Папа Рымскі Францішак пакуль не паедзе ў Кіеў – спачатку хоча сустрэцца з Пуціным у Маскве


Кіраўнік Каталіцкага Касцёлу гатовы да перамоваў з Уладзімірам Пуціным, каб спыніць вайну. У інтэрв’ю італьянскаму выданню «Corriere della Sierra» пантыфік распавёў, што яшчэ на 20-ы дзень вайны ў Маскву было перададзенае паведамленне пра ягоную гатовасць да сустрэчы з Пуціным, аднак адказу Ватыкан так дагэтуль і не атрымаў.

Папа Рымскі Францішак.
Фота: vaticannews.va

У першы дзень уварвання Расеі ва Украіну Папа Францішак размаўляў праз тэлефон з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Потым сустрэўся з амбасадарам Расеі.

«Я папрасіў іх патлумачыць, я сказаў: «Калі ласка, спыніцеся», – распавядае Папа Рымскі.

Пазней, на 20-ы дзень вайны кардынал Паралін паведаміў адміністрацыі Пуціна пра гатовасць пантыфіка наведаць Маскву. Папа Рымскі зазначае, што працягвае настойваць на гэтай сустрэчы, нават калі Пуцін і не хоча яе праводзіць.

Пантыфік пакуль не збіраецца ехаць ва Украіну.

«У Кіеў я пакуль не паеду, – кажа Францішак. – Я паслаў кардынала Міхаэла Чэрнага і кардынала Конрада Краеўскага, якія адправіліся туды чацвёрты раз. Але я адчуваю, што мне не трэба ехаць. Спачатку я мушу паехаць у Маскву, спачатку я мушу сустрэцца з Пуціным. Але я таксама святар – што я магу зрабіць? Я раблю тое, што магу. Калі б Пуцін адчыніў дзверы…»

Кагадзе Папа Рымскі цягам 40 хвілінаў праз Zoom размаўляў з патрыярхам Кірылам, які палову сустрэчы пераконваў Папу ў абгрунтаванасці нападу Расеі на Украіну.

«Першыя 20 хвілінаў з мапай у руках ён чытаў мне ўсе абгрунтаванні вайны. Я выслухаў і сказаў яму: я нічога ў гэтым не разумею, – сказаў Папа Францішак. – Браце, мы не дзяржаўныя службоўцы, мы не можам выкарыстоўваць мовы палітыкі, але мусім гаварыць мовай Ісуса. Мы пастыры аднаго і таго ж Святога народу Божага. Для гэтага мы мусім шукаць шляхі міру, каб пакласці канец абстрэлу зброяй».

На 14 чэрвеня была запланаваная сустрэча Францішка і Кірыла ў Іерусаліме, аднак цяпер расейскі патрыярх выступае супраць гэтай сустрэчы, бо «гэта можа быць двухсэнсоўным сігналам».

«Я настроены песімістычна, але мы мусім зрабіць усё магчымае, каб спыніць вайну», – зазначыў пантыфік.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў