У Амерыку праз Мексіку. Нататкі палітычнага ўцекача з Беларусі


Беларус збег у Амерыку, бо не хацеў ісці ў беларускую армію. Ён плануе служыць у амерыканскай. Гісторыя нелегальнага пераходу мяжы.

Уладзь [імя змененае] пасля пачатку вайны з’ехаў з Беларусі ў ЗША, каб падацца на палітычны прытулак. У амерыканскай турме для мігрантаў ён вёў дзённік, частку якога мы выкарысталі ў артыкуле. У свой заплечнік маладзён паклаў майку з нацыянальным арнаментам, паштоўку, падпісаную Ромам Свечнікавым, і лісты ад сяброў. Перад ад’ездам ён зрабіў здымкі Менску і спампаваў беларускія творы на электронную кніжку. Праз мяжу павёз бел-чырвона-белы сцяг, з якім хадзіў на акцыі.

Мяжа паміж Мексікай і Амерыкай. Скрын з Google maps

Як прайсці мексіканска-амерыканскую мяжу

«Каб дабрацца да ЗША, я вылецеў з Беларусі ў Грузію, а пасля ў Турцыю, адтуль ужо паляцеў у Мексіку. У Мексіцы складанасць была ў тым, што мясцовыя спецслужбы разумеюць, што цяпер шмат украінцаў, беларусаў і расейцаў уцекачы. І «шыфравацца» давялося ў першую чаргу ад іх. Таму я прыляцеў з поўнай валізаю крэмаў для загару і масак для плавання. Забраняваў гатэль у іншым горадзе, а сам паехаў у Тыхуану. У Тыхуане (горад каля мяжы з ЗША) зусім няма чаго глядзець турысту, гэта адзін з самых небяспечных гарадоў. І таму там не варта сяліцца ў гатэлях надоўга – у службы бяспекі гэта выклікае падазрэнні.

Вуліцы мексіканскага гораду Тыхуана. Скрын з Google maps

Трэба знайсці і «ўпісацца» ў машыну, якая перавязе праз мяжу, – пошук займае час. Гэта можна лёгка зрабіць праз Тэлеграм. У расейцаў цэлы бізнес на гэтым пабудаваны. Ты набываеш сабе месца ў машыне на каліфарнійскіх нумарах і едзеш з рандомнымі людзьмі. Я заплаціў 1500 долараў – гэта сярэдняя такса. Два аўтамабілі: адзін пад завязку з беларусамі, другі з расейцамі. Калі перасякаем мяжу, то відаць толькі кіроўцу. Я скурчыўся на заднім сядзенні, дзе месца для ног, побач са мной была дзяўчына з Буратыі. Ейны муж і яшчэ адзін расеец былі ў багажніку. Мэта – пераехаць чатырма коламі праз умоўную рысу мяжы з ЗША і там папрасіць палітычнага прытулку.

Ужо на амерыканскім баку запускаецца працэс афармлення дакументаў. Я трапіў у бордар – гэта аналаг нашага ізалятару часовага ўтрымання, дзе далі патэлефанаваць сваякам.

Умоўная рыса мяжы Мексікі і ЗША. Скрын з Google maps

Амерыканскі аналаг Акрэсціна

«Самае цяжкае ў бордары – гэта пытанне з часам. Мы ў камеры без вокнаў, але з добрым кандыцыянерам. Адзінаццаць чалавек і адзін ложак. Спім на матрацах. І кожны дзень робім адцісканні, каб сагрэцца. Адзення і бялізны не мяняюць. Шкарпэткі ператвараюцца ў хімічную зброю. Затое водзяць у душ. Ежа каларыйная, але халодная. Там я прабыў шэсць дзён».

План бордару, амерыканскага аналагу ІЧУ. Дзённік героя
Даведка

Меню бордара: чыпсы, сок, бурыта, ланч-боксы, яблык, бургер, така, крэкеры.

«Кажуць, у дэтэншане (турме для імігрантаў) лягчэйшыя ўмовы. Пра гэта я даведаюся пазней».

Амерыканская турма: нават дзіцячы лагер бывае стражэйшы

«А другой гадзіны ночы заходзіць ахоўнік. Выводзіць мяне ў ангар бордару. Там мяне абшукваюць. І надзяваюць кайданкі на рукі і на ногі. Як на бандыта. Садзяць у аўтобус, потым у самалёт. Пакуль іду ў кайданах, трымаю галаву ганарліва і ўсміхаюся. Я ж убачыў сонца першы раз за тыдзень. У адказ лаўлю ўсмешкі амерыканцаў. Нас кормяць у самалёце, як на забой. Прылятаем у аэрапорт Александрыя. Я рагачу з таго, што трапіў на радзіму Лукашэнкі. Клімат у Луізіяне гарачы і вільготны. Градусаў 35. Прырода падобная да беларускай. З мяне здымаюць кайданы і выдаюць аранжавую робу. Аранжавы – значыць, што я бяспечны. Таму ахоўніцы-дзяўчаты заходзяць па адной без зброі ў нашую камеру на 60 чалавек. Ёсць нават 80-гадовая супрацоўніца. А мужчыны-ахоўнікі ціснуць нам рукі і гуляюць у баскетбол. Мы атрымліваем адзенне, бялізну, шампуні і зубную пасту, і нас кормяць яшчэ раз».

Выгляд зверху на турму ў Луізіяне, дзе Уладзь правёў два тыдні ў каранціне. Дзве баскетбольныя пляцоўкі з турнікамі і два футбольныя полі. На вуліцы туалеты, як і ўнутры, рукамыйнікі і фантанчыкі з пітной вадой. Доўгі будынак – медычны цэнтр, бібліятэка, крама, склад і месцы для сустрэчаў. Шэры падстрэшак – пляцоўкі для баскетболу, каб сонца не напякло. Скрын з Google maps

«Тут глабальная камп’ютарная рэвалюцыя. У нас дзевяць планшэтаў на блок. Праз іх можна замовіць смачняхі, запытаць медычную дапамогу ці пропуск у бібліятэку.

Я замовіў асадку, швэдар, блакнот і берушы. Захварэў – і праз дзве гадзіны атрымаў медычную дапамогу. У бібліятэцы бяру кнігу «451 градус паводле Фарэнгейта» і прапампоўваю свой інгліш. У нас ёсць душ, мікрахвалеўка, шашкі, шахматы і нарды для армянаў. Персанал мяняе дыванкі і коўдры. Карацей, дзіцячы лагер і тое бывае стражэйшы».

У турме для імігрантаў Уладзь прабыў два тыдні. Кажа, што «белых» адпускаюць хутчэй.

«Дзённікі запісаныя ад рукі ў Луізіяне ў дэтэншане. Асадкай, якую мне даў адзін з самых добрых ахоўнікаў. Даваць асадкі, якімі можна рабіць дзіркі ў сукамерніках, нельга»

500 баксаў тут – гэта паход у краму. А ў Беларусі – заробак

Цяпер маладзён жыве ў Сан-Францыска ў сваяка і чакае Зялёнай карты, каб мець доступ да працы і вучобы. У турме яго хацелі аформіць як расейца:

«Тут амерыканцы пачынаюць запісваць мяне да маскалёў. Я разам са сваім унутраным Каліноўскім сцішваю крыкі «No Russia!» і атрымліваю ID-картку з надпісам «Byelarus».

Сан-Францыска, ЗША. Скрын з Google maps

«Адчуванне, што я трапіў у іншы свет. Усе займаюцца спортам, пенсіянеры не плануюць паміраць: бегаюць, фліртуюць, сядзяць у барах. Курыць тут не модна, гэтага ніхто не робіць. Мінімальны заробак у Каліфорніі 17 долараў на гадзіну, і гэтага будзе хапаць на жыццё. Але спачатку трэба прызвычаіцца, што 500 баксаў – гэта паход у краму. А ў Беларусі – цэлы заробак. І ўсе ездзяць на машынах, нават школьнікі. Далей я планую вучыцца, тут гэта магчыма бясплатна. І хачу пайсці служыць у амерыканскую армію. Бо потым прасцей легалізавацца, і тут гэта выклікае пашану».

Чаму з’ехаў і як развітваўся з Беларуссю

Уладзь кажа, што з’ехаў «з аб’ектыўных прычынаў»: «З працай і заробкам стала кепска. Ды і стала небяспечна. Мне прыйшла позва на зборы. Я разумею: што скажа Пуцін, тое і будзе рабіць Лукашэнка. А ваяваць у мяне жадання няма. Дарэчы, расейцы таксама збольшага з-за гэтага з’язджаюць. Я быў вельмі актыўны ў 2020 і 2021 гадах, быў на антываенных мітынгах. Вырашыў не чакаць».

Менск. Скрын з Google maps

Маладзён скончыў гістарычны факультэт. І пра археалогію і гісторыю кажа доўга і з захапленнем. Ён гэтым жыве. Моцна перажывае за выкладчыкаў, якія былі вымушаныя з’ехаць, і прыгадвае, як увогуле абіраў свой шлях: «У школе ў мяне быў малады настаўнік па гісторыі Беларусі. Ён казаў толькі праўду. І пра палітыку ў тым ліку. І я хацеў быць падобным на яго».

Дзённік героя

Хлопец жыў таксама і валанцёрскай дзейнасцю. Ягоная жарсць – спорт і ролікі, на працягу некалькіх гадоў ён арганізоўваў начныя катанні. Апошні раз быў затрыманы міліцыяй.

Працаваў з маркетплэйсамі (онлайн-крамамі). Пасля пачатку вайны яго скарацілі.

«Я афіцэр запасу, бо скончыў вайсковую кафедру. Пасля 24 лютага большасць нашых хлопцаў з кафедры дзёрнулі з краіны, ім сталі прыходзіць позвы. Мне не страшна пайсці ў армію, але ў цяперашніх умовах я б не пайшоў».

Перад ад’ездам Уладзь пазычыў у сябра стужкавую камеру за 5 рублёў і зрабіў каля 300 здымкаў Менску на памяць. А таксама раздаў у добрыя рукі свае кнігі. «Добрыя кнігі!»

Фотаздымкі Менску, зробленыя Уладзем перад ад’ездам з Беларусі
Менск 2022. Фотаздымкі героя
Фотаздымкі Менску, зробленыя Уладзем перад ад’ездам з Беларусі
Менск 2022. Фотаздымкі героя
Фотаздымкі Менску, зробленыя Уладзем перад ад’ездам з Беларусі
Фотаздымкі Менску, зробленыя Уладзем перад ад’ездам з Беларусі
Фотаздымкі Менску, зробленыя Уладзем перад ад’ездам з Беларусі
Фотаздымкі Менску, зробленыя Уладзем перад ад’ездам з Беларусі
Фотаздымкі Менску, зробленыя Уладзем перад ад’ездам з Беларусі

 

Фотаздымкі Менску, зробленыя Уладзем перад ад’ездам з Беларусі

«Я вярнуся абавязкова: калі зразумею, што прыйшла дэмакратычная ўлада. Я хацеў бы ўдзельнічаць ва ўзнаўленні археалогіі, роварнага руху, спорту. Я стану валанцёрам максімальна шырокага профілю. Я беларус. У мяне няма ілюзіі, што я быў папараць-кветкай, прыехаў сюды – і рэзка стаў пальмай. Я ўсё тая ж папараць-кветка, проста расту на іншай зямлі».

Аліса Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў