Вынікі пошуку для:

Наталлю Хершэ трымаюць у карцары

Наталля Хершэ ў судзе Савецкага раёну Менску. Фота: АД / Белсат

Акрамя таго, у палітзняволенай сканфіскавалі газету «Новы час» і знішчылі ейныя лісты, паведамляе радыё «Свабода».

Дакладна пра стан Наталлі Хершэ даведаўся ейны брат Генадзь Касьян, які задаў пытанне пра сястру падчас прамой лініі ўпраўлення Дэпартаменту выканання пакаранняў Гомельскай вобласці.

Гэтак, стала вядома, што Наталлю Хершэ пакаралі карцарам за «парушэнні вызначанага парадку адбыцця пакарання». Палітзняволеная была ў штрафным ізалятары з 6 да 23 траўня.

«Апроч таго, з 24 траўня яна зноў замешчаная ў штрафны ізалятар, у сувязі з чым не мае магчымасці слаць лісты і ажыццяўляць тэлефонныя размовы», – распавёў брат.

Да пакаранняў карцарам далучаюцца таксама і канфіскацыі: знішчылі частку лістоў Наталлі і забралі газету «Новы час» – «у сувязі з наяўнасцю ў апошніх інфармацыі, якая прапагандуе распальванне нацыянальнай варожасці, гвалту і жорсткасці».

Лісты знішчаныя, бо ў турме палічылі, нібыта яны «маюць цынічны характар», на падставе правілаў унутранага распарадку такія лісты не выдаюцца вязням, пра што ім паведамляецца.

Брат Наталлі Хершэ мае намер звярнуцца ў Дэпартамент выканання пакаранняў і пракуратуру, бо лічыць, што правы ягонай сястры ў зняволенні парушаюцца: «Відавочна, што на Наталлю псіхалагічна і фізічна ціснуць, каб зламаць ейную волю і дамагчыся поўнага падпарадкавання».

МГМ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны