ЗША аднавілі санкцыі супраць Беларусі. «Гэта сапраўды стане балючым момантам для беларускай эканомікі»


З 3 чэрвеня афіцыйна пачалі дзеяць санкцыі ЗША. Абмежаванні Вашынгтон увёў у дачыненні буйных прадпрыемстваў беларускай нафтахіміі. Еўразвяз таксама анансуе абмежавальныя эканамічныя захады, пад якія трапяць пераважна дзяржаўныя прадпрыемствы. Усё гэта можа даволі балюча адбіцца на эканоміцы нашай краіны. Такі прагноз у размове з «Белсатам» агучваюць эканамісты і палітолагі.

Галоўная прычына ўвядзення санкцыяў – парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Раней амерыканскія ўлады заклікалі неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў. Але афіцыйны Менск праігнараваў заклікі. У выніку з 3 чэрвеня пачалі дзеяць санкцыі ЗША ў дачыненні буйных прадпрыемстваў беларускай нафтахіміі: «Нафтан», «Белнафтахім», «Белнафтахім ЗША», Беларускі нафтавы гандлёвы дом, «Белшына», «Горадня Азот», «Горадня Хімвалакно», «Лакафарба», «Полацк Шкловалакно». Цяпер любыя аперацыі з гэтымі прадпрыемствамі забараняюцца для грамадзянаў і кампаніяў ЗША.

«Варта адзначыць, што санкцыі закранаюць тыя сферы эканамічных угодаў, якія разлічваюцца ў доларах ЗША. А ў нафтавай сферы гэта галоўная валюта. Таму санкцыі будуць мець істотны эфект.

Гэта зусім не сімвалічны крок, санкцыі будуць уплываць на ўсе аспекты прадпрыемстваў, якія трапілі ў санкцыйны спіс. У тым ліку ёсць падставы казаць, што і расейскія кампаніі будуць выконваць абмежаванні, бо не захочуць падстаўляцца пад рызыку таксама трапіць пад абмежавальныя захады. Улады Беларусі са свайго боку заяўляюць, што нібыта пастаўкі нафты будуць з боку Расеі працягвацца. Праўда, з боку Расеі пакуль мы бачым толькі дыпламатычнае маўчанне. Таму лагічным стане факт, што паставак у папярэдніх аб’ёмах не будзе. Хіба будуць нейкія схемы выкарыстоўвацца, каб не злавілі іх», – кажа Юрый Царык, намеснік дырэктара Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў.

ВІДЭА
Прэзідэнтка Эстоніі: Санкцыі – бадай, толькі некалькі адсоткаў ад тых цяжкасцяў, з якімі беларусы сутыкаюцца сёння
2021.06.02 17:00

Санкцыі нанясуць сур’ёзны ўдар па эканоміцы

Пры гэтым Вашынгтон пакуль без тлумачэнняў пакінуў такі аспект, як «другасныя санкцыі». Гэта значыць, што забараняецца працаваць з беларускімі прадпрыемствамі і іншым кампаніям з усяго свету, бо і яны могуць пацярпець з боку Міністэрства фінансаў ЗША.

«Апошнім часам на механізм эфектыўнасці санкцыяў уплываюць не самыя абмежаванні, а нявызначанасць, звязаная з імі. Калі падыходзіць фармальна, то санкцыі сведчаць пра забарону для амерыканскіх грамадзянаў і кампаніяў працаваць з прадпрыемствамі ў чорным спісе. А вось нявызначанасць звязаная з тым, што няма дакладнай інфармацыі, ці будзе працаваць рэжым другасных санкцыяў. Ці адмовяцца ад супрацы з кампаніямі, якія трапілі ў чорны спіс, кампаніі з трэціх краінаў, ці будуць працягваць супрацу банкі з санкцыйнымі прадпрыемствамі. Гэта насамрэч прынцыповае пытанне, бо наўпрост з ЗША беларускія фірмы нафтахімічнай вытворчасці працаваць дакладна не будуць», – звяртае ўвагу Вадзім Іосуб, старэйшы фінансавы аналітык кампаніі «Альпары Еўразія».

Інтэрв’ю
Амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр: Захад павінен адказаць мовай, якую Лукашэнка здольны зразумець
2021.05.30 22:30

Эксперт звяртае ўвагу, што калі стане вядома пра «другасныя санкцыі», то гэта будзе азначаць поўную забарону на супрацу з беларускімі прадпрыемствамі не толькі для кампаніяў з ЗША, але і з усімі іншымі, бо будзе пагроза, што ЗША ўвядуць санкцыі і ў дачыненні ўсіх контрагентаў беларускіх кампаніяў.

«У такім выпадку ад супрацы адмовяцца Кітай, Расея ды іншыя. Ніхто не захоча рызыкаваць сваімі фінансамі, дзеля падтрымання беларускіх кампаніяў. Падкрэслю, што да гэтага часу захоўваецца такая нявызначанасць з гэтымі другаснымі санкцыямі, няма пакуль тлумачэнняў. Але ў рэжыме санкцыяў працуе таксама такая рэч, што банкі, іншыя кампаніі нягледзячы на адсутнасць дадатковых тлумачэнняў, на ўсялякі выпадак спыняюць супрацу з кампаніямі з санкцыйнага спісу, каб не было потым праблемаў з амерыканскім Мінфінам», – дадае Вадзім Іосуб.

Размова
Наколькі балючымі будуць санкцыі?
2021.06.01 22:20

Еўразвяз далучыцца да санкцыяў ЗША

Да санкцыяў ЗША неўзабаве дададуцца таксама і абмежавальныя захады Еўразвязу. Чарговы пакет санкцыяў ЕЗ закране не толькі дзяржаўныя эканамічныя сектары, але і прыватныя, блізкія да Аляксандра Лукашэнкі. Магчыма, што пад санкцыі трапіць нават калійная прамысловасць краіны.

«У выпадку, калі да санкцыяў далучыцца і Еўропа, то гэта сапраўды стане балючым момантам для беларускай эканомікі. Будуць страты для прадпрыемстваў, будуць страты для бюджэту. Эфект у гэтым выпадку будзе. Але іншая рэч, што часам існуюць неабгрунтаваныя чаканні, што санкцыі і пагаршэнне эканомікі аўтаматычна прывядуць да хуткіх палітычных зменаў. Але на гэта я не разлічваю. Санкцыі, нават балючыя, аўтаматам не мусяць выклікаць хуткія змены. Ёсць і прыклады: Куба, Венесуэла, Паўночная Карэя, у дачыненні якіх увялі жорсткія санкцыі. Але яны не выклікалі палітычных зменаў», – кажа Вадзім Іосуб.

Беларусь пагражае контрсанкцыямі

У сваю чаргу ўлады Беларусі заяўляюць, што ў адказ на санкцыі краінаў Захаду ўвядуць і свае абмежавальныя захады. Але, як звяртае ўвагу палітолаг Андрэй Казакевіч, насамрэч асаблівых механізмаў уплыву на нейкія ключавыя аспекты нашая краіна не мае.

«Нават калі справа дойдзе да таго, каб увесці санкцыі супраць вытворцаў краін Захаду, могуць быць яшчэ большыя санкцыі. І гэта будзе балюча для самой Беларусі, бо для нашай краіны еўрапейскі рынак больш важны, чымся наадварот. Іншая рэч, што ўлады пагражаюць знішчыць грамадзянскую супольнасць унутры краіны, недзяржаўныя медыі. Але мы цяпер бачым, што такая палітыка праводзіцца і без санкцыяў, відавочна, што гэта ладзіцца паводле сваёй нейкай унутранай логікі», – лічыць Андрэй Казакевіч, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера», доктар палітычных навук.

Аналітыка
Ці працуюць санкцыі? З якімі абмежаваннямі сутыкаўся рэжым Лукашэнкі, і да чаго гэта прыводзіла
2021.06.02 09:00

СК belsat.eu

Стужка навінаў