Усе квіткі раскупленыя. Сёння ў Кракаве праходзіць прэм’ера фільму «Кураж» пра беларускія пратэсты


Польская прэм’ера нашумелай стужкі «Кураж» пра жнівеньскія падзеі ў Беларусі адбываецца 3 чэрвеня на Кракаўскім кінафестывалі. На гэты момант усе тры галоўныя героі – артысты Свабоднага тэатру – з’ехалі з Беларусі.

Адзін з найстарэйшых дакументальных фэстаў свету ў сваёй 61-й эдыцыі праходзіць з 30 траўня да 6 чэрвеня, усе квіткі на паказ «Куражу» ўжо раскупленыя.

Праца Аляксея Палуяна стала першаю карцінаю на кінафестывалі класу А, якая распавядае пра беларускія пратэсты мінулага года: яе сусветная прэм’ера, пакуль толькі ў онлайн-фармаце, адбылася на «Berlinale». Больш за тое, фільм быў уключаны ў адну з асноўных секцыяў кінафестывалю «Berlinale Special», а таксама намінаваны на ўзнагароду «Найлепшы дакументальны фільм».

Беларускі рэжысёр Аляксей Палуян, які жыве і працуе ў Нямеччыне, пачаў здымаць «Кураж» яшчэ ў 2018 годзе, але падзеі мінулага жніўня, якія ён заспеў разам са сваймі героямі, у выніку склалі асноўную частку карціны.

Здымачная група працавала да канца месяца і змагла паказаць стэлу 9 жніўня, «Пушкінскую» 10 жніўня, за паўгадзіны да таго, як там застрэлілі Тарайкоўскага, выхад вязняў з Акрэсціна ды іншае.

Пасля адлюстраваных у фільме падзеяў героі карціны – акторка Свабоднага тэатру Марына Якубовіч, а таксама акторы Свабоднага тэатру і музыкі гурта «Разбітае сэрца пацана» Дзяніс Тарасенка і Павел Гарадніцкі – з’ехалі з краіны.

«Кураж» зняты цалкам на нямецкія грошы, але ў Беларусі і беларускаю камандай. У фільму паспяховы фестывальны лёс: ён ужо быў паказаны ў Швейцарыі, Даніі, Аўстрыі, сёння паказваецца ў Польшчы, а 11 чэрвеня яго чакае першы публічны паказ у межах «Berlinale».

Hавiны
У праграму Берлінскага кінафестывалю трапіла беларуская стужка, што паказвае падзеі жніўня
2021.02.11 13:24

IK belsat.eu

Стужка навінаў