10 дат з беларускай гісторыі для святкавання Дня Незалежнасці


Канчаткова вызначыцца з «правільнай» датай, калі святкаваць Дзень Незалежнасці, у беларускім грамадстве пакуль не могуць. Магчыма, такая дата з’явіцца ў будучыні. Але цяпер «Белсат» сабраў дзесяць магчымых дат з беларускай гісторыі, якія маглі б стаць альтэрнатыўнымі днямі незалежнасці.

Удзельнікі «Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду». 16 жніўня 2020 года. Mенск, Беларусь.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

1 студзеня

У гэты дзень у 1919 годзе была абвешчаная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь, якая 31 студзеня 1919 году выйшла са складу Расейскай Савецкай Фэдэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Аднак праіснавала ССРБ не доўга, усяго два месяцы: яе скасавалі і аднавілі як Літоўска-Беларускую ССР.

Наступным летам ліквідавалі і яе і ўтварылі БССР.

3 сакавіка

Першае згадванне пра Менск у «Аповесці векавых гадоў» было ў сувязі з бітвай на рацэ Нямізе, якая адбылася 3 сакавіка 1067 года.

Бітва адбылася паміж войскамі полацкага князя Усяслава Чарадзея з дынастыі Рагвалодавічаў з войскамі князей Яраслававічэй – кіеўскім, чарнігаўскім і перыяслаўскім.

Бітва на Нямізе. Радзівілаўскі летапіс

25 сакавіка

Дзень Волі, які святкуецца 25 сакавіка, з’яўляецца альтэрнатыўным Днём Незалежнасці для вялікай часткі беларусаў. У гэты дзень у 1918 годзе была створаная першая нацыянальная дзяржава – Беларуская Народная Рэспубліка і прынятая Трэцяя Устаўная грамата. Але на афіцыйным узроўні 25 сакавіка не святкуецца.

Народны сакратарыят БНР (няпоўны склад). Злева направа: сядзяць – А. Бурбіс, Я. Серада, Я. Вараненка, В. Захаранка. Стаяць – А.Смоліч, П. Крачэўскі, К. Езавітаў, А. Аўсяннік, Л. Заяц. Менск

У гэты дзень дэмакратычныя сілы Беларусі з пачатку 90-х традыцыйна ладзяць вулічнае шэсце ў цэнтры гораду, якое часам сканчаецца супрацьстаяннем з міліцыяй.

Зараз Дзень Волі стаў сімвал незалежнай Беларусі. Чаго варта толькі святкаванне яго ў 2018 годзе, калі адзначалася 100-годдзе абвяшчэння БНР.

Святкаванне 100-годдзя БНР. Менск, Беларусь. 25 сакавіка 2018 года.
Фота: ІА / Белсат

3 ліпеня

Вось ужо 25 гадоў запар афіцыйнай датай святкавання Дня Незалежнасці, якая мае і іншую назву – Дзень Рэспублікі, застаецца 3 ліпеня. Дата прымеркавана да падзей 1944 году, калі ў ходзе беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён» сталіцу Беларусі – Менск – вызвалілі ад нямецкіх захопнікаў.

Урачыстасці да 3 ліпеня.
Фота: belsat.eu

Святкаваць Дзень Незалежнасці 3 ліпеня вырашыў Аляксандр Лукашэнка ў 1996 годзе. Па гэтаму і некаторым іншым пытаннях адбыўся рэферэндум, які меў вялікі грамадскі рэзананс. Яго ініцыятыва, паводле афіцыйных звестак, атрымала больш чым 80% падтрымкі выбаршчыкаў, але не была прызнаны дэмакратычнымі краінамі Захаду.

Традыцыйна 3 ліпеня адзначаецца парадам ваеннай тэхнікі і арміі, але не ў гэтым годзе.

15 ліпеня

У 1410 годзе адбылася Грунвальдская бітва. Складана пераацаніць яе значэнне ў гісторыі Беларусі і для ўсёй Еўропы.

Ян Матэйка «Грунвальдская бітва». 1878 год

Тады, 15 ліпеня 1410 года, у выніку адной з самых маштабных бітваў сярэднявечнага свету, цалкам змянілася расстаноўка сіл на сусветнай арэне. Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае разбілі галоўныя сілы Тэўтонскага ордэна, тым самым паклаўшы канец больш чым двухсотгадовым ваенным канфліктам, і выйшлі на дамінуючыя пазіцыі ў Еўропе.

27 ліпеня

У 1992-1996 гадах Дзень незалежнасці ў Беларусі афіцыйна адзначаўся 27 ліпеня. Менавіта ў гэты дзень у 1990 годзе Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. У ёй было заяўлена аб вяршэнстве на тэрыторыі рэспублікі Канстытуцыі БССР і яе законаў.

Дэкларацыя абвясціла «поўны дзяржаўны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь як вяршэнства, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасць яе законаў, незалежнасць рэспублікі ў знешніх адносінах».

Да рэферэндуму 1996 года менавіта 27 ліпеня ў Беларусі адзначаўся як афіцыйны Дзень Незалежнасці.

9 жніўня

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Магчыма, у Беларусі будучыні менавіта 9 жніўня прызнаюць Днём Незалежнасці – днём, калі беларусы масава выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў і выказалі свой пратэст супраць вынікаў выбараў. За гэтым днём працягнулася хваля пратэстаў супраць нелегітымнага ўраду і гвалту з боку сілавікоў, а таксама барацьба за вольную і дэмакратычную Беларусь.

25 жніўня

У гэты дзень у 1991 годзе Вярхоўны Савет БССР надаў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус Канстытуцыйнага закону. Гэты дакумент аб’яўляў дзяржаўны суверэнітэт, палітычную і эканамічную плацежаздольнасць Беларускай ССР. Таксама прызнавалася вяршэнства Канстытуцыі БССР і яе законаў.

Гэта адбылося пасля таго, як ў Маскве праваліўся путч, а ў красавіку ў Беларусі адбыўся найбуйнейшы ў СССР страйк.

Масавы мітынг Менскіх рабочых на плошчы Леніна 24 красавіка 1991 года

Пазней, 24 жніўня БНФ вывеў на плошчу Леніна дзясяткі тысяч людзей, а ў залю, дзе праходзілі паседжанні Вярхоўнага Савету, быў унесены бел-чырвона-белы сцяг. Таксама 24 жніўня першым кіраўніком Беларусі стаў Станіслаў Шушкевіч.

Ужо на наступны дзень, 25 жніўня, Беларусь афіцыйна абвясціла сябе незалежнай дзяржавай.

29 жніўня

Калі і святкаваць дзень вызваленні ад войскаў нацысцкай Германіі, то найбольш правільнай датай варта было б выбраць 29 жніўня.

Тады, у 1944 годзе афіцыйна завяршылася аперацыя «Баграціён» і тэрыторыя краіны была вызвалена ад захопнікаў. Бо 3 ліпеня 1944 года савецкія войскі вызвалілі Менск, але частка Беларусі яшчэ заставалася пад акупацыяй нацыстаў.

Hавiны
Тэст: Ці ведаеце вы гісторыю Другой сусветнай вайны ў Беларусі?
2021.07.03 09:00

19 верасня

19 верасня 1991 года БССР была перайменавана ў Рэспубліку Беларусь. Таксама ў гэты дзень былі прыняты новы дзяржаўны герб – «Пагоня» – і новы дзяржаўны сцяг – бел-чырвона-белы.

Герб «Пагоня» і БЧБ-сцяг на менскім Доме ўраду
Hавiны
Чаму сёння? На які дзень розныя краіны прызначаюць нацыянальныя святы
2021.07.03 08:30

АД belsat.eu

Стужка навінаў