На Будслаўскім фэсце вернікі маліліся за спакой


Цэлебрацыю галоўнай Імшы фэсту ў Будславе ўзначаліў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, паведамляе catholic.by.

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў Будславе.
Фота: catholic.by

Ён заўважыў, што «кожны чалавек у глыбіні душы моцна прагне спакою».

«Чым больш чалавек усведамляе небяспеку, якая пагражае спакою, тым больш ён яго прагне. Чалавек жадае быць не проста вольным ад войнаў і канфліктаў, але і жыць поўным жыццём, у шчасці і поўнай рэалізацыі. Аднак спакой, якога людзі так моцна прагнуць, па розных прычынах парушаецца і нават знішчаецца», – зазначыў іерарх. У сувязі з гэтым ён нагадаў вучэнне Касцёлу з энцыклікі святога Яна ХХІІІ «Pacem in terris» («Мір на зямлі») пра тое, што мір – гэта Божы дар, «які прыходзіць да нас найперш праз людскія сэрцы».

«Няма спакою для заблукалага сэрца, калі не адбудзецца яго перамена, або павяртанне да Бога. Калі не будзе сапраўднай перамены сэрца, унутраны спакой заўсёды будзе кароткачасовым», – сцвердзіў арцыпастыр, адзначыўшы, што прыкладам такога сапраўднага спакою быў унутраны спакой Дзевы Марыі.

«Менавіта такі ўнутраны спакой варта захоўваць сярод бурлівых і незразумелых падзеяў гісторыі, сэнсу якіх мы часта не разумеем, або разумеем і тлумачым няправільна», – дадаў арцыбіскуп.

На заканчэнне гаміліі ён сказаў: «Чаму сёння тут, у Будславе, мы гаворым пра спакой і молімся аб ім? Адказ на гэтае пытанне вельмі просты: няма больш адпаведнага месца, якое лепш прыдалося б да гэтай мэты. Будслаў – гэта наш «беларускі Бэтлеем» – так я гаварыў падчас сваёй інаўгурацыі ў менскай архікатэдры і так сцвярджаю сёння. У юдэйскім Бэтлееме нарадзіўся Сын Божы Езус Хрыстус, Князь супакою.

Тут, у Будславе, у людскіх сэрцах нараджаецца вера ў Бога. Дык няхай жа тут у нас нараджаецца чалавек спакою – у сэрцы пілігрыма, турыста і проста вандроўніка», – выказаў пажаданне іерарх.

Марыя Мурашка, belsat.eu

 

Стужка навінаў