«У нас няма дня, каб было ціха». Харкаўчане распавядаюць пра жыццё ва ўмовах вайны


Здымачная група «Белсату» працягвае фіксаваць рэальную карціну вайны, якую развязала Расея ва Украіне. У гэты раз нашы калегі пабывалі ў Харкаве, дзе мясцовыя жыхары, валанцёры і сілы правапарадку распавялі пра сітуацыю ў горадзе і пра сумесныя намаганні ў вяртанні да нармальнага жыцця.

Будынак Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, які пацярпеў пасля пападання расейскай ракеты 3 сакавіка 2022 года. Харкаў, Украіна. 24 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Яшчэ ў самым пачатку вайны Узброеным сілам Украіны ўдалося не дапусціць прарыву расейскіх войскаў у Харкаў, але гэта зусім не гарантавала бяспекі мясцовым жыхарам: з самых першых дзён вайны і па цяперашні час горад пастаянна падвяргаецца варожым абстрэлам, пад якімі гараджанам даводзіцца літаральна выжываць.

«Недзе 2–3 сакавіка пачаліся прылёты. Мы спусціліся ў падвал і тры тыдні там невылазна сядзелі. Рызыкавалі толькі, каб прыгатаваць паесці, тады падымаліся», – распавядае пра жыццё пад абстрэламі жыхар раёна ХТЗ (Харкаўскі трактарны завод) Сяргей.

Каробкі з прадуктамі харчавання і сродкамі асабістай гігіены каля ўваходу ў станцыю метро «Герояў Працы». Неабходныя рэчы прывезлі мясцовыя валанцёры. Харкаў, Украіна. 28 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

На памяць яшчэ з першых бамбаванняў мужчына носіць з сабой асколак снарада, які трапіў яму ў заплечнік падчас чарговага кароткага візіту ў сваю кватэру. Па словах мужчыны, яго выратаваў цуд. Разам з тым вайна і агульны вораг аб’ядналі харкаўчан і зрабілі мацней: «Усе, з кім раней не размаўляў, хто не быў сябрам, зараз сталі адной вялікай сямʼёй».

Мясцовую жыхарку Святлану таксама адно з бамбаванняў заспела ва ўласнай кватэры.

«13 сакавіка было тры прыстрэлкі: адзін перад домам упаў, другі – за домам, а трэці ўжо трапіў. Мы як раз не паспелі спусціцца ў падвал, засталіся сядзець у ваннай. Дом задрыжаў вельмі моцна, дах задрыжаў, і мы ўжо пачалі развітвацца з жыццём. У нас да гэтага ўжо вокнаў не было, а тут рэшткі вокнаў пасыпаліся».

Перон станцыі метро «Герояў Працы» . У ваенны час яна, як і іншыя станцыі метрапалітэна, служыць бамбасховішчам для мірных жыхароў. Харкаў, Украіна. 28 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат
Жыхарка Харкава, якая вымушана хавацца ў метро ад абстрэлаў расейскай арміі. Харкаў, Украіна. 28 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Але, як аказалася, часам і падвалы, у якіх чакае абстрэлы большасць харкаўчан, не гарантуюць бяспекі.

«І калі паміж бамбаваннямі адбылася перадышка, мы спусціліся ўніз, і ўсе людзі ўжо сядзелі ў падвале. Там усё было ў дыме – побач прыйшоўся ўдар. На шчасце, ніхто не пацярпеў. Але ўсе былі ў аскепках шкла, і па чыстай выпадковасці іх не закранула. А на наступны дзень прыляцеў ужо скразны ўдар».

Зразумела, што ў такіх страшных умовах ёсць і загінулыя сярод мірных жыхароў. Са словаў Святланы, толькі ў яе доме за час вайны загінула каля 5–6 чалавек, сярод якіх ёсць і дзеці.

Пашкоджаныя купалы Храма Святых Жан-Міраносіц (УПЦ), які знаходзіцца насупраць будынка ГУМУС у Харкаве, Украіна. 28 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат
Уладзімір, жыхар раёну Паўночная Салтаўка ў Харкаве. Ён вырашыў застацца жыць у родным доме, нягледзячы на пастаянныя абстрэлы жылога комплексу. На вуліцу ён выходзіць для таго, каб выгуляць свайго сабаку. Харкаў, Украіна. 28 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

«У нас няма дня, каб было ціха. З 24 лютага – і па сённяшні дзень. Мацней-слабей, але кожны дзень. Па пстрычцы ў людзей з 24-га ўсе планы і надзеі былі разбураныя, усе мары. І вось мы жывем у страху. Мы не знаходзім адказу, за што».

Жанчына кажа, што, нягледзячы на пастаянныя абстрэлы, большая частка жыхароў усё яшчэ працягвае жыць у небяспечных раёнах гораду.

«Таму што нам няма куды з’язджаць. Куды мы паедзем? Нас нідзе, я думаю, не чакаюць. Зʼехалі толькі тыя, хто з маленькімі дзецьмі, а засталіся старыя і тыя, хто спадзяецца, што гэта хутка скончыцца. Калі будзе ўжо моцна страшна, то, вядома, ужо трываць некалі будзе».

Але нават тыя жыхары Харкаву, якія дзеля бяспекі пакінулі горад, усё роўна любымі спосабамі імкнуцца дапамагаць тым, хто застаецца. Так, многія перасяленцы далучыліся да валанцёрскай працы арганізацыі Каардынацыйны цэнтр «Харкаў SOS».

Разбураны жылы дом пасля расейскага ракетнага абстрэлу. Харкаў, Украіна. 24 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат
Жыхарка раёну Паўночная Салтаўка ў Харкаве сядзіць на лавачцы ля ўласнага дому, пашкоджанага артылерыйскім ударам. Цяпер яна, не звяртаючы ўвагі на прэсу, размаўляе з сяброўкай, расказваючы пра апошнія падзеі. Харкаў, Украіна. 28 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

«Арганізацыя цяпер базуецца ва Львове, яна сабраная з харкаўчан, якія беглі ад вайны. Пачалося ўсё з кол-цэнтру. Людзі ў Харкаве не разумелі, што рабіць і як дзейнічаць, як эвакуявацца, дзе і якія аптэкі працуюць і гэтак далей. Мы сталі збіраць інфармацыю і дзяліцца ёю з гараджанамі. Потым паступова пачалі паступаць розныя прапановы, і ў нас арганізаваўся вялікі лагістычны цэнтр. Мы самі атрымліваем ад розных фондаў гуманітарную дапамогу, медыкаменты, трошкі нават бронекамізэлькі. Усё гэта вязем у родны Харкаў», – пра асаблівасці працы арганізацыі распавядае валанцёр Дзяніс Куклін.

Ужо пасля дастаўкі гуманітарных грузаў у Харкаў адбываецца іх перапакоўка і размеркаванне па канкрэтных людзях. Валанцёры працуюць па заяўках, таму і дапамога аказваецца самая розная – ад медычных прэпаратаў і абсталявання да прадуктаў харчавання і сродкаў асабістай гігіены.

Корпус расейскай ракеты ўсталяваны ў якасці помніка каля будынка Харкаўскай адміністрацыі. Харкаў, Украіна. 24 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат
Фатаграфія Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна насупраць будынку Харкаўскай ОДА, размешчаная актывістамі на барыкадзе. Харкаў, Украіна. 24 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Паступова валанцёрскі прыклад харкаўчан перанялі і ў іншых рэгіёнах краіны – Данбас, Сумы, Чарнігаў.

«Гэта мой абавязак як грамадзяніна перад дзяржавай, якую я люблю, дапамагаць усяляк, укладваць свае намаганні і жыццёвы досвед у тое, што цяпер неабходна краіне, каб выстаяць у гэтай несправядлівай вайне», – тлумачыць валанцёр з Харкава Вадзім Спявак.

Вялікую ролю ў аднаўленні ранейшага жыцця ў горадзе адыгрываюць і мясцовыя сілы паліцыі. Яшчэ з першых дзён вайны ў Харкаве ўведзена каменданцкая гадзіна, якая ў дадзены момант дзейнічае з 20:00 да 6:00. У гэты час рух звычайных грамадзян па горадзе забаронены.

Валанцёры цэнтру «Харкаў SOS» падчас разгрузкі гуманітарнага грузу з лекамі. Харкаў, Украіна. 26 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

«З увядзеннем каменданцкай гадзіны ў нас колькасць злачынстваў рэзка пайшла на спад, таму што большасць разумее наколькі гэта сур’ёзна. Самае галоўнае, што паліцыя, пачынаючы з каменданцкай гадзіны, пастаянна знаходзіцца на вуліцы. Кругласутачна, гэта значыць 24/7, усе падраздзяленні паліцыі патрулююць вуліцы», – тлумачыць начальніца аддзелу камунікацыі паліцыі Харкаўскай вобласці Алена Бараннік.

Супрацоўнік паліцыі спецыяльнага падраздзялення паказвае адзін з разбураных дамоў у Харкаве. Паліцыя прыехала сюды пасля наступлення каменданцкай гадзіны для спынення магчымага марадзёрства. У доме засталося шмат рэчаў эвакуяваных мясцовых жыхароў. Харкаў, Украіна. 27 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Па словах прадстаўніцы паліцыі, важнасць захавання каменданцкай гадзіны важная і ў плане бяспекі саміх грамадзян, паколькі ў такой сітуацыі выконваецца адносная цішыня, і гараджанам лягчэй пачуць паветраную трывогу і схавацца. Але акрамя працы ў умовах вайны, харкаўская паліцыя працягвае выконваць свае звычайныя абавязкі.

«Гэтыя функцыі не змяніліся – гэта падтрымка правапарадку, грамадская бяспека, мы рэагуем на ўсе паведамленні грамадзян аб крадзяжах або марадзёрстве. Гэтых злачынстваў стала значна менш, чым было, але яны ёсць, горад працягвае жыць сваім жыццём, і ў нейкай ступені крымінальным жыццём».

Супрацоўнікі паліцыі спецыяльнага прызначэння затрымалі жыхара Харкава, які ў час каменданцкай гадзіны знаходзіўся на вуліцы. Каменданцкая гадзіна дзейнічае ў горадзе з 20:00 вечара да 5:00 раніцы. Харкаў, Украіна. 27 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

У вольны ад асноўнай працы час паліцыя Харкава таксама разводзіць гуманітарную дапамогу, асабліва ў тыя раёны, якія цяжкадаступныя і небяспечныя. Акрамя гэтага праваахоўнікі дапамагаюць людзям падчас эвакуацыі.

Фотарэпартаж
«Хочам ратаваць жыцці». Як хлопцы з Адэсы самі робяць бронекамізэлькі для вайскоўцаў
2022.04.25 21:12

ВК/ІР belsat.eu

Стужка навінаў