Польшча не марыць пра ўсходнія крэсы

Антыпольскія комплексы Лукашэнкі і Пуціна параджаюць фэйкі пра тэрытарыяльныя прэтэнзіі Варшавы да суседзяў.

Падчас апошняй сустрэчы з Пуціным у траўні Лукашэнка з сур’ёзным выразам твару пераконваў, што Польшча хоча забраць Заходнюю Украіну, каб вярнуцца да межаў 1939 года. Традыцыйна ўжо прыгадаў, што Варшава «мае такую ж стратэгію і ў дачыненні Заходняй Беларусі». А некалькі дзён таму сакратар расейскага Савету бяспекі Мікалай Патрушаў заявіў, што Польшча нібыта ўжо пачала «захоп тэрыторыяў на Захадзе Украіны». А ў гэты ж час крамлёўскія прапагандысты паказваюць мапы, як мае выглядаць Украіна пасля «падзелу», і прыкормленыя эксперты, якія хіба ніколі не былі ў Польшчы, распавядаюць пра нібыта польскія гістарычныя прэтэнзіі да ўсходніх крэсаў. Складана ўявіць, колькі расейцаў і беларусаў вераць такой прапагандзе. Але ж хлусня, паўтораная тысячу разоў, для пэўнай часткі насельніцтва ўсё ж такі робіцца праўдаю.

Сяло Сідаравічы, Кіеўская вобласць, Украіна. 30 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Па-першае, Польшча – дэмакратычная краіна, па-другое, гэта краіна Еўразвязу, па-трэцяе – NATO. А гэта выключае тэрытарыяльную экспансію і захоп тэрыторыі іншых краінаў. Інакш Польшча не была б сённяшняю Польшчай і не была б у сённяшніх межах. Назіраючы за польскаю палітыкаю на працягу апошніх чатырнаццаці гадоў, ніколі не чуў, каб у публічнай прасторы ўсурʼёз абмяркоўвалася вяртанне Польшчы да межаў 1939 года. Горадня і Львоў для палякаў – вельмі важная і балючая частка гісторыі, бо памяць пра Сібір, рэпрэсіі ды расстрэлы жыве. Справы польскай меншасці за ўсходняю мяжой, адукацыі, культурная і гістарычная спадчына, помнікі архітэктуры і могілкі. Такія тэмы таксама вельмі сур’ёзна ўспрымаюцца Варшавай. Але на гэтым польская заангажаванасць на крэсах заканчваецца.

У Польшчы няма нястачы зямлі, няма перанаселення, як, напрыклад, у суседніх з расейскім Далёкім Усходам кітайскіх правінцыях (Хэй-Лун-Цзян, Ці-Лінь) з дзясяткамі мільёнаў жыхароў. Наадварот, польскія рэгіёны, якія мяжуюць з Беларуссю і Украінаю, перажываюць вялізны дэмаграфічны крызіс, бо эканамічная сітуацыя там значна горшая, чымся ў цэнтральнай і заходняй частках краіны. Чаму? Дастаткова паглядзець на лічбы, каб зразумець, у які бок глядзіць сучасная Польшча і яе эканоміка. Тавараабарот з Беларуссю і Украінаю разам узятых складае менш за 10 мільярдаў еўраў, з Нямеччынаю – больш за 150 мільярдаў еўраў (звесткі за 2021 год). Відавочны адток маладога пакалення з Падляшша і Падкарпацця ў іншыя рэгіёны ды такія буйныя гарады, як Варшава, Кракаў, Познань, Люблін ці Вроцлаў. Таму Польшча сёння патрабуе стымуляваць развіццё ўсходніх і паўднёвых рэгіёнаў, патрабуе працоўнай сілы для сельскай гаспадаркі ў гэтых частках краіны, а не пашырэння тэрыторыі.

Меркаванні
Дыктатура, збожжа і геапалітыка. Ці магчымая новая здзелка з Лукашэнкам?
2022.05.21 13:53

У Крамлі пра гэта не ведаюць? Ведаюць. Але ж там не могуць раскрыць сапраўдных прычынаў беспрэцэдэнтнай польскай дапамогі Украіне. А паводле апошняга нумару ўкраінскага выдання «Forbes», Польшча заняла першае месца сярод сяброў Кіева. Прычына простая. Незалежная Украіна ўзмацняе незалежнасць Польшчы. Палякі не хочуць мець новай мяжы з Расеяй, якая парушыла ўсе магчымыя міжнародныя трактаты і правілы. Расеяй, якая вядзе агрэсіўную імперскую палітыку і акупуе тэрыторыі іншых суверэнных краінаў. Расея ўжо сталася сінонімам вайны. Пра гэта ж не скажа расейскае тэлебачанне, таму прасцей бясконца паўтараць хлусню пра нейкія «тэрытарыяльныя прэтэнзіі Варшавы».

А што можа сказаць пра Польшчу Лукашэнка? Напэўна не скажа пра тое, што Польшча падтрымлівае дэмакратычную супольнасць, бо ператварыў краіну ў турму. Не скажа ж, што Польшча хоча мець побач нармальнага прадказальнага суседа, а не залежны ад Масквы рэжым. Лукашэнка і Пуцін не распавядуць сваім грамадзянам, што такое ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасці (ППЗ). Гэта звесткі міжнародных фінансавых інстытутаў, якія кожны год паказваюць узровень жыцця ў больш як 220 краінах свету. Вось Польшча, паводле сёлетніх даных Міжнароднага валютнага фонду (IMF), – на 54-м месцы. Расея – на 78-м, а Беларусь ажно на 95. Крыху лепш за Туркменістан, але горш за Аргенціну ці Уругвай.

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў