Яшчэ два чалавекі трапілі пад крымінальны пераслед за допісы пра Дзмітрыя Балабу


З восені 2020 года ўжо як мінімум пяць беларусаў трапілі пад крымінальны пераслед праз негатыўныя выказванні пра Дзмітрыя Балабу.

Як паведамляе прэс-служба МУС, 51-гадовую жыхарку Маладзечна і 39-гадовага мужчыну з Лунінца сілавікі затрымалі за тое, што яны ў пратэставых тэлеграм-каналах пакінулі негатыўныя водгукі пад фатаграфіяй кіраўніка менскага АМАПу Дзмітрыя Балабы. Распачатыя крымінальныя справы за абразу прадстаўніка ўлады. Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – абмежавання волі тэрмінам да трох гадоў.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі сілавікі пераследуюць тых, хто негатыўна выказваўся пра Балабу.

  • У лістападзе 2020 года 19-гадовага студэнту МДЛУ Іллю Тананку прысудзілі 1,5 года «хіміі» нібыта за абразу Дзмітрыя Балабы. Хлопца абвінавацілі ў тым, што ён напісаў на сцяне дому на вуліцы Скрыпнікава, дзе жыве начальнік менскага АМАПу, «Балаба – забойца».
  • У снежні 2020 года сілавікі затрымалі 19-гадовага жыхара Воршы, які ў жніўні – верасні дасылаў гнеўныя паведамленні камандзіру менскага АМАПу. Супраць хлопца распачалі крымінальную справа паводле арт. 364 КК («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў»).
  • У красавіку 2021 года каля дзяржаўнай мяжы з Літвою сілавікі затрымалі 36-гадовага жыхара Віцебску Вадзіма Ермаловіча. Супраць віцябляніна міліцыянты завялі крымінальную справу, бо ў тэлеграм-чаце «Vitebsk_Юг» ён нібыта абразіў Дзмітрыя Балабу.

Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Следчы камітэт заяўляе, што са жніўня распачатыя больш за 2400 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі, а Генпракуратура сцвярджае, што за гэты перыяд былі зарэгістраваныя больш як 3000 такіх «злачынстваў». Дакладная колькасць палітычна матываваных крымінальных справаў застаецца невядомай.

460 чалавек на дзень 3 чэрвеня прызнаныя палітычнымі вязнямі. Тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, больш за 33 000 чалавек былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку. Паводле розных ацэнак, ад 4 да 15 асобаў загінулі ў выніку дзеянняў сілавікоў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы да адказнасці нікога не прыцягнулі.

Hавiны
Не менш як 15. Чые смерці ў Беларусі звязаныя з задушэннем пратэстаў
2021.05.26 19:55

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў