ішоў на сваю ранішнюю прабежку». У Кіеве знайшлі павешаным Віталя Шышова
2021.08.03 23:04

СК belsat.eu

Стужка навінаў