Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі будуць абмяркоўвацца на саміце NATO

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг і прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан выступаюць за жорсткі адказ на дзеянні рэжыму Аляксандру Лукашэнкі. Пра гэта паведамляе golosameriki.com.

Стольтэнбэрг заявіў, што напад на цывільны самалёт «Ryanair» і арышт Рамана Пратасевіча, які быў на борце лайнера, ёсць парушэннем міжнародных нормаў і правілаў. Ён заклікаў да неадкладнага вызвалення Рамана Пратасевіча і ягонай сяброўкі Софʼі Сапегі.

Стольтэнбэрг вітае санкцыі, уведзеныя супраць Менску Вялікай Брытаніяй, ЕЗ ды іншымі саюзнікамі NATO. Джонсан дадаў, што цяпер важна пераканацца ў поўным выкананні гэтых санкцыяў і, магчыма, узмацніць іх. Брытанскі прэмʼер назваў гэты інцыдэнт жахлівым і абуральным, падкрэсліўшы важнасць супольных дзеянняў саюзнікаў супраць уладаў Беларусі.

30 дзяржаваў – чальцоў NATO апублікавалі ў сераду кароткую заяву з асуджэннем дзеянняў афіцыйнага Менску, аднак не ўлучылі ў канчатковы тэкст рэзалюцыі згадку пра санкцыі, да чаго заклікалі, у прыватнасці, балтыйскія дзяржавы і Польшча.

Стольтэнбэрг сказаў, што ўвядзенне новых санкцыяў у адказ на затрыманне Рамана Пратасевіча будзе абмяркоўвацца 14 чэрвеня на саміце NATO.

NATO абмежавала беларускім дыпламатам доступ да сваёй штаб-кватэры

ІІ belsat.eu

Hавiны