Вайна на знясіленне замест бліцкрыгу. Галоўныя вынікі 100 дзён вайны


Вайна ва Украіне набыла зацяжны характар: ні Масква, ні Кіеў не маюць дастаткова рэсурсаў, каб дамагчыся бліжэйшым часам стратэгічнай перамогі. Захад паступова пашырае санкцыі супраць Расеі і нарошчвае аб’ёмы дапамогі Украіне, але гэтага недастаткова, каб карэнным чынам змяніць расклад сілаў. Belsat.eu падсумоўвае вынікі 100 дзён вялікай вайны.

Знішчаны ў выніку расейскага ракетнага абстрэлу будынак у Ірпіні, Украіна. 27 траўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Крах бліцкрыгу, адступленне і бітва за Данбас

Раніцай 24 лютага Расея без абвяшчэння вайны распачала маштабнае ўварванне ва Украіну. Расейскае войска перайшло ў наступ па ўсіх кірунках: з боку Беларусі, з падкантрольных «ЛДНР» тэрыторыяў Данбасу, з анексаванага паўвострава Крым, а таксама непасрэдна з расейскай тэрыторыі. Аднак на ўсіх стратэгічных напрамках атакі былі адбітыя, захапіць Кіеў і прарвацца ўглыб Украіны не атрымалася. Найбольшых поспехаў расейская армія дабілася на поўдні: быў захоплены Херсон, Мэлітопаль, Бярдзянск, Энэргадар і ўзяты ў аблогу Марыупаль.

Ужо ў пачатку сакавіка стала відавочна, што бліцкрыг, на які рабіў стаўку Крэмль, праваліўся. Праз велізарныя страты Расея была вымушаная адступіць на чарнігаўскім, кіеўскім і сумскім кірунках, гэтыя вобласці былі цалкам вызваленыя ад акупантаў. Пазней ЗСУ перайшлі ў контрнаступ на Харкаўшчыне, вызваліўшы значную частку тэрыторыі рэгіёну. Расея сутыкнулася з паразамі і на моры: 14 красавіка ўкраінцы патапілі флагманскі крэйсер «Масква», што зрабіла фактычна немагчымым высадку дэсанту ля Адэсы.

Акопы ўкраінскіх вайскоўцаў на падкантрольнай ім тэрыторыі, якая зазнае штодзённыя абстрэлы расейскай арміі. Херсонская вобласць, Украіна. 20 траўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

У гэтай сітуацыі расейскае кіраўніцтва вырашыла засяродзіцца на тым, каб дасягнуць поўнай перамогі на Данбасе. У красавіку расейцы пачалі перакідваць вайскоўцаў і тэхніку для генеральнага наступу, які, на задуму крамлёўскіх стратэгаў, мусіў прывесці да атачэння асноўных украінскіх сілаў. Бітву за Данбас анансавалі як найбуйнейшую ваенную аперацыю з часу Другой сусветнай вайны, якая вызначыць пераможцу ў канфлікце. Аднак па факце змаганне вылілася ў вельмі інтэнсіўныя, але пазіцыйныя баі з абмежаванымі цэлямі – тактычнымі, а не стратэгічнымі.

Да сярэдзіны траўня ўкраінцы паспяхова стрымлівалі націск праціўніка на Данбасе. Але за апошнія тыдні расейцам усё ж удалося прарваць фронт каля Папаснай і перахапіць ініцыятыву. Узнікла пагроза атачэння ўкраінскіх войскаў у ваколіцах Лісічанску і Севераданецку. У Севараданецку цяпер ідуць вулічныя баі.

Таксама ў траўні пасля амаль трох месяцаў жорсткіх баёў закончылася абарона «Азоўсталі» ў Марыупалі – горад цалкам перайшоў пад кантроль расейцаў. Паводле Мінабароны РФ, у палон трапілі 2439 украінскіх вайскоўцаў.

Аналітыка
Што чакае абаронцаў «Азоўсталі», якія трапілі ў палон
2022.05.24 13:08

Украінскія ўлады прызнаюць, што цяпер сітуацыя на фронце вельмі складаная. Але не факт, што бітву за Данбас Украіна прайграе – расейцы нясуць вялікія страты, маюць праблемы з рэзервамі і забеспячэннем. Нават калі яны захопяць большую частку Данбасу, гэта не будзе азначаць перамогі Пуціна ў вайне.

Пуцінскі тупік

Пасля краху бліцкрыгу Крэмль апынуўся ў тупіку: там не ведаюць, як перамагчы ў гэтай вайне, і не ведаюць, як яе спыніць, не страціўшы аблічча .

Расея сутыкнулася з праблемай нястачы рэзерваў. Брытанская выведка лічыць, што Расея страціла забітымі і параненымі траціну групоўкі, якая ўдзельнічалі ва ўварванні – першапачаткова яна налічвала не менш за 150 тысяч чалавек. Генштаб ЗСУ сцвярджае, што толькі забітымі праціўнік страціў звыш 30 тысяч вайскоўцаў. Нават прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў у інтэрв’ю «Sky News» прызнаў, што Расея панесла ва Украіне «значныя страты». Паводле «Медузы», у канцы сакавіку ў Крамлі прыйшлі да высновы, што ўзяць Кіеў наяўнымі сіламі проста немагчыма.

Карэнным чынам праблему жывой сілы магла б вырашыць усеагульная мабілізацыя. Але Пуцін баіцца на гэта пайсці, каб не справакаваць рэвалюцыі. Таму даводзіцца абмяжоўвацца «схаванай» або «ціхай» мабілізацыяй, калі колькасць арміі павялічваюць за кошт больш актыўнага прыцягнення кантрактнікаў.

Мужчына набірае пітную ваду ў бутэлькі. У сярэдзіне красавіка з прычыны баявых дзеянняў паблізу Мікалаева былі пашкоджаныя дзве галіны водаправоду, які падаваў ваду ў горад. Практычна месяц, пакуль не зрабілі свідравінаў, у мясцовых жыхароў не было вады. Але вада са свідравінаў тэхнічная, непрыдатная для піцця, таму жыхары Мікалаева кожны дзень набіраюць ваду з цыстэрнаў, якія прыязджаюць з Адэскай вобласці. Мікалаеў, Украіна. 17 траўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Пераадолець праблему стратаў тэхнікі і зброі яшчэ складаней. Ужо ў красавіку назіраўся недахоп высокадакладных ракетаў і сучаснай бранятэхнікі. У выніку Расея вымушаная ісці на раскансервацыю старога савецкага ўзбраення – напрыклад, 50-гадовых танкаў Т-62.

З іншага боку, Масква не ведае, як выйсці з вайны без катастрафічных унутрыпалітычных наступстваў. Прапаганда доўга стварала ваяўнічыя настроі ў грамадстве, і цяпер у Крамлі баяцца, што расейцы будуць абуранаыя любымі саступкамі «ўкраінскім нацыстам». У інфармацыйную прастору перыядычна ўкідваюцца заявы пра рэферэндум аб далучэнні «ДНР» і «ЛНР», магчымым уваходзе ў склад Расеі Херсонскай і Запарожскай вобласці. Але падобна на тое, што ў Маскве дагэтуль не вызначыліся, ці можна «прадаць» гэтыя ініцыятывы ў якасці перамогі ў вайне. Пра першапачатковыя мэты – «дэмілітарызацыю» і «дэнацыфікацыю» – усе ўжо забыліся.

Аналітыка
Слоўнік Пуціна. Якімі словамі Крэмль тлумачыць вайну з Украінай і што за гэтым стаіць
2022.03.07 18:53

Непрымірымасць Украіны

Ваенныя паразы Расеі ў сакавіку-красавіку прывялі да таго, што інакш сталі бачыць мэты вайны і ў Кіеве.

10 траўня кіраўнік МЗС Дмытро Кулэба заявіў, што ў першыя месяцы вайны «перамога для нас выглядала як адвод расейскіх войскаў на пазіцыі, якія яны займалі да 24 лютага, і аплата нанесенай шкоды». Але цяпер, калі Украіна будзе дастаткова моцнай на фронце, «перамогай для нас у гэтай вайне будзе вызваленне іншых нашых тэрыторыяў» (маецца на ўвазе Крым і Данбас).

«Нашыя планы зразумелыя – мы будзем дэакупаваць усю нашу тэрыторыю, якая належыць нам гістарычна і паводле ўсіх міжнародных законаў», – заявіў Уладзімір Зяленскі 31 траўня. Ён пры гэтым даў зразумець, што не будзе спяшацца з вызваленнем тэрыторыяў і гатовы чакаць адпаведнай зброі ад Захаду, «каб захаваць па максімуме нашых людзей».

Значным фактарам, які ўплывае на непрымірымасць лініі Украіны, сталі расейскія метады вядзення вайны. Расея праводзіць канцэнтраванае бамбаванне паселішчаў, цывільных аб’ектаў і інфраструктуры. Гэтак, у выніку няспынных абстрэлаў Расея фактычна зраўняла з зямлёй Марыупаль – там загінулі каля 22 тысячаў мірных жыхароў.

Пасля вызвалення ўкраінскімі войскамі Кіеўскай вобласці стала вядома пра шматлікія ваенныя злачынствы на акупаваных тэрыторыях. Расейскія войскі пакінулі пасля сябе выпаленыя паселішчы, больш за тысячу мірных жыхароў былі забітыя, ёсць інфармацыя пра масавыя выпадкі згвалтаванняў і марадзёрства. Найбольш жахлівыя звесткі прыходзілі з Бучы: паводле відавочцаў, гэтае мястэчка было проста «засеянае трупамі». Мірных жыхароў забівалі стрэлам у патыліцу, у некаторых былі звязаныя рукі і завязаныя вочы.

Hавiны
«Human Rights Watch» падрыхтавала даклад аб зверствах расейскіх войскаў ва Украіне
2022.05.18 13:37

Звесткі аб ваенных злачынствах Расеі ва Украіне толькі ўзмацняюць міжнародную ізаляцыю Крамля і падштурхоўваюць Захад да больш рашучых дзеянняў.

Асцярожнасць Захаду

Перадаваць Украіне цяжкое ўзбраеннем заходнія палітыкі спачатку баяліся: яны меркавалі, што гэта можа ўцягнуць іншыя краіны ў вайну з Расеяй. Але з цягам часу на Захадзе сталі больш скептычна ставіцца да пагрозаў Крамля.

Пераломным момантам можна лічыць канферэнцыю ў нямецкім Рамштайне, дзе 26 красавіка прадстаўнікі абаронных ведамстваў 40 краінаў свету (у тым ліку не чальцоў NATO) дамовіліся каардынаваць вайсковую дапамогу Украіне для яе барацьбы з расейскай агрэсіяй. А 9 траўня прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў Закон аб ленд-лізе, які дае магчымасць аператыўна развязваць пытанні пастаўкі ва Украіну амаль любой сучаснай зброі.

Аналітыка
Ленд-ліз для Украіны. Што азначае гэтая праграма, і пра што сведчыць гістарычны досвед
2022.04.29 18:59

Цяпер краіны Захаду накіроўваюць Украіне дальнабойную артылерыю, браняваную тэхніку, верталёты, зенітныя комплексы і супрацькарабельныя ракеты. Аднак хуткасць і аб’ёмы заходняй дапамогі пакуль застаюцца недастатковымі.

У некаторых пытаннях Захад працягвае праяўляць асцярожнасць. Напрыклад, ЗША доўга тармазілі пастаўкі высокадакладных ракетных сістэмаў залпавага агню MLRS/HIMARS, здольных знішчаць цэлі на адлегласці да 300 км. Паводле экспертаў, такія сістэмы маглі б змяніць расклад сілаў на фронце, але ў Вашынгтоне хацелі спачатку атрымаць гарантыі ад Кіева, што ЗСУ не будуць наносіць удары па тэрыторыі РФ. У выніку ўвесь травень Расея на Данбасе захоўвала значную перавагу ў агнявой моцы.

Надпіс «Жывуць людзі» на плоце дому ў Барадзянцы, Украіна. 27 траўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Падобная сітуацыя склалася і ў пытанні санкцыяў. З аднаго боку, санкцыі ЗША, ЕЗ і Брытаніі сапраўды можна лічыць беспрэцэдэнтнымі. З іншага боку, Захад пакуль не здольны цалкам адмовіцца ад расейскіх энергарэсурсаў – галоўнай крыніцы даходаў РФ. Прычым сярэднямесячныя даходы Крамля ад экспарту энергарэсурсаў з пачатку вайны толькі выраслі. Усяго за два з паловай месяцы вайны Еўразвяз заплаціў Расеі больш за € 20 млрд за нафту і звыш € 30 млрд за газ.

У шосты пакет санкцыяў, які ЕЗ ухваліў 30 траўня, усё ж было ўключана нафтавае эмбарга: пад абмежаванні трапілі марскія пастаўкі, што мусіць закрануць ⅔ экспарту расейскай нафты. Брусель таксама мае намер паступова адмовіцца ад расейскага газу, але цалкам пазбавіцца ад расейскіх энергарэсурсаў плануецца не раней за 2027 год.

Ізаляцыя і фактар Кітаю

Расея ў гэтым супрацьстаянні можа разлічваць толькі на сябе. Нават саюзнікі Крамля з АДКБ (за выключэннем Беларусі) аказаліся не гатовыя падтрымаць Расею ў вайне супраць Украіны.

Крамлёўская прапаганда сцвярджае, што ніякай ізаляцыі няма: супраць Расеі нібыта выступаюць толькі краіны Захаду, а астатні свет, у тым ліку такія буйныя дзяржавы, як Кітай і Індыя, іх падтрымлівае. Але рэальнае падтрыманне пуцінскай Расеі на міжнароднай арэне дэманструюць вынікі галасавання ў ААН: за рэзалюцыю з асуджэннем расейскай агрэсіі супраць Украіны прагаласавалі 140 дзяржаваў, а 38 краінаў устрымалася. Толькі 5 краінаў прагаласавалі супраць: РФ, Беларусь, КНДР, Эрытрэя і Сірыя.

Сярод тых, хто ўстрымаўся, быў і Кітай. Тэарэтычна Пекін мог бы надаць сур’ёзную дапамогу Расеі, як у вайсковым, так і ў эканамічным плане. Аўтарытэтныя заходнія выданні паведамлялі, што Расея папрасіла аб гэтым Кітай яшчэ ў сакавіку. Але пакуль няма падставаў казаць, што ў Кітай сапраўды мае намер дапамагаць Пуціну.

Афіцыйная пазіцыя Пекіну – нейтралітэт. Кітай выступае «за мір і супраць вайны», але і Крамля не асуджае. Заходніх санкцыяў Пекін афіцыйна не падтрымлівае, але ўлічвае іх і вымушаны праяўляць асцярожнасць у кантактах з Расеяй. Напрыклад, паводле звестак «The Washington Post», праз санкцыі Кітай рэзка скараціў экспарт тэхналогіяў у РФ.

Дзеці збіраюць грошы для Збройных сілаў Украіны. Барадзянка, Украіна. 27 траўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Пагроза эскалацыі і прагнозы

Цягам 100 дзён вайны неаднаразова ўзнікалі асцярогі наконт магчымай эскалацыі канфлікту і ўцягвання ў яго іншых краінаў. Расея прыбягала да ядравага шантажу, а таксама пагражала заходнім краінам нанесці ўдары па канвоям са зброяй. Рост напружання ў траўні назіраўся ў малдаўскім Прыднястроўі: хадзілі чуткі, што Расея можа выкарыстаць сваю групоўку на гэтай тэрыторыі для ўдару па Адэсе. Але найбольш рэальнай застаецца пагроза ўцягвання ў канфлікт Беларусі.

Рэжым Лукашэнкі і так суўдзельнік агрэсіі супраць Украіны. З тэрыторыі Беларусі наносіліся ракетныя і авіяцыйныя ўдары, адсюль разгортваўся наземны наступ расейскіх войскаў, які пагражаў Кіеву. Пасля адступлення з Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны беларускі кірунак перастаў быць прыярытэтным для Крамля. Аднак магчымасці новых удараў з тэрыторыі Беларусі, у тым ліку з удзелам беларускай арміі, эксперты не выключаюць.

Напружанасць апошнім часам толькі вырасла: цяпер на мяжы ідзе актыўная ратацыя беларускіх батальённа-тактычных групаў, праводзяцца вучэнні, а 26 траўня Лукашэнка загадаў стварыць на ўкраінскім кірунку асобнае аператыўнае камандаванне. Усё гэта вымушае ўкраінскі бок умацоўваць мяжу з Беларуссю і будаваць лініі абароны. Хаця імавернасць уцягнення ў вайну беларускай арміі ў Кіеве ўсё-ткі ацэньваюць невысока.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра пагрозу адкрыцця «новага фронту» ў Беларусі
2022.05.27 18:22

У любым выпадку Украіна і Расея рыхтуюцца да зацяжнога супрацьстаяння: ніводны з бакоў не мае сілаў для хуткай і канчатковай перамогі. Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў яшчэ ў сярэдзіне траўня канстатаваў, што канфлікт увайшоў у новую, доўгачасовую фазу. Паводле CNN, у Вашынгтоне мяркуюць, што вайна ва Украіне можа працягвацца да канца 2022 года. Украінская выведка таксама лічыць, што Пуцін гатовы весці маштабную вайну да канца 2022 года.

З гэтых разлікаў і распрацоўваюцца далейшыя планы. Паводле Рэзнікава, улады Украіны цяпер арыентуюцца на тое, каб забяспечыць зброяй, тэхнікай і амуніцыяй мільён чалавек.

Здымак вокладкі: Алесь Усцінаў / Белсат

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў