На школьных іспытах па гісторыі Беларусі цяпер у кожным білеце будзе пытанне пра Вялікую Айчынную вайну


У школьнымі курсе гісторыі Беларусі будзе зроблены яшчэ большы акцэнт на перыядзе Вялікай Айчыннай вайны, а пытанні пра вайну цяпер будуць у кожным экзаменацыйным білеце. Каб падрыхтавацца да іспыту, школьнікам давядзецца наведваць адмысловы факультатыў, паведаміў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай у эфіры праграмы «Па сутнасці» на СТВ.

Агітбрыгада «Праўнукі вайны» з вучняў 2 класу Геранёнскай сярэдняй школы.
Фота: Настаўніцкая газета

«У нас ёсць курс вельмі добры, у 2004 годзе распрацаваны, «Вялікая Айчынная вайна савецкага народу ў кантэксце Другой сусветнай вайны», ён вельмі падрабязны, і калісьці, на жаль, ад яго адышлі, – сказаў намеснік міністра адукацыі. – Мы цяпер вяртаемся ў рамках факультатыву, але факультатыў – гэта выбраў ці не выбраў. Таму для падрыхтоўкі да экзаменаў вучням будзе рэкамендавана выбраць гэты курс».

Чыноўнік зазначыў, што пытанне пра вайну будзе ў кожным экзаменацыйным білеце:

«Гэта значыць, у нас 20 білетаў – другім пытаннем Вялікая Айчынная вайна. Для таго, каб школьніку падрыхтавацца, а педагогу падрыхтаваць, у 9-м класе гэты курс будзе выбірацца ўсімі школьнікамі».

Прысутныя ў студыі зазначылі, што больш увагі Вялікай Айчыннай вайне трэба надаваць у школах менавіта цяпер, на фоне вайны ва Украіне, каб «рыхтаваць патрыётаў».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў