Кліп «Баю-бай» берасцейскіх панкаў «Дай дарогу!» сабраліся прызнаць «экстрэмісцкім»


«Зняты з мэтай дыскрэдытацыі супрацоўнікаў сілавых структураў», упэўненыя эксперты, да якіх звярнуўся ГУБАЗіК.

Вакаліст берасцейскага панк-гурту «Дай дарогу!» Юрый Стыльскі апублікаваў у «гісторыях» Instagram заяву аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкім матэрыялам»: шостае ўпраўленне ГУБАЗіК МУС РБ звярнулася ў суд Ленінскага раёну Берасця з просьбай прызнаць «экстрэмісцкім» кліп «Баю-бай».

Паводле заключэння Берасцейскай абласной экспертнай камісіі, да якой звярнулася ГУБАЗіК, кліп 2020 года «мае прыкметы правяваў экстрэмізму», «зняты з мэтай дыскрэдытацыі супрацоўнікаў сілавых структураў».

На гэта паказвае вобраз кіроўцы аўтазака, які на камбайне пераследуе ні ў чым не вінаватых людзей, а ахвяры паказаныя максімальна міралюбнымі і безабароннымі.

«Такім чынам, сітуацыя затрымання парушальнікаў грамадскага парадку выстаўленая аўтарамі песні як бязлітаснае забойства, якое ўчыняюць прадстаўнікі сілавых структураў».

На момант публікацыі кліп не прызнаны «экстрэмісцкім». Суд мае адбыцца 5 жніўня, пачатак а 14:20.

Варта адзначыць, што эпізод, падобны да паказанага ў кліпе, адбыўся праз тры з паловай месяцы пасля выхаду кліпу: на полі каля ўрочышча Курапаты, што пад Менскам, сілавікі ганяліся за людзьмі па полі і збівалі мірных пратэстоўцаў. Толькі ездзілі не на камбайнах, а на мікрааўтобусах. Акрамя таго, у жыцці было чуваць страляніну, якой у кліпе не было.

Гурт «Дай дарогу» заснаваны ў 1998 годзе, спявае пераважна на расейскай мове. Названы «Гуртам года» на прэміі «Даём рады» ў 2012 годзе, «Артыстам года» на прэміі «Rock Profi» ў 2015 годзе. Выступаў на канцэртах на Дзень волі ў 2018 і 2019 гадах. Выдаў дзевяць студыйных альбомаў, апошні на сёння – «Под вой собак» 2020 года.

«Баю-бай» – не адзіная пратэставая песня гурту. У 2004 годзе гурт запісаў грубы зварот да «Сані», у 2012-м – песню пра «10 мільёнаў рабоў», у 2017-м – беларускамоўную песню «Не веру». А ў канцы 2020 года Стыльскі спяваў аптымістычную песню пра бусла, які ўрэзаўся ў верталёт.

АА belsat.eu

Стужка навінаў