Грузія, Турцыя, Літва ці Польшча? Дзе беларусам лячыцца за мяжою: краіны і кошты


Беларусам, якія мусілі з’ехаць з радзімы, раней ці пазней даводзіцца сутыкацца з патрэбаю звярнуцца да дактароў у новай краіне. На фоне рэпрэсіяў супраць прыватнай медыцыны, распачатых гэтым траўнем уладамі Беларусі, разглядаць магчымасці выезду на лекаванне за мяжу сталі і тыя, хто застаецца ўдома. «Белсат» паглядзеў, колькі каштуюць найбольш папулярныя медычныя паслугі ў краінах, куды апошнія гады найчасцей выязджаюць беларусы.

Городская поликлиника № 8 в Минске
Гарадская паліклініка № 8 у Менску, Беларусь. 24 лістапада 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Грузія: стаматалогія

Медычны турызм у Грузіі апошнім часам набірае абароты. Флагманам сярод іншых паслуг сталася стаматалогія. Беларусаў, якія едуць лячыць зубы ў Грузію, прывабліваюць адразу некалькі фактараў: ніжэйшыя, чымся на радзіме, кошты; хуткасць; просты заезд у краіну.

У Грузіі існуюць стаматалагічныя клінікі, што прапаноўваюць поўнае суправаджэнне і прадаюць сапраўдныя «туры па зубы». Гэта амаль што пакеты «ўсё ўлучана» – там і індывідуальная праграма, і пражыванне ва ўласным гатэлі клінікі (напрыклад, клініка «Эліт» у Тбілісі прапаноўвае сустрэчу ў аэрапорце, дзве бясплатныя ночы ў гатэлі пры ўмове комплекснага стаматалагічнага лячэння), экскурсіі па краіне. Ну і ўласна развязанне зубных праблемаў.

У Грузію едуць па пратэзаванне, бо тут прапаноўваюць паставіць патрэбную колькасць імплантаў усяго за адзін дзень. На ўзбярэжжы Чорнага мора, у Батумі, ёсць стаматалагічная клініка, што працуе паводле аўтарскай методыкі мясцовага доктара Гіёргі Патараі ды абяцае вынік нават пры поўнай адэнтыі (адсутнасці зубоў) за 3-4 гадзіны. Дакладных цэнаў пратэзавання на абедзве сківіцы клініка не называе, бо гэта залежыць ад кожнага канкрэтнага выпадку, але прыкладны кошт можа скласці каля € 12 тысячаў.

Кошт зубных імплантатаў у Грузіі вагаецца паміж $ 250–400, каронак на імплантаты – паміж $ 100–200.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Yelena Afonina / TASS / Forum

Першая кансультацыя, падчас якой доктар нічога вам не будзе рабіць, а проста ацэніць сітуацыю і прызначыць абследаванні ці наступны прыём, бясплатная.

Звычайная пломба будзе каштаваць 50–150 лары ($ 17–51). Выдаленне зуба – 40–100 лары ($ 14–34,5). Кошты залежаць ад клінікі, складанасці працы, матэрыялу.

У клініцы «MyDent» у Батумі, напрыклад, прапануюць пломбы ад 50 лары ($ 17) для дзяцей, ад 80 ($ 27,5) – для дарослых, лекаванне каналаў – ад 125 лары ($ 43,1). Кошт імплантатаў тут пачынаецца ад $ 350.

Грузія: лекаванне ў вузкіх спецыялістаў і аналізы

Адносна недарагія ў Грузіі іншыя медычныя паслугі, не толькі стаматалогія: кошты цалкам параўнальныя з беларускімі, акрамя лекавання ў шпіталях і аперацыяў.

Мясцовыя медычныя страхоўкі ў Грузіі пакрываюць значную суму выдаткаў на візіты да вузкіх спецыялістаў. Агляд у сямейнага доктара пры гэтым бясплатны, як і агульнае абследаванне раз на год (аналізы крыві, мачы, кардыяграма). Часткова пакрываюцца выпісаныя лекі (да 45–50 %).

Грузінскія медычныя страхоўкі ўключаюць у сябе і планавую стаматалогію, пры гэтым простыя працэдуры (чыстка, лячэнне карыесу, пламбаванне) пакрываюцца на 50–70 %, пратэзаванне – на 10–50 %.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Cor Gaasbeek / Pixabay

Без страхоўкі прыём у вузкага спецыяліста (гінеколага, эндакрынолага, гастраэнтэролага і да т. п.) будзе каштаваць 50–80 лары ($ 17–27,5). УГД можна зрабіць за 70–100 лары ($ 24,1–34,5). Аналіз крыві каштуе 20–30 лары ($ 6,9–10,3). У Грузіі за паўторны прыём, калі ты прыходзіш да доктара з вынікамі аналізаў, плаціць не трэба. Таксама дактары спакойна даюць свае кантакты і просяць тэлефанаваць у разе патрэбы.

Акрамя ўласна лекавання, у Грузію едуць па аздараўленчыя працэдуры. Тут ёсць 183 курорты, санаторыі з шырокім спектрам паслугаў.

Турцыя

Гэта яшчэ адна краіна, куды беларусам не патрэбная віза і дзе кошты на медыцыну ніжэйшыя, чым у Еўропе (але вышэйшыя, чым у Грузіі), а лекаванне можна спалучыць з адпачынкам – тут вельмі развіты медычны турызм і пакеты «ўсё ўлучана». У Турцыю па медычныя паслугі едуць з усіх суседніх краінаў.

На стаматалагічныя паслугі сярэднія цэны ў Турцыі наступныя:

  • імплантат – $ 190–1650;
  • змяненне формы зуба – $ 100–200;
  • КТ адной сківіцы – $ 150–200;
  • імплантацыя паводле тэхналогіі «All-on-4» – $ 1900–11 500.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У Турцыю едуць і дзеля пластычнай ды эстэтычнай медыцыны. У прыватнасці турэцкія эстэтычныя клінікі вядомыя паслугамі перасаджвання валасоў. Кошты на пластычную ды эстэтычную медыцыну, паводле інфармацыі «Bookimed»:

  • перасаджванне валасоў – $ 900–3800;
  • рынапластыка – $ 990–5950;
  • ліпасакцыя – $ 720–10 200;
  • павелічэнне грудзей – $ 1400–9000.

За $ 30–400 у Турцыі можна зрабіць УГД, за $ 40–400 – мамаграфію.

Літва

Пасля таго як былі знятыя абмежаванні выезду ў краіны Еўразвязу, беларусы могуць накіравацца па лекаванне ў Літву ці Польшчу. Прыводзім для параўнання кошты.

На сайце літоўскай клінікі «Kosmodentas» падаюцца наступныя цэны на стаматалагічныя паслугі:

  • рэнтгенаўскі здымак – € 10;
  • панарамны рэнтгенаўскі здымак – € 20 (калі хочаш забраць на рукі, трэба даплаціць яшчэ € 1);
  • КТ сківіцы – € 50;
  • кансультацыя імплантолага, артадонта – € 15;
  • лекаванне карыесу: пломба каштуе € 20–130, да гэтага дадаюцца кошты ўсіх дадатковых працэдураў, напрыклад, толькі рыхтаванне аднаго каналу апаратным спосабам каштуе € 25, выдаленне старой пломбы – € 10;
  • пратэзаванне: каронкі, у залежнасці ад матэрыялу, – € 110–340;
  • інсталяванне імплантата (за імплантат – € 500–600, аднак канчатковы кошт можа быць нашмат вышэйшы з улікам дадатковых працэдураў).
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: lrt.lt

У іншых клініках пратэзаванне каштуе ад € 556 да 850 і вышэй.

Польшча

Варшаўскія клінікі прапануюць наступныя кошты на стаматалагічныя паслугі:

  • кансультацыя – 150 злотых ($ 35,2);
  • адаптацыйны візіт для дзіцяці – 150 злотых ($ 35,2);
  • выдаленне малочнага зуба – 180 злотых ($ 42,3);
  • болепаталенне – 50 злотых ($ 11,7);
  • лекаванне зубных каналаў – 700–1550 злотых ($ 164,5–364);
  • выдаленне зуба – 440–1550 злотых ($ 338–364);
  • імплантаты – 32905430 злотых ($ 773–1276).
Валанцёр-кіроўца, які дапамагае з транспартаваннем машынаў хуткай дапамогі ва Украіну. Варшава, Польшча. 10 красавіка 2022 года.
Фота: КК / Белсат

Кошты візітаў да вузкіх спецыялістаў у Польшчы адрозніваюцца ў розных гарадах і залежаць ад доктара. Напрыклад, агляд у гінеколага можа каштаваць 245 злотых ($ 57,6), УГД – 225 злотых ($ 53), у эндакрынолага – ад 200 злотых ($ 47) (прычым столькі ж будзе каштаваць відэакансультацыя). Візіт да кардыёлага з ЭКГ – ад 250 злотых ($ 58,7), з рэхакардыяграмай – ад 400 злотых ($ 94).

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў