Суд па «карагоднай справе» зрабіў так, як прасіў пракурор

У судзе Маскоўскага раёну Берасця прагучаў прысуд для пятай групы ў «карагоднай справе». Фота: МК/Belsat

У судзе Маскоўскага раёну Берасця прагучаў прысуд для пятай групы ў «карагоднай справе». Суддзя Яўген Брэган асудзіў 13 чалавек.

Судовы канвеер разагнаўся так хутка, што пятую групу пасудзілі хутчэй, чым чацвёртую, апошняя пачуе прысуд толькі 8 чэрвеня.

Адзначым, што пятая група ў адрозненні ад чацвёртай і асабліва трэцяй практычна не змагалася – 8 з 13 чалавек адразу прызналі сваю віну. І сёння пачулі такі прысуд:
Аляксандр Храпко – 1 год і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму;
Ілля Палхоўскі – 2 гады «хіміі»;
Андрэй Аніскевіч – 1,5 года «хіміі»;
Алена Лайко, Галіна Чугунова – па 2 гады «хатняй хіміі»;
Ігар Вінакураў, Сяргей Ксянжук, Зміцер Курганаў, Радзівон Медушэўскі, Андрэй Нямірскі, Сафія Нішт, Кацярына Смірнова, Мікіта Увараў – 1,5 года «хатняй хіміі».

Прызнаных палітвязнямі Радзівона Медушэўскага і Ігаря Вінакурава вызвалілі ў залі суду, яна знаходзіліся ў СІЗА з 16 сакавіка.

Адзін з нямногіх хто не прызнаў віну і стаў Андрэй Аніскевіч, ён адзіны хто пагадзіўся пагаварыць з журналістам «Белсату».

– Гэта рашэнне буду абскарджваць, зразумела, што ўсё гэта фармальнасць, зразумела, што там нічога не змяніцца, але час пацягнуць можна. Відавочна, што гэта палітычная справа, уключыўся канвеер рэпрэсій, патрапілі па яго, я не маркочуся і ўпэўнены, што ў нас у краіне хутка ўсё зменіцца, – сказаў Андрэй Аніскевіч.

13 верасня мінулага года ў Берасці адбывалася чарговая пратэставая акцыя. Людзі маршам прайшлі па праезнай частцы праспекту Машэрава ды спыніліся на яго скрыжаванні з бульварамі Касманаўтаў і Шаўчэнкі. Некалькі соцень асобаў утварылі карагод. Была музыка, свята, нібыта карнавал – так згадваюць тыя падзеі відавочцы.

Разганяць карагод прыехаў вадамёт, ужыты ўпершыню падчас пратэстаў у Беларусі. З таго часу берасцейцы называюць гэтае скрыжаванне «вадамётным», а распачатая пазней крымінальная справа стала звацца «карагоднаю».

Паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») у гэтай справе асудзілі ўжо 32 чалавекі, 18 з іх ужо адбываюць пакаранне.

ВС, belsat.eu

Hавiны