У Гомлі пачынаецца закрыты суд над Кацярынай Андрэевай. Што трэба ведаць пра новую справу


У Гомельскім абласным судзе 4 ліпеня распачнецца працэс над палітзняволенай журналісткай Кацярынай Андрэевай. Belsat.eu распавядае, што вядома пра новую справу супраць нашай каляжанкі, што кажуць сваякі і піша ў лістах сама Кацярына.

Хто такая Кацярына Андрэева

Кацярына нарадзілася ў 1993 годзе ў сям’і, што складаецца з розных пакаленняў менскай інтэлігенцыі. Бацькі журналісткі – філолагі. Бабуля Ала Ваганава – дацэнтка кафедры археалогіі БДУ. Дзядуля Сяргей Ваганаў – вядомы беларускі журналіст, публіцыст і паэт.

Кацярына Андрэева.
Фота: Белсат

Кацярына скончыла гімназію № 23 у Менску, паступіла на іспанскі факультэт МДЛУ. У 2013 годзе паехала паводле валанцёрскай праграмы Еўракамісіі ў Іспанію, дзе правяла два гады. У канцы 2014 года вярнулася дадому і выбрала для сябе журналістыку.

Кацярына супрацоўнічала з радыё «Свабода», украінскім праектам «Донбас.Реалії», друкавалася ў «Народнай Волі» і расейскім выданні «Новая газета». З сакавіка 2017 года і да свайго арышту ў лістападзе 2020 года працавала на «Белсаце». Двойчы (у 2017 і 2020 гг.) прызнавалася на тэлеканале «Тэлевізійнай асобаю года» і двойчы перамагала ў журналісцкім конкурсе Беларускай асацыяцыі журналістаў «Вольнае слова» (2017 і 2021 гг.)

У суаўтарстве з мужам, журналістам Ігарам Ільяшом Кацярына падрыхтавала шэраг гучных журналісцкіх расследаванняў, а ў 2020 годзе яны выдалі дакументальную кнігу «Беларускі Данбас» пра ролю беларусаў у канфлікце на ўсходзе Украіны. Кніга вытрымала два тыражы.

Як Кацярына трапіла за краты

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу на плошчы Пераменаў.

Дар’я Чульцова (злева) і Кацярына Андрэева (справа) на судзе. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Стрым яны вялі з кватэры на 14-м паверсе дому на вуліцы Смаргоўскі тракт, куды іх запрасілі гаспадары. Пасля завяршэння акцыі спецназаўцы са зброяй выламалі дзверы ў кватэру і затрымалі дзяўчат. Ім выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Як сцвярджалася ў абвінаваўчым акце, гэтае «злачынства» здзяйснялася пры дапамозе мабільных тэлефонаў, відэакамеры, мікрафона, штатыва і камізэлькі з надпісам «Прэса» шляхам «агучвання інфармацыі».

18 лютага 2021 года суддзя Фрунзенскага раённага суда Менску Наталля Бугук пакарала Кацярыну і Дар’ю 2 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Артыкулы
Пра Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову здымаюць мастацкі фільм
2021.11.14 23:11

У зняволенні Кацярыну і Дар’ю паставілі на прафілактычны ўлік як асобаў, «схільных да экстрэмізму і іншых дэструкцыйных дзеянняў» – такі статус прадугледжвае ўзмоцнены кантроль з боку адміністрацыі. У калоніі іх абавязалі насіць жоўтыя біркі.

Праца Кацярыны і Дар’і падчас пратэстаў 2020 года і іхная адданасць ідэалам прафесіі атрымалі міжнароднае прызнанне. Дзяўчаты сталі лаўрэаткамі 7 прэстыжных прэміяў у галіне журналістыкі: «PRIX Europe», «Free Media Awards», «Prize for the Freedom and Future of the Media», «Axel-Springer-Preis», «Courage in Journalism Awards», прэміі імя Дар’юша Фікуса і прэміі «Надзея свабоды».

Артыкулы
«Маё жыццялюбства не перабіць ніякімі турмамі». Год у лістах Кацярыны Андрэевай
2021.11.02 13:50

Што вядома пра новую справу

Свой тэрмін Кацярына Андрэева адбывала ў папраўчай калоніі № 4 у Гомлі, ён мусіў завяршыцца 5 верасня 2022 года. Але 10 лютага Кацярыну раптам этапавалі ў гомельскі СІЗА. Цягам 55 дзён сваякі не ведалі, у якім статусе яе трымаюць і ў межах якой справы.

7 красавіка сям’і палітзняволенай стала вядома, што Кацярыне выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). Паводле гэтага артыкулу ёй пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення.

Што канкрэтна інкрымінуецца журналістцы і на аснове якіх падзеяў узнікла абвінавачванне – невядома. На справу быў накладзены грыф сакрэтнасці. Адвакат Кацярыны застаецца пад строгай падпіскай аб неразгалошванні і ніякіх акалічнасцяў не можа распавесці нават сваякам.

Кніга «Беларускі Данбас».
Фота: Белсат

Звязаныя са спецслужбамі прапагандысцкія тэлеграм-каналы, каментуючы новую справу супраць Кацярыны Андрэевай, акцэнтавалі ўвагу, што палітзняволеная напісала кнігу «Беларускі Данбас», якую ў 2021 годзе ўлады прызналі «экстрэмісцкай». Некаторыя калегі журналісткі выказвалі меркаванне, што спецслужбы хочуць адпомсціць Кацярыне акурат за гэтую працу. Але наўрад ці новае абвінавачванне наўпрост звязанае з кнігай: калі б гэта было так, то следства мела б прэтэнзіі да суаўтара «Беларускага Данбасу» Ігара Ільяша, аднак ён не фігуруе ў новай справе нават у якасці сведкі.

Таксама застаецца загадкай, чаму следства праводзіла УКДБ у Гомельскай вобласці. Звычайна ў такіх выпадках працуе прынцып тэрытарыяльнай адпаведнасці: следствам займаецца той орган, на тэрыторыі адказнасці якога адбываліся падзеі крымінальнай справы. Але Кацярына Андрэева ніколі не жыла на Гомельшчыне (яна там толькі адбывала пакаранне) і вельмі мала ейных журналісцкіх матэрыялаў былі так ці інакш звязаныя з падзеямі ў гэтым рэгіёне.

Варта адзначыць, што сам артыкул 356 Крымінальнага кодэксу сфармуляваны даволі расплывіста. «Здрадай дзяржаве» ў Беларусі лічыцца не толькі выдача дзяржаўных сакрэтаў, шпіянаж і пераход на бок ворага падчас вайны, але і «іншае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь». З улікам таго, як рэжым Лукашэнкі маніпулюе паняццем «нацыянальная бяспека», такая фармулёўка пакідае спецслужбам вялікую прастору для злоўжыванняў.

Як будзе праходзіць суд

Матэрыялы справы былі перададзеныя ў Гомельскі абласны суд яшчэ 18 красавіка і першапачаткова сваякі Кацярыны прагназавалі, што ўжо ў траўні пачнецца судовы працэс. Але разгляд справы прызначылі толькі на 4 ліпеня. Атрымліваецца, што справа ляжала ў судзе амаль 2,5 месяца – нават даўжэй, чым вялося следства. З чым звязаная гэтая затрымка – невядома.

Кацярына Андрэева на судзе ў Менску, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Справа Кацярыны Андрэевай будзе разглядацца ў закрытым рэжыме, на суд не пусцяць нават сваякоў. Аднак агалошванне рэзалюцыйнай часткі выраку мусіць быць адкрытым. Колькі часу зойме судовы працэс, цяпер спрагназаваць немагчыма.

Варта таксама адзначыць, што паралельна ў Гомельскім абласным судзе разглядаецца справа журналісткі TVP Ірыны Слаўнікавай – працэс пачаўся 23 чэрвеня, але ў той жа дзень быў абвешчаны перапынак да 6 ліпеня.

Што піша Кацярына і што кажуць ейныя сваякі

Муж Кацярыны Ігар Ільяш неаднаразова казаў, што новае абвінавачванне выглядае абсурдным і «сталінскім паводле свайго духу».

«Каця абсалютна невінаватая. Яна ніколі не здзяйсняла нічога супрацьзаконнага. Гэтая крымінальная справа – жахлівая ў сваёй цынічнасці і жорсткасці помста за журналісцкую дзейнасць», – заявіў ён у дзень, калі стала вядома пра выстаўленне абвінавачвання.

Ігар Ільяш мяркуе, што механізм з’яўлення справы паводле артыкулу «здрада дзяржаве» быў той жа самы, што і ў першай справе: імаверна, законную прафесійную дзейнасць проста бяздоказна прызналі «злачыннай». Але якая журналісцкая праца Кацярыны цяпер магла стаць нагодай для крымінальнага пераследу, сваякі не ведаюць.

Кацярына Андрэева з мужам Ігарам Ільяшом. Фота з сямейнага архіву

Сама Кацярына не мае магчымасці пракаментаваць новае абвінавачванне. З ейных турэмных лістоў вынікае, што духам яна не падае і не губляе надзеі.

«Я нібыта разблакавала апошні ўзровень у складанай гульні. Толькі гэта не гульня. І мы не маем права на ўсякія «няма сілаў», «больш не магу» і г. д. Таму нічога не застаецца, акрамя таго, што і так умеем: сабраць усю волю, цярпенне, вытрымку, стрыманасць і са спакойнай годнасцю глядзець наперад», – напісала палітзняволеная ў адным з лістоў сёлета ў сакавіку.

У турме Кацярына піша вершы. Верш журналісткі «Над белым полем» нядаўна быў перакладзены на іспанскую і англійскую мову ў межах праекту Еўрапейскай Пісьменніцкай Радай #FreeAllWords.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў