«Мы пабачылі чыстае зло». Зняты першы мастацкі фільм аб пратэстах 2020 года


Кадры са здымак фільму «Менск».
Фота: minskfilm.com

У Эстоніі завяршыліся здымкі першага мастацкага фільму пра беларускія пратэсты – «Менск». Здымала яго міжнародная каманда. Выхад стужкі ў пракат запланавалі ўжо праз некалькі месяцаў. «Белсат» паразмаўляў з рэжысёрам, сцэнарыстам і прадзюсарам фільму Барысам Гуцам аб прычынах і працэсе стварэння карціны, а таксама пра будучыя паказы.

Сюжэт прыйшоў сам

На рахунку Барыса Гуца ўжо ёсць намінацыя на кінапрэмію «Ніка», гран-пры кінафестывалю «Акно ў Еўропу», дыплом Гільдыі кіназнаўцаў і кінакрытыкаў Расеі. Але ўсё гэта за больш лёгкія фільмы – камедыі, меладрамы. Карціна ж пра Менск зусім іншага жанру: амаль дакументальная перадача трагічных падзеяў жніўня 2020 года ў беларускай сталіцы.

Разам з тым, адзначае рэжысёр, нават мінулыя ягоныя фільмы закраналі сацыяльныя праблемы. Сам жа ён даўно хацеў зняць фільм пра маладую пару, «якая выходзіць на вуліцу, і нешта з ёю здараецца».

«Шмат гадоў я не мог прыдумаць нейкага ўцямнага сюжэту. На жаль, гэты сюжэт прыйшоў сам 9–11 жніўня мінулага года. Калі гэта ўсё пачало адбывацца, мы проста жахнуліся ад таго, што пабачылі. Мы пабачылі чыстае зло, пра якое проста нельга маўчаць», – адзначыў Барыс Гуц.

Кадры са здымак фільму «Менск».
Фота: minskfilm.com

«Мастацтва павінна адлюстроўваць рэчаіснасць»

Ад дзеянняў беларускіх сілавікоў пацярпела сяброўка стваральніка фільму. Дый сам ён, як прызнаецца, напалову беларус, хоць і нарадзіўся ў расейскім Омску:

«Мяне заўсёды прыцягвала Беларусь. Любая іншая постсавецкая краіна не настолькі мне блізкая. Усё кіраванне Лукашэнкі я часам з цікавасцю, часам з болем, часам з жахам назіраў за зменамі ў краіне. І калі так рэзка ўсё адбылося, я амаль у онлайн-рэжыме ўбачыў, што паліцэйскае бязмежжа, якое чыняць у нас у Маскве і Піцеры, – гэта проста кветачкі. Ты не верыш, што можа так адбывацца. Што могуць збіваць людзей, біць і таптаць іхныя галовы. Немагчыма ўявіць, што можа чалавек ісці і страляць з аўтамата проста так па вокнах жылых кварталаў. Такія рэчы вельмі моцна адкладаюцца ў галаве такіх успрымальных да падобных падзеяў людзей, як сцэнарысты і рэжысёры».

Кадры са здымак фільму «Менск».
Фота: minskfilm.com

Паводле рэжысёра, мастацтва павінна адлюстроўваць рэчаіснасць:

«А калі ў рэчаіснасці адбываюцца такія страшныя рэчы, то маўчаць пра іх і здымаць кіно пра кветачкі, ягадкі ці рамантычныя камедыі, мне непрымальна».

Жыццё кардынальна мяняецца

Стужка – пра тое, як шчаслівая маладая пара з вялікімі планамі на будучыню выходзіць на вуліцу, ды іхнае жыццё кардынальна мяняецца за паўтары гадзіны.

«І я хачу сказаць гэтым фільмам, што гэта можа адбыцца ў любой краіне. З любым чалавекам. Ты проста выходзіш на вуліцу і робішся знішчаным, растаптаным. Усе твае мары і планы могуць абрынуцца проста таму, што хтосьці вырашыў вывесці людзей і даць ім права забіваць, рэзаць, душыць і гвалтаваць. Пра гэта трэба казаць шмат, часта і паўсюль», – заявіў Барыс Гуц.

Барыс Гуц на здымках фільму «Менск».
Фота: minskfilm.com

«Расейская дзяржава не можа падтрымліваць фільму»

Пошукі лакацыі для здымак пачаліся яшчэ ў кастрычніку – у Расеі, побач з Масквою, дзе жыве рэжысёр. Паколькі сцэнар прадугледжвае перакрыццё дарогі, было патрэбнае спрыянне паліцыі, давялося сутыкацца з уладамі. Але дзевяць гарадоў Падмаскоўя адразу адмовілі ў дапамозе.

Даўжэй за ўсіх трымалася Тула, дзе нават былі зацверджаныя ўсе лакацыі. Але недзе за тыдзень да здымак тульскае ведамства культуры выдала дакумент пра тое, што здымкі ў Тульскай вобласці немагчымыя з прычыны складанай эпідэмічнай сітуацыі. Не дапамог і іншы варыянт сцэнара, дзе не было масавай сцэны.

«У кулуарах нам сказалі вельмі проста: расейская дзяржава не можа падтрымліваць фільму, бо такім чынам яна падтрымлівае «адзін з варожых бакоў сяброўскай дзяржавы», – распавёў Барыс Гуц.

У выніку праект быў замарожаны, а буйныя прадзюсары разбегліся. Тым не менш праз пэўны час удалося дамовіцца пра супрацу з эстонскаю студыяй «LEO Film». Эстонскі кінаінстытут вылучыў дадаткова частку сродкаў на стварэнне фільму, былі атрыманыя дазволы на здымкі ды падтрыманне вайскоўцаў і паліцыі. І здымкі пачаліся.

Кадры са здымак фільму «Менск».
Фота: minskfilm.com

Уласна працэс быў вельмі кароткі, бо кіно здымалася адным кадрам, без мантажных склеек. Каб зняць фільм, спатрэбіліся 4 ночы і 7 дубляў. Цяпер з гэтых дубляў трэба выбраць самы ўдалы, звесці гук, правесці карэкцыю пры патрэбе. Плануюць, што фільм будзе гатовы ўжо да восені.

Адным з галоўных кансультантаў і прадзюсараў з’яўляецца былы палітычны вязень Віталь Шкляраў. Ён сярод іншага дапамагаў знайсці мяжу паміж гульнявым фарматам і амаль дакументальным. Шмат якія сцэны і рэплікі былі рэканструяваныя з відэа, знятых 9–11 жніўня.

Паўплываць на Беларусь праз фільм

Хоць фільм «Менск» і стане першаю мастацкаю стужкай пра беларускія пратэсты, мэты «хайпануць і стаць першым» у стваральнікаў не было, кажа Барыс Гуц:

«Мы цудоўна разумелі, што гэтая тэма цікавіць людзей ува ўсім свеце і асабліва ў Еўропе. Я ведаю некаторых калегаў, якія ў Расеі напісалі, магчыма, больш складаны сцэнар і не так хутка рэалізавальны. Нам жа ўдалося з дапамогай эстонскіх калегаў зрабіць гэта хутчэй. Толькі таму мы і першыя».

Пры гэтым ён усведамляе магчымую крытыку з боку беларускіх і расейскіх прапагандыстаў, якія цяпер «могуць змяшаць і нас, і нашых актораў, і сам фільм з брудам».

Кадры са здымак фільму «Менск».
Фота: minskfilm.com

«Але мы проста кажам пра тое, пра што не можам маўчаць. Адзіная зброя любога кінамастака і рэжысёра – гэта вольнасць, свабода слова. І самае галоўнае, што нам можа перашкодзіць, – гэта самацэнзура. Калі ты баішся адкрыць рот, калі баішся ўзяць асадку і напісаць сцэнар, калі баішся зняць фільм. Калі я магу неяк паўплываць на сітуацыю ў Беларусі, то толькі зняўшы фільм. Гэта мы і зрабілі», – распавёў рэжысёр.

Дзе і як паглядзець

Дыстрыбуцыю фільму плануюць зрабіць максімальна яскраваю, гучнай і шырокаю, каб яго паглядзелі ўва ўсім свеце. Невялікую прэзентацыю ўжо запланавалі ў Канах у ліпені, а вялікую прэм’еру прапануюць зрабіць на адным з буйных еўрапейскіх кінафестываляў (напрыклад, у Венецыю, Рыме ці Берліне).

Пасля гэтага мусіць стартаваць кінапракат – онлайн і офлайн.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў