Стала вядома, калі Украіна разлічвае атрымаць статус кандыдата на сяброўства ў ЕЗ


Віцэ-прэм’ерка ў пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Вольга Стэфанішына заявіла, што Украіна разлічвае атрымаць статус кандыдата на сяброўства ў ЕЗ ужо ў канцы чэрвеня. Заява прагучала на Міжнародным форуме ў пытаннях бяспекі «Globsec» у Браціславе, паведамляе карэспандэнт «Белсату».

Вольга Стэфанішына.
Фота: Yuliia Ovsiannikova Ukrinform / ddp images / Forum

Паводле Стэфанішынай, украінскі бок разумее складанасці працэдуры прыняцця калектыўных пастановаў у межах Еўрапейскага Звязу. У выпадку з заяўкаю Кіева на сяброўства ў ЕЗ неабходнае падтрыманне лідараў усіх 27 краінаў, абʼяднаных цяпер у Еўрапейскім Звязе.

Разам з тым, украінскія ўлады разлічваюць атрымаць юрыдычны адказ з боку Бруселю цягам гэтага месяца.

«Вы, беларусы, цудоўна ведаеце лекцыі гісторыі. Мы не верым у абяцанні. У сакавіку Украіне далі абяцанне, што Украіна стане чальцом Еўрапейскага Звязу. Мы патрабуем канкрэтных рашэнняў, каб у канцы чэрвеня Украіна сталася кандыдатам на сяброўства ў ЕЗ. Гэта юрыдычнае рашэнне, абавязковае і для нас, і для Еўропы», – заявіла Стэфанішына ў размове з карэспандэнтам «Белсату».

Паводле Стэфанішынай, гэтая пастанова важнаЯ ў тым ліку і для Расейскай Федэрацыі, каб у Крамлі разумелі, што Украіна ёсць часткаю дэмакратычнага свету.

Міжнародны форум у пытаннях бяспекі «Globsec» праходзіць у сталіцы Славаччыны з 2 да 4 чэрвеня. Сярод удзельнікаў форуму – і беларуская дэлегацыя на чале са Святланаю Ціханоўскаю.

Інтэрв’ю
Святлана Ціханоўская: «Цяпер вызначаецца лёс Беларусі і Еўропы. Мы не спыняем працы ні на дзень»
2022.06.03 13:46

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў