Рэзерваў у Пуціна практычна не засталося. Інтэрв’ю з Тарасам Беразаўцом

Расейскае камандаванне кідае ў бой непадрыхтаваных жаўнераў. Агрэсар выдыхаецца, расце дэзерцірства, загады не выконваюцца. У чым цяпер дзве галоўныя задачы Генеральнага штабу Украіны? Што будзе з расейскімі войскамі на правым беразе Дняпра? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Тарасам Беразаўцом, знаным украінскім палітычным і вайсковым аналітыкам, які цяпер на фронце каля Мікалаева.

Сяргей Пеляса: Мне здаецца, Крэмль больш робіць стаўку на тое, каб захапіць тэрыторыю да нейкіх канкрэтных датаў, не ашчаджаючы войска. Украіна, наадварот, беражэ войска, калі наносіць страты расейскім акупантам. І з гэтым звязаныя дзеянні ўкраінскага Генштабу, у тым ліку частковае часовае адступленне з Севераданецку. Як вы бачыце стратэгічную сітуацыю на фронце?

Тарас Беразавец: Сітуацыя бачыцца вельмі зразумелай і простай. Галоўная мэта Генштабу ЗСУ – захаваць асабовы склад і нанесці ворагу максімальна цяжкія страты. Абедзве гэтыя задачы ў значнай ступені выкананыя. Нягледзячы на тое, што сёння Севераданецк кантралюецца расейскай арміяй на 70 %, горад практычна разбураны. Там няма за што змагацца. Каб пазбегнуць стратэгічнага ачаплення, падраздзяленні ўкраінскай арміі выводзяцца з Севераданецку. Далей расейцам будзе нашмат складаней. Іх чакае Лісічанск, размешчаны на ўзвышшы: яго ўкраінскай арміі будзе значна прасцей абараняць.

Акрамя таго, мы бачым прыкметы вытыхання расейскіх узброеных сілаў і падраздзяленняў так званых ДНР і ЛНР. Яны зазналі катастрафічныя страты. Праз гэта велізарны рост дэзерцірства, адмовы выконваць загады. Нягледзячы на агульнае паляпшэнне кіравання войскамі, фіксаванае нашаю выведкаю, можна сказаць, што ў іх практычна не засталося аператыўных рэзерваў. Калі Пуцін кідае ў бой 65-гадовых ветэранаў… Мы бачым тых ваеннапалонных, якія цяпер трапляюць да нас, гэта 18- і 19-гадовыя цалкам непадрыхтаваныя хлапчукі. Падлеткі, якія не маюць ні досведу, ні маральнай падрыхтаванасці, адпаведнай для вядзення ваенных дзеянняў. Гэта галоўны вынік.

Вайна на знясіленне замест бліцкрыгу. Галоўныя вынікі 100 дзён вайны

Выматаць ворага, нанесці яму максімальна цяжкія страты, пазбавіць яго аператыўных рэзерваў перакідваннем. Мы бачым, што, у адрозненне ад Узброеных сілаў Расеі, здольных весці стратэгічны наступ толькі на Данбасе, украінскае войска паспяхова супрацьстаіць спробам наступу на поўначы і праводзіць паспяховыя контрнаступальныя дзеянні на поўдні. У прыватнасці, дзе мая брыгада.

Першы батальён нашай асобнай брыгады спецпрызначэння ўзяў удзел у паспяховым контрнаступе на херсонскім кірунку. Дзе пранікненне на варожую тэрыторыю складае ад 10 да 15 км, вызвалены шэраг паселішчаў і вораг зазнаў цяжкія страты. У прыватнасці, напярэдадні наш батальён знішчыў тры БТР, да 20 вайскоўцаў расейскай арміі, у тым ліку і чатырох вагнэраўцаў. Як мы бачым з радыёперахопаў, тыя падраздзяленні, што стаяць, пачуваюцца смяротнікамі. Яны размешчаныя на правым беразе Дняпра. У выніку знішчэння пераправаў яны будуць прыціснутыя. Ім застанецца альтэрнатыва: быць цалкам знішчанымі або здацца ў палон.

Расейскае камандаванне кідае ў бой непадрыхтаваныя падраздзяленні. У іх ліку крымская ды бурацкая брыгады і падраздзяленне ДНР, якое самі расейцы пагардліва называюць беспрытульнікамі. Яны смяротнікі, яны гэта ўсведамляюць. Таму ў іх рост дэзерцірства, у тым ліку забойства расейскіх афіцэраў, рост невыканання загадаў, факты марадзёрства мясцовага насельніцтва, бо іх пазбавілі харчоў, у іх няма вады. Яны рабуюць мясцовае насельніцтва або пад пагрозаю забойства прымушаюць мясцовае насельніцтва выязджаць на кантраляваныя ўкраінскай уладай тэрыторыі, купляць прадукты, гарэлку і прывозіць ім на пазіцыі.

100 дзён вайны ва Украіне. Як змяніліся ўкраінскія гарады пасля ўварвання

Акрамя таго, яны спрабуюць цяпер імітаваць наступ Узброеных сілаў Беларусі з беларускай тэрыторыі, выкарыстоўваюць інфармацыйныя закіды з пагрозамі, што Лукашэнка аддасць загад Узброеным сілам Беларусі наступаць. Там брыгадаў ЗСУ і тэрытарыяльнай абароны больш, чымся трэба, каб нанесці крытычныя страты ў выпадку падобнага наступу. Я думаю, што Лукашэнка, які ўсведамляе катастрафічныя наступствы для сябе, знойдзе спосаб сабатаваць загад, які яму аддасць Пуцін пра наступ беларускага войска на ўкраінскую тэрыторыю. Мы бачым, у тым ліку дзякуючы дапамозе заходніх супольнікаў, на спадарожніках размяшчэнне гэтых падраздзяленняў і іх перамяшчэнне. Сітуацыя цалкам кантралюецца.

Як вы бачыце цяпер стратэгію Захаду ў дачыненні Украіны? Гэта, хутчэй, жаданне ісці разам з Украінаю да поўнай перамогі над Расеяй, выгнанне акупантаў з тэрыторыі Украіны ці, хутчэй, выяўляюць сябе палітыкі, якія жадаюць нейкім чынам угаварыць ці прымусіць Украіну да частковай капітуляцыі, здачы часткі тэрыторыяў, каб заткнуць пашчу Пуціну на пэўны час?

Будзем казаць адкрыта: на Захадзе ёсць розныя пункты гледжання ў дачыненні Украіны і завяршэння гэтай вайны. Ёсць пазіцыя згодніцкая, якую ў значнай меры займаюць сёння ўрады Нямеччыны, Францыі, Італіі ды Вугоршчыны. Яны застаюцца ў меншасці, якая, у прынцыпе, у рознай ступені так ці інакш хоча найхутчэйшага завяршэння гэтай вайны і вяртання да палітыкі адносна Пуціна «business as usual», як гэта было да 24 лютага. Гэтая палітыка ў значнай ступені не падтрымліваецца астатнімі краінамі NATO і ЕЗ.

Акрамя таго, мы бачым цвёрдую палітыку адміністрацыі прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. Тут паказальная ягоная аўтарская калонка, якую ён напярэдадні апублікаваў ва ўплывовым выданні «The New York Times». Там ён выклаў сваё бачанне і заявіў, што ніякіх кампрамісаў наконт Пуціна не будзе да моманту дэакупацыі тэрыторыі. ЗША не пойдуць ні на якія перамовы і не будуць спрыяць іх правядзенню, пакуль Пуцін не адмовіцца ад уласных экспансіянісцкіх планаў ды не вернецца да зыходнага пункту, вярнуўшы ўсе захопленыя ўкраінскія тэрыторыі.

ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць расейскага кіраўніцтва

Гэта датычыць у тым ліку таго, што ЗША пастанавілі перадаць Украіне сістэмы рэактыўна-залпавага агню, якія могуць вызначальна паўплываць не толькі на вынік бітвы на Данбасе, але і ў цэлым на вынік гэтай вайны. Мы разумеем, што Расея яшчэ мае вычарпальныя запасы, не мае супольнікаў, валодае ўсё меншым, усё больш старым і архаічным арсеналам зброі. Тым часам ва Украіну наўзамен старога савецкага і расейскага ўзбраення паступае новае, самыя новыя заходнія сістэмы. Вынік гэтай вайны відавочна будзе вызначаны дзеяннямі сістэмаў рэактыўна-залпавага агню і пастановаю адміністрацыі Байдэна перадаць Украіне сістэмы GMLRS і HIMARS. Гэта можа прадвызначыць вынік бітвы.

Гэта не значыць, што вайна скончыцца хутка, тым не менш мы будзем разумець, што рушым да фінальнага сумнага для Расеі выніку. Што да таго, ці ўдасца Захаду падвесці Украіну да нейкіх балючых кампрамісаў – не думаю. У значнай меры таму, што грамадская думка ва Украіне цяпер у абсалютнай большасці выступае супраць любых перамоваў і саступак Пуціну, прынамсі да вяртання на пазіцыі да 24 лютага. То бок поўнай дэакупацыі. Калі мы пабачым наступ украінскай арміі ды вызваленне поўдня, Херсонскай вобласці, ясна, што чаканні вырастуць яшчэ больш, будуць патрабаванні вызваліць Данецк і Луганск, а затым і Крым. Ці будуць пэўныя спробы Захаду гэта спыніць? Калектыўна – не, але спробы асобных дзяржаваў, ужо пералічаных мной у пачатку, відавочна, будуць, каб прымусіць Украіну спыніцца. Але я не думаю, што яны будуць плённымі.

Мы бачым, што і Польшча даслала афіцыйны запыт у ЗША на 500 комплексаў HIMARS. Гэта нават больш, чымся ў самых ЗША ёсць на ўзбраенні. У іх 350 усяго. Гэта замова на гады, бо фірма «Lockheed Martin», што іх вырабляе, можа рабіць толькі 72 штукі за год. Неафіцыйна гаворыцца, што гэтая замова ўлічвае таксама будучыя патрэбы Украіны. То бок Польшча будзе купляць з мэтаю таксама перадаць Украіне. Разлік ідзе на абарону Украіны на шмат найбліжэйшых гадоў. Я не кажу, што вайна працягнецца гэтыя гады: гэта каб запэўніць будучую бяспеку Украіны. Гэта мая рэфлексія.

Яшчэ пытанне: сто дзён ідзе вайна. Ці можна нейкім чынам, з увагі на цяперашнія тэндэнцыі, прадбачыць, як можа выглядаць аптымістычны сцэнар для Украіны з украінскага пункту гледжання, вашага пункту гледжання яшчэ праз сто дзён. Як бы вы хацелі бачыць гэтую сітуацыю ў пачатку верасня?

У гэтай сітуацыі шмат «калі». Я б не хацеў казаць пра аптымістычным сцэнары і пра тое, чаго мы хочам. Нашыя мэты застаюцца нязменнымі і праз сто дзён, і праз дзвесце, і праз трыста. Мы будзем імкнуцца да поўнай дэакупацыі ўсёй тэрыторыі Украіны, разам з Данецкам, Луганскам, а таксама Аўтаномнай Рэспублікай Крым і Севастопалем. Украіна ў кожным разе пойдзе да канца. Мы не будзем спыняцца на паўдарозе, а будзем працягваць захады дзеля дэакупацыі нашай тэрыторыі. Якая нашая дыспазіцыя будзе праз сто дзён, давайце паглядзім.

Зразумела, што мы будзем імкнуцца зламаць да таго часу расейскую ваенную машыну на поўдні і выйсці на ўзбярэжжа Азоўскага і Чорнага мораў. Як мінімум, на адміністрацыйныя межы Крыму. І пры магчымасці – пачаць дэакупацыю двух нашых усходніх гарадоў, Луганску і Данецку. Мяркую, гэта ідэальны план да канца лета, у значнай ступені ён залежыць ад хуткасці ленд-лізу. Наколькі хутка будуць ажыццяўляцца пастаўкі сучаснага ўзбраення для ЗСУ.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 02.06.2022

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны