Гісторыя як зброя: нямецкія гісторыкі прапануюць дыялог. Што адкажа Беларусь?


Некалькі дзён таму аўтарытэтныя нямецкія гісторыкі зрабілі публічную заяву да 80-й гадавіны нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз. У сваім звароце яны пералічваюць злачынствы фашысцкіх вайскоўцаў на акупаванай тэрыторыі Беларусі, прапануюць адлічбаваць асноўныя фонды Федэральнага архіву ды архіву КДБ, а таксама выказваюць занепакоенасць беларускай дзяржаўнай гістарычнай палітыкай.

«Як прадстаўніцы і прадстаўнікі гістарычнай навукі мы сёння з вялікай занепакоенасцю назіраем, як гісторыя Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі выкарыстоўваецца дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь у якасці палітычнай зброі для дыскрэдытацыі дэмакратычнага руху. Мы таксама бачым праблему ў тым, што ва ўмовах найбуйнейшага дзяржаўнага крызісу з моманту абвяшчэння Рэспублікі Беларусь як улада, так і апазіцыя кажуць пра «генацыд беларускага народу», імкнучыся гэтак паказаць сувязь сваіх палітычных праціўнікаў з нацыянал-сацыялізмам», – гаворыцца ў звароце.

Першая рэканструкцыя «Бабруйскага катла». Вёска Шчаткава, Бабруйскі раён, Беларусь. 27 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Гісторыкі заклікаюць агульнадзяржаўныя, рэгіянальныя і мясцовыя нямецкія ўстановы, а таксама сем’і магчымых выканаўцаў і сведак злачынстваў з Нямеччыны адкрыць доступ да ўсіх наяўных крыніцаў. На іхную думку, у многіх сямейных архівах захоўваюцца фотаальбомы нямецкіх вайскоўцаў, якія змяшчаюць каштоўныя звесткі, здольныя паслужыць зыходным пунктам для далейшых даследаванняў, напрыклад, для супастаўлення з навуковымі ведамі па гісторыі Другой сусветнай вайны.

Таксама гісторыкі патрабуюць адлічбаваць архіўныя дакументы ў Нямеччыне і Беларусі, каб з’явілася магчымасць звесці разам розныя комплексы ведаў.

«Федэральны архіў Нямеччыны мусіць адлічбаваць асноўныя фонды, якія датычаць акупацыі заходніх вобласцяў СССР, і даць даследчыкам доступ да іх дзеля вывучэння нямецкіх злачынстваў прыватным чынам і ў інтарэсах грамадскасці. Адлічбаванне асабовых картак салдатаў і афіцэраў вермахту палегчыла б вызначэнне асобаў, адказных за падзеі ў тым ці іншым месцы на акупаваных Нямеччынаю тэрыторыях, бо сёння доступ да гэтых дакументаў прыходзіцца атрымліваць праз складаную працэдуру запытаў з боку нашчадкаў», – кажуць навукоўцы.

Нямецкая калона ля мірскага замка. Фота archives.gov.by

Яны перакананыя, што паслядоўнае адкрыццё для грамадскасці архіўных фондаў даведачнай службы вермахту дазволіла б супастаўляць месцы і перыяд службы асобных вайскоўцаў са злачынствамі, якія здзяйсняліся ў пэўных мясцовасцях. А сістэматычны перавод архіваў у лічбавую форму і аб’яднанне гэтых масіваў, падрыхтоўка на іх падставе публікацыяў і выставаў паспрыяюць лепшаму ўсведамленню асобнымі сем’ямі ды нямецкім грамадствам таго факту, што вайсковая акупацыя была адной з найважнейшых перадумоваў далейшых масавых злачынстваў супраць грамадскага насельніцтва і савецкіх ваеннапалонных.

«Мы ўпэўненыя, што далейшае супольнае вывучэнне і асэнсаванне сямейных гісторыяў на прыватным узроўні і паглыбленае даследаванне гісторыі Другой сусветнай вайны на грамадскім узроўні будуць галоўнай крыніцаю лепшага разумення гісторыі і ўзаемаразумення паміж грамадствамі нашых краінаў.

Фота часоў Другой сусветнай вайны.
Фота: Falk / Bundesarchiv

Нас цікавяць лёсы сотняў тысячаў прымусовых рабочых, што былі вывезеныя ў Нямеччыну і іншыя краіны акупаванай Еўропы, а пасля вяртання на радзіму нярэдка цярпелі дыскрымінацыю, а таксама гісторыя эвакуацыі тых, хто ўдзельнічаў у нямецкіх злачынствах на беларускай зямлі. І мы лічым абавязкам нямецкага грамадства думаць і абмяркоўваць, як мы можам у ХХІ стагоддзі разам з беларускім грамадствам захоўваць памяць пра злачынствы і разбурэнні, учыненыя на тэрыторыі тагачаснай БССР», – гаворыцца ў звароце, які падпісалі 15 аўтарытэтных навукоўцаў.

Гісторыя як служка ідэалогіі

Зварот нямецкіх гісторыкаў, у першую чаргу, – гэта заклік да адкрытасці, спроба працягнуць руку і прапанаваць дыялог. Навукоўцы нібыта падкрэсліваюць, што не гуляюць у ніякую ідэалогію, у звароце няма ніякага намёку на спробу перагледзець гісторыю, палова тэксту – канстатацыя фактаў фашысцкіх злачынстваў на акупаванай тэрыторыі. Такія спробы знайсці супольныя пункты існавалі і раней, напрыклад, у выглядзе беларуска-нямецкай гістарычнай камісіі, якая сябе, на жаль, дыскрэдытавала. Так, на днях стала вядома, што гэтую камісію пакінуў вядомы нямецкі гісторык Фэлікс Акерман, такім чынам выказаўшы пратэст супраць палітызацыі гісторыі ў Беларусі і выкарыстання яе для пераследу нязгодных з рэжымам. З ягоных словаў, перамогаю ў вайне карыстаюцца, каб караць беларусаў, а пераследаваць іх дапамагае Акадэмія навук.

Чаму такія добрыя ініцыятывы, што заклікаюць да дыялогу і размовы, цярпяць паразу?

Беларуская і еўрапейская гістарычная навука – дзве вельмі розныя рэчы. Беларуская гістарыяграфія – прамая спадкаемца савецкай, якая заўсёды была найперш служкаю ідэалогіі. Беларускія дзяржаўныя гісторыкі заўсёды былі ў фаворы ва ўладаў, бо думалі не навуковымі паняткамі, а ідэалагічнымі канструктамі, абслугоўваючы рэжым.

Еўрапейская гістарыяграфія фармавалася бесперапынна і, наколькі гэта магчыма, яна накіраваная на пошук праўды з усіх пунктаў гледжання. У еўрапейскай гістарычнай навуцы даўно адмовіліся ад адназначных трактаванняў, што гэтае – добрае, а гэтае – дрэннае. Беларуская ж гістарыяграфія абгрунтоўвае дзяржаўны ідэалагічны пункт гледжання.

Узгадаем, напрыклад, Вадзіма Лакізу, дырэктара Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, які ўключаецца ў «экспертныя» камісіі па вызначэнні экстрэмізму. Ці Ігара Марзалюка, які кляйміць нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.

Беларуская ідэалогія і гістарыяграфія, асабліва цяпер, у перыяд абвастрэння грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі, настроеныя на тое, каб паказаць, што, безадносна краіны, ніякай праўды няма, ёсць толькі пункт гледжання, абумоўлены дзяржаўным запытам. Нядаўна беларускія ўлады выпусцілі дакумент пра парушэнне правоў чалавека на Захадзе. Падобныя дакументы выдаваліся і раней, напрыклад, у 2011 годзе, у перыяд абвастрэння адносінаў Беларусі з Захадам. І гэта не спроба штосьці прааналізаваць, а спроба стварыць ідэалагічны канцэпт.

Hавiны
10 дат з беларускай гісторыі для святкавання Дня Незалежнасці
2021.07.03 17:20

Разам з тым, беларускія ўлады моцна пераацэньваюць уздзеянне сваіх ідэалагічных канцэпцыяў на беларускае грамадства. Толькі раней грамадству было збольшага ўсё роўна, цяпер жа яно настроенае адкрыта варожа. Той жа дзень 17 верасня, які назвалі Днём народнага адзінства. Гэтая тэма – для абмеркавання гісторыкаў, а не для пабудовы ідэалагічных канструктаў.

Пакажам розніцу падыходаў на прыкладзе спаленых вёсак. Пабудаваны мемарыяльны комплекс «Хатынь», але падобных спаленых вёсак былі тысячы. Да гэтай пары дакладна невядома, як і пры якіх абставінах гэта ўсё адбывалася ў гады вайны. Заходняя гістарыяграфія ставіць за мэту распавесці пра кожную трагедыю. Беларуская, гэтак жа як і савецкая, такой мэты не ставіць, а імкнецца выбудаваць ідэалагічны канструкт: манумент, помнік з мармуру ці жалеза. Пабудавалі «Хатынь» і кажуць: ніхто не забыты, нічога не забытае. Але памяць у тым, каб знайсці і разабрацца з кожнай людскай трагедыяй.

Калі гісторыя перастае быць зброяй

Калі савецкія сістэмы рухнулі, Захад прыйшоў да поўнай адкрытасці архіваў часоў вайны. Яны публікуюць і расказваюць усё, там няма табуяваных тэмаў. Любы дакумент у Нямеччыне, датычны Другой сусветнай вайны, дасяжны для вывучэння. Беларускія ж архівы да гэтай пары закрытыя. З іншага боку, цікавае пытанне, колькі беларускіх гісторыкаў валодае нямецкай мовай і за апошнія два дзесяцігоддзі ездзілі ў Нямеччыну, каб папрацаваць з тымі архіўнымі дакументамі.

Зварот нямецкіх навукоўцаў – гэта спакойная дэкларацыя, што яны не хочуць размаўляць моваю варожасці, абвінавачванняў ды ідэалогіі. Ніхто не спрабуе перакройваць гісторыю, а беларускі палітычны крызіс не мае ніякага дачынення да Вялікай Айчыннай вайны.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў Заляшанах. 7 чэрвеня 2021 года.
Фота: prezydent.pl

Падобнае прымірэнне – з’ява з той жа катэгорыі, калі польскі прэзідэнт Анджэй Дуда ўшанаваў памяць ахвяраў афіцэра Арміі Краёвай Рамуальда Райса (Бурага) на Падляшшы. 7 чэрвеня прэзідэнт Польшчы ўсклаў вянок пад крыжам у памяць забітых жыхароў вёскі Заляшаны Гайнаўскага павету, этнічных беларусаў, і памаліўся за тых, хто там загінуў.

Гэтая канцэпцыя прымірэння доўга і пакутліва нараджалася ў пасляваеннай Еўропе. У 1960-х гадах выйшаў ліст – зварот польскіх біскупаў да нямецкіх з пасылам: мы прабачаем і просім аб прабачэнні. Для польскай савецкай улады гэта было чырвонай анучай: маўляў, за што мы павінныя прасіць прабачэння ў немцаў? Яны ж зрабілі нам столькі зла! Але сэнс гэтага звароту быў глыбейшы: вы нам зрабілі безумоўную крыўду, але і мы вас крыўдзілі, цяпер нам усім патрэбнае прымірэнне.

Hавiны
«Паставілі бацьку да сценкі і сталі страляць». Як жылі беларусы ў гады нямецкай акупацыі
2021.07.03 09:00

І такі падыход даў вынік. У снежні 1970 года тагачасны канцлер Нямеччыны Вілі Брант, падчас свайго візіту ў камуністычную ПНР, пасля ўскладання вянка да помніку ахвярам няўдалага паўстання ў Варшаўскім гета нечакана апусціўся на калені. Гэты ўчынак стаў сімвалам, а пасля ў СМІ Брант тлумачыў, што зрабіў тое, што робяць людзі, калі ім не хапае словаў, і такім чынам ушанаваў мільёны ахвяраў.

Гэта быў час, калі народы Заходняй Еўропы перакрочвалі праз гісторыю і пражывалі яе. Для іх яна пераставала быць ідэалогіяй, вастрыём, зброяй. І рабілася проста гісторыяй. Таму мы маем сёння Еўропу, якая прымірылася. Сёння цяжка ўявіць, што французы, немцы, палякі пачнуць ваяваць паміж сабой. А ці так цяжка гэты было ўявіць сто гадоў таму?

Беларусі ж да падобнага прымірэння трэба прайсці свой шлях.

СП belsat.eu

Стужка навінаў