300 дзён пратэсту: жахлівы ўзровень гвалту, разгром TUT.by і чыстае неба над Беларуссю


4 чэрвеня мінае 300 дзён з пачатку беларускіх пратэстаў супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў, гвалту і беспакаранасці. Колькасць крымінальных справаў і спіс палітычных вязняў павялічваецца штодзень, а новыя законы пазбаўляюць апошніх правоў і свабодаў. Але беларусы не забываюцца пра гэтыя падзеі і працягваюць супрацьстаяць рэжыму, каб наблізіць час вольнай Беларусі.

Мы сабралі галоўныя навіны ўсіх дзён пратэсту.

9 жніўня. Дзень галасавання.

Людзі збіраюцца на вуліцах супраць фальсіфікацыі выбараў. Па краіне за дзень затрыманыя больш за 3000 чалавек, шмат параненых.

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

10 жніўня. ЦВК паведамляе папярэднія вынікі: за Лукашэнку прагаласавалі больш за 80 %. Людзі зноў выходзяць на пратэсты. Каля станцыі метро «Пушкінская» гіне Аляксандр Тарайкоўскі.

11 жніўня. Улады вывозяць Святлану Ціханоўскую ў Літву. У Берасці смяротна раняць Генадзя Шутава.

12 жніўня. З Акрэсціна выпускаюць першых затрыманых. Яны распавядаюць, што адбываецца ў сяродку. У Гомлі гіне Аляксандр Віхор.

Ля ізалятару на Акрэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іхныя затрыманыя родзічы і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

13–14 жніўня. Па ўсёй краіне людзі становяцца ў ланцугі салідарнасці, выказваюцца супраць гвалту. На некалькіх заводах пачынаецца страйк.

16 жніўня. Каля Дому ўраду праходзіць мітынг падтрымання Лукашэнкі. Пасля – самая масавая акцыя пратэсту, Марш свабоды.

Удзельнікі Агульнаграмадзянскага маршу за свабоду. Mенск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

17 жніўня. Лукашэнка выступае на МЗКЦ, дзе бастуюць рабочыя. Паўла Латушку звальняюць з Купалаўскага тэатру, на знак салідарнасці сыходзіць уся трупа.

18 жніўня. Фонд салідарнасці сабраў больш за мільён еўраў для дапамогі пацярпелым беларусам. Знаходзяць мёртвым Канстанціна Шышмакова.

22 жніўня. Зніклага Мікіту Крыўцова знаходзяць павешаным у Менску.

30 жніўня. У дзень нараджэння Лукашэнкі праходзіць Марш міру і незалежнасці.

1 верасня. Першыя студэнцкія акцыі пратэсту.

У Дзень ведаў на вуліцы Менску на марш выйшлі студэнты, якія перакрывалі дарогі, уцякалі ад АМАПу і не палохаліся затрыманняў. Гэтае шэсце ўжо назвалі адным з самых дзёрзкіх у пратэставай гісторыі краіны. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

7–8 верасня. Марыю Калеснікаву спрабуюць вывезці з Беларусі. На мяжы Марыя рве пашпарт, пасля чаго яе затрымліваюць.

19 верасня. У Менску праходзіць найбуйнейшы жаночы марш.

23 верасня. Лукашэнка ладзіць таемную інаўгурацыю. Увечары людзі выходзяць на пратэсты.

Каля станцыі метро «Няміга». Менск, Беларусь. 23 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

2 кастрычніка. Еўразвяз уводзіць першыя санкцыі.

5 кастрычніка. Праходзіць першы марш пенсіянераў.

1 лістапада. Па краіне праходзіць Марш герояў. У Менску ладзяць шэсце да Курапатаў. На затрыманых завялі 231 крымінальную справу.

Марш супраць тэрору. Менск, Беларусь. 1 лістапада 2020 года.
Фота: Белсат

11 лістапада. На плошчы Пераменаў у Менску адбываецца бойка з Раманам Бандарэнкам.

12 лістапада. Да некаторых студэнтаў прыходзяць з ператрусам з КДБ: кагосьці затрымліваюць, нехта паспявае з’ехаць з краіны. Памірае Раман Бандарэнка.

Людзі збіраюцца на плошчы Пераменаў пасля паведамлення пра смерць Рамана Бандарэнкі. Менск, Беларусь. 12 лістапада 2020 года.
Фота: ЯA / Белсат

15 лістапада. У нядзелю праходзіць Марш памяці Рамана Бандарэнкі, людзі збіраюцца на плошчы Пераменаў. Падчас стрыму затрымліваюць дзвюх журналістак «Белсату» – Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову.

19 лістапада. Затрымліваюць журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч і доктара шпіталю хуткай дапамогі Арцёма Сарокіна.

22 снежня. Затрымліваюць кіраўніцтва Прэс-клубу. У офісе адбываецца ператрус.

1 студзеня. Святлана Ціханоўская выступае з альтэрнатыўным навагоднім віншаваннем.

У адным са сталічных двароў сустракаюць новы, 2021 год. Менск, Беларусь. 31 снежня 2020 года.
Фота: Белсат

18 студзеня. Абвяшчаюць пра перанос чэмпіянату свету па хакеі з Беларусі.

22 студзеня. 35-гадовы Павел Банькоўскі здзяйсняе самападпал каля Дому ўраду ў Менску. Святлана Ціханоўская і Павел Латушка выступілі ў Радзе Бяспекі ААН.

11–12 лютага. У Менску праходзіць Усебеларускі народны сход. На ім прысутнічаюць больш за дзве тысячы дэлегатаў.

16 лютага. МУС учыніла каля 90 ператрусаў у праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў прафсаюзаў.

18 лютага. Журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд: два гады калоніі.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі «Белсату». Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд: два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

2 сакавіка. Журналістцы Кацярыне Барысевіч прысудзілі 6 месяцаў пазбаўлення волі. Доктару Арцёму Сарокіну – 2 гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем.

25 сакавіка. Беларусы святкуюць Дзень Волі. Затрыманыя 176 асобаў. Зняволілі старшыню Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліку Борыс і сябраў рады арганізацыі.

29 сакавіка. Святлану Ціханоўскую і «ByPol» абвінавацілі ў рыхтаванні акту тэрарызму.

13–14 красавіка. КДБ затрымлівае Рыгора Кастусёва, Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча. Іх вінавацяць у спробе дзяржаўнага перавароту і замаху на Лукашэнку.

9 траўня. Лукашэнка падпісвае дэкрэт: пры ягонай гібелі ўлада пераходзіць Савету бяспекі.

18 траўня. Супрацоўнікі ДФР прыйшлі з ператрусамі ў TUT.by, Hoster.by і Av.by. Супраць «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» пачалі крымінальную справу, 15 работнікаў затрыманыя.

Сілавікі прыйшлі ў офіс TUT.by. Менск, Беларусь. 18 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

20 траўня. Палітычны вязень Вітольд Ашурак памірае ў шклоўскай калоніі. Сілавікі ўварваліся ў студыю «Белсату» ў Менску.

23 траўня. У Менску прымусова прызямліўся самалёт «Ryanair». Журналіста Рамана Пратасевіча і ягоную дзяўчыну Соф’ю Сапегу, якія былі на борце, затрымліваюць.

Пікет салідарнасці з затрыманым журналістам Раманам Пратасевічам каля будынку Еўракамісіі. Варшава, Польшча. 24 траўня 2021 года.
Фота: Света Фар / Белсат

24 траўня. Мэр Рыгі і міністр замежных справаў Латвіі знялі чырвона-зялёны сцяг і паднялі бел-чырвона-белы каля гатэлю «Radisson Blu», дзе лунаюць сцягі краінаў – удзельніц хакейнага чэмпіянату свету. У адказ на гэта Беларусь разам з амбасадарам Латвіі высылае ўвесь дыпламатычны персанал. Латвія таксама высылае пасла Беларусі і ўсіх дыпламатаў.

Замена дзяржаўнага беларускага сцяга на бел-чырвона-белы. Рыга, Латвія. 24 траўня 2021 года.
Фота: Mārtiņš Staķis / Twitter

25 траўня. Вынеслі прысуды Паўлу Севярынцу і актывістам «Еўрапейскай Беларусі». Міжнародная супольнасць называе пасадку самалёта актам дзяржаўнага тэрарызму.

26 траўня. Еўразвяз заклікае пазбягаць паветранай прасторы Беларусі. 18-гадовы Дзмітрый Стахоўскі скончыў жыццё самагубствам, абвінаваціўшы ў гэтым Следчы камітэт.

29 траўня. Па ўсім свеце праходзяць мітынгі ў межах Глабальнага пікету салідарнасці з Беларуссю, да якога заклікала Святлана Ціханоўская.

Глабальны пікет салідарнасці з Беларуссю. Таллін, Эстонія. 29 траўня 2021 года.
Фота: чытачы / Белсат

1 чэрвеня. Палітычны вязень Сцяпан Латыпаў спрабаваў перарэзаць сабе горла асадкаю падчас суда.

Артыкулы
Сцяпан Латыпаў спрабаваў перарэзаць сабе горла ў зале суда
2021.06.01 15:47

Працяг будзе…

belsat.eu

Стужка навінаў