Беларусы стварылі тэлеграм-бот, праз які можна знайсці беларускія імпрэзы па ўсім свеце


«Будзьма беларусамі» запускае тэлеграм-бот «Будзьма разам!», з дапамогай якога незалежна ад месца пражывання можна даведацца пра цікавыя беларускія імпрэзы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце.

Крыніца: Budzma_razam_bot/Telegram

«З 2020 года Беларусь зазнала масавую хвалю эміграцыі. Безліч нашых суродзічаў на ўласным досведзе зразумелі, як цяжка на новым месцы ўліцца ў мясцовае жыццё, адшукаць сяброў і паплечнікаў, не страціць сувязяў з беларускім асяродкам. З нашым ботам больш няма патрэбы па крупінках у розных сацсетках шукаць інфармацыю пра беларускія падзеі – трэба проста выбраць у боце новы горад і падпісацца на абнаўленні. Мы максімальна акумулюем інфармацыю, а вы будзеце атрымліваць пуш-паведамленні і зможаце наведаць беларускія мерапрыемствы, на якіх пазнаёміцеся з суайчыннікамі, усталюеце кантакты, знойдзеце аднадумцаў», – пішуць стваральнікі тэлеграм-бота.

Пасля актывацыі тэлеграм-бота ў канале вам будуць прыходзіць паведамленні пра беларускія падзеі рознага кшталту: культурніцкія, асветніцкія, праваабарончыя, антываенныя ды іншыя – у сваім горадзе, рэгіёне або па ўсёй краіне. Усё, што ладзяць беларусы ў розных краінах свету, будзе акумуляваць бот.

Каб пачаць карыстацца ботам, трэба выбраць горад са спісу або ўсю краіну, падпісацца асобна на ўсе онлайн-імпрэзы ці выбраць варыянт з усімі беларускімі падзеямі свету (у тым ліку і онлайн).

Ужо цяпер у боце можна знайсці абвесткі пра падзеі ў Беларусі, Польшчы, Літве, Латвіі, Нямеччыне, Грузіі, Вялікай Брытаніі, Чэхіі, ЗША. У далейшым распрацоўнікі плануюць расшыраць геаграфію з дапамогаю падпісчыкаў, каб ён стаў карысным як мага большай колькасці беларусаў ды месціў як мага болей краінаў і гарадоў.

Калі вы арганізатар нейкай імпрэзы альбо ведаеце, што ў вашым горадзе яна будзе, а пра яе яшчэ не напісалі, вы можаце даслаць у бот свае абвесткі, а бот падзеліцца імі з усімі карыстальнікамі. Калі ж вашага гораду не стае ў боце – паведаміце, і яго дададуць.

Аналітыка
Якую фінансавую дапамогу аказваюць уцекачам з Украіны ў розных краінах Еўропы
2022.06.02 10:45

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў