Эксперты: Вайна ва Украіне не завершыцца, пакуль адзін з бакоў не падпіша капітуляцыі


Вайна ва Украіне працягваецца больш за два месяцы. Яшчэ ў лютым заходнія аналітыкі выказвалі меркаванні, што Расея здолее на працягу некалькіх дзён захапіць Кіеў. А цяпер сярод палітолагаў і палітыкаў гучаць меркаванні, што Украіна не толькі здолее выстаяць у барацьбе з агрэсарам, але можа перамагчы. «Белсат» у размове з экспертамі паспрабаваў прааналізаваць, як доўга працягнецца вайна ва Украіне.

Ілюстрацыйны здымак. Корпус расейскай ракеты, усталяваны ў якасці помніку каля будынку Харкаўскай адміністрацыі. Харкаў, Украіна. 24 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

На працягу апошніх 69 дзён Расея не спыняе абстрэлаў украінскіх гарадоў. Ад удараў гінуць мірныя людзі. Пры гэтым у Крамлі надалей называюць напад «спецаперацыяй». Заходнія медыі паведамляць, што, імаверна, 9 траўня Пуцін афіцыйна абвесціць вайну Украіне. Гэта дазволіць кіраўніку Крамля распачаць усеагульную мабілізацыю.

Відавочна, што першапачатковыя планы Пуціна хутка захапіць Украіну праваліліся. Цяпер, калі верыць кіраўніцтву Расеі, Масква ставіць за мэту захоп поўдня Украіны. Для гэтага могуць выкарыстаць і Прыднястроўе, лічыць Аляксандр Марозаў, палітолаг, выкладчык Карлавага ўніверсітэту, Прага.

«Крэмль ставіць на мэце на захопленых тэрыторыях стварыць нейкую «Наваросію», куды ўвойдуць тэрыторыі, захопленыя ў 2014-м і сёлета. Што плануюць з гэтымі тэрыторыямі рабіць, пакуль не зусім зразумела, мажліва, што будуць намагацца далучыць да Расеі, падтрымліваць іх, як раней падтрымлівалі так званыя ЛДНР», – кажа палітолаг.

Але гэтым планам сённяшняя Украіна дае адпор. Дзякуючы падтрыманню Захаду Кіеў мае дастаткова моцнае становішча, мае сілы для барацьбы. У адрозненне ад 2014 года нельга чакаць, што Расеі ўдасца стварыць такую лінію падзелу, як раней. Па выніках захопаў у 2014 годзе канфлікт не быў пераадолены, яго замарозілі. Пры цяперашняй жа сітуацыі замарозіць канфлікт не ўдасца. А гэта азначае, што вайна тут будзе працягвацца даволі доўга, лічыць Аляксандр Марозаў.

Hавiны
Пуцін можа абвесціць 9 траўня аб далучэнні самаабвешчаных «ЛНР» і «ДНР» да РФ
2022.05.02 19:32

Паводле палітолага, канфлікт не завершыцца на працягу бліжэйшых месяцаў. Па-першае, у Крамля яшчэ ёсць вайсковыя магчымасці. Мае сілы і Украіна.

«На мой погляд, дастаткова складана прадказаць далейшае развіццё падзеяў, бо і Крэмль можа пайсці на радыкальныя крокі. Таксама ж мы бачым такія фактары, як дыверсіі на расейскай тэрыторыі. А гэта мяняе карціну вайны. Але, тым не менш, я б сказаў, што наўрад ці вайна завершыцца да канца 2022 года», – кажа Аляксандр Марозаў.

Фундаментальны чыннік у сітуацыі – тое, што мы бачым незвычайную салідарнасць краінаў Захаду. А гэта фактар, якога не было ў 2014 годзе, звяртае ўвагу суразмоўца «Белсату». Тады еўрапейскія краіны і ЗША зыходзілі з думкі, што гэта рэгіянальны канфлікт, які мусіць як мага хутчэй завершыцца. Цяпер сітуацыя зусім іншая. Краіны «Вялікай дваццаткі» арыентаваныя на тое, што Крэмль перакрочыў усе магчымыя чырвоныя лініі ў гэтай агрэсіі, і гэта настолькі пагражае глабальнай бяспецы, што ніякага прымірэння з рэжымам Пуціна проста быць не можа.

«Таму вынікам вайны не можа быць проста замірэнне. Павінен быць больш адчувальны вынік, пры якім Крэмль больш не будзе пагражаць не толькі суседнім краінам, а і ўвогуле ўсяму свету. Пра гэта цяпер кажуць усе заходнія палітыкі. Бо нават калі закончацца ваенныя дзеянні, ніякіх стасункаў з Масквой быць не можа, пакуль адтуль будзе магчымая нейкая пагроза», – лічыць палітолаг.

Ілюстрацыйны здымак. Спаленыя машыны ў Бучы, Украіна. 4 красавіка 2022 года.
Фота: president.gov.ua

Іншы палітолаг, вайсковы аглядальнік, выказвае меркаванне, што канфлікт ва Украіне працягнецца да канца бягучага года, а ў лепшым выпадку – да сярэдзіны 2022 года. Пры гэтым калі закончыцца вайна, сказаць складана.

«Пакуль яшчэ незразумела, ці распачала Расея наступ. Ваенныя дзеянні вядуцца вельмі марудна. Як у лютым, калі расейскія войскі перасоўваліся за дзень на сотні кіламетраў, не атрымаецца. Я лічу, што канфлікт стане падобным да таго, што ўзнік у 2015–2016 гадах на Данбасе. Будуць такія сутыкненні час ад часу. А сама вайна скончыцца толькі ў выпадку перамогі аднаго з бакоў», – кажа аналітык.

Напярэдадні сакратар Рады бяспекі Украіны Аляксей Данілаў выказаўся адносна падпісання мірнай дамовы з РФ. Палітык мяркуе, што мірнай дамовы з Расеяй не будзе. Данілаў лічыць, што ў цяперашніх умовах украінскі ўрад гатовы прыняць толькі капітуляцыю. Але пакуль, лічыць субяседнік «Белсату», ніводзін з бакоў не мае перавагі, каб запатрабаваць падпісання мірнай дамовы.

«Украінцы таксама добра разумеюць сітуацыю. Пуцін жа таксама разумее, што справа не толькі ў вайне, а гэта пытанне ягонай персанальнай улады, што будзе яго падштурхоўваць да ваенных дзеянняў. Акрамя таго, у такім марудным, павольным канфлікце зацікаўлены насамрэч і Захад».

Hавiны
Данілаў: «Цяпер мірнай дамовы з Расеяй не можа быць, толькі капітуляцыя»
2022.05.02 23:26

Эксперт звяртае ўвагу, што канцэпцыя абароны Літвы, Латвіі і Эстоніі, распрацаваная NATO, прадугледжвае, што тут вядзецца ў першую чаргу так званая партызаншчына. Мэта такога кроку – запаволіць наступ расейскіх войскаў. А ў гэты час альянс фармуе кааліцыю і высаджваецца ў Нямеччыне, дзе дае адпор сілам праціўніка і потым вызваляе краіны Балтыі.

«Такую ж канцэпцыю цяпер бачаць і ва Украіне, але без вызвалення. Нават калі паглядзець на пастаўкі зброі з Захаду, то бачна, што перадаюць зброю для партызанскай вайны, а не абарончую ці наступальную. Бачна, што Захад зацікаўлены, каб Расея спынілася і загрузла на доўгі час ва Украіне, каб вычарпала там свае рэсурсы. Вядома, што праз 5–10 гадоў такога канфлікту Расея перастане быць для Захаду сур’ёзным супернікам».

Зразумела, што для Украіны зацягванне вайны стане даволі небяспечным. Але канфлікт, на думку эксперта, можа зацягнуцца нават на год, а то і больш. У выпадку яго замарожвання сутыкненні і перастрэлкі стануць звыклай з’явай.

Рэпартаж
«У нас няма дня, каб было ціха». Харкаўчане распавядаюць пра жыццё ва ўмовах вайны
2022.05.03 16:48

Трэцяя сусветная ці проста канфлікт Расеі з Украінай?

Некаторыя палітыкі агучылі думку, што цяпер у свеце ідзе Трэцяя сусветная вайна. Але суразмоўца «Белсату» палітолаг Аляксандр Марозаў лічыць, што гэта не зусім так і што да сусветнай вайны яшчэ вельмі і вельмі далёка.

«Масква застаецца ў адзіноце. Сусветная вайна – гэта канфлікт двух вялікіх альянсаў. Крэмль не мае саюзнікаў, таму тут наагул не будзе сусветнай вайны. Але несумненна тое, што альянс краінаў, я маю на ўвазе не NATO, але тактычны альянс краінаў, якія падтрымліваюць Украіну, што прагучала нядаўна на нарадзе на базе Рамштайн у Нямеччыне, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі 40 краінаў, ужо, несумненна, існуе. Можна чакаць, што бліжэйшымі месяцамі, можа нават на працягу месяца ці двух, нейкая з краінаў Еўропы падтрымае Украіну», – кажа палітолаг.

Ілюстрацыйны здымак. Работнікі МНС на месцы пажару на станцыі тэхабслугоўвання аўтаў, куды трапіла адна з чатырох расейскіх ракетаў. У выніку абстрэлу загінулі 7 чалавек, 4 з якіх – працаўнікі СТА, мінімум 11 пацярпелі, у тым ліку адно дзіця. Астатнія ўдары былі здзейсненыя па аб’ектах вайсковай інфраструктуры. Львоў, Украіна. 18 красавіка 2022 года.
Фота: АК / Белсат

Пры гэтым, на думку Аляксандра Марозава, цалкам магчыма, што некаторыя заходнія еўрапейскія краіны возьмуць непасрэдны ўдзел у змаганні з расейскай агрэсіяй ва Украіне.

«Можна сабе ўявіць, што Узброеныя сілы адной з краінаў Еўропы ўвойдуць на тэрыторыю Украіны, безумоўна, са згоды Кіева, дзеля таго, каб вызваліць частку ўкраінскай арміі, якая занятая, напрыклад, проста аховай інфраструктуры, дзеля ўдзелу на фронце. Хто гэта можа быць, якая краіна, пакуль сказаць складана. Гэта могуць быць войскі Польшчы, Францыі, Швецыі. Але цяпер добра бачна, што ўсе еўрапейскія лідары адзінагалосна кажуць, што NATO не павінна ўдзельнічаць у вайне. Гэта фундаментальная пазіцыя. Другі момант – наўпрост на фронце сілы еўрапейскіх краінаў не мусяць браць удзелу на фронце», – кажа эксперт.

Hавiны
Выведка Украіны: У Расеі рыхтуюцца да эпідэміі халеры ў памежных вобласцях, магчымыя правакацыі
2022.05.03 10:53

Пры гэтым NATO паводзіць сябе вельмі марудна і доўга спрачаецца вакол паставак зброі для Украіны. Таму лічыць, што абарончы Альянс можа распачаць наступ на Расею, няправільна, лічыць вайсковы эксперт.

«Я не думаю, што варта чакаць вайны Расеі з NATO. Пуцін можа ціснуць на некаторыя краіны Альянсу. Бачым цяпер сітуацыю ў Малдове. Але гэтыя правакацыі не нясуць рэальнай небяспекі. Не разумею, якім чынам Крэмль можа нешта рэалізаваць у Малдове. Але тут трэба разумець, што чым бліжэй будзе зразумелая сітуацыя капітуляцыі для Пуціна, тым больш думак будзе знішчыць усё. Але пакуль такой сітуацыі няма. Зразумела, невядома, што можа нарадзіцца ў галаве ў кіраўніка Крамля, што там можа стрэліць», – кажа аналітык.

У той жа час крокі і дзейнасць NATO могуць у Пуціна стварыць уражанне, што Альянс – даволі слабы, кажа суразмоўца «Белсату». У выніку гэта можа прывесці да таго, што ў Крамлі вырашаць праверыць рэакцыю і напасці на краіны Балтыі. І гэтая рызыка да 2024 года прысутнічае, перакананы эксперт.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Якуб Шымчук / KPRP

Перадумовы для вайны – у тым, што Расея слабне, яна разумее гэта, і ўзнікае думка, што лепей біць, пакуль ты моцны, чым чакаць, пакуль аслабнеш і цябе ўсе будуць біць. Вось такая логіка ў Крамлі, і таму цяпер палезлі ва Украіну. Эксперт меркаваў, што напад на Украіну адбудзецца ў наступным годзе. А паколькі нечакана ўварваліся сёлета, то гэта можа сведчыць і пра тое, што справы ў Расеі даволі кепскія. Цяпер усе ў свеце бачаць, якім чынам выглядае «другая армія ў свеце» на фронце. Пуцін таксама разумее, што цяпер усе бачаць ягоную слабасць. Таму ён можа нанесці ўдар у адказ, пакуль ёсць хоць якія-кольвек сілы.

Hавiны
Эксперт: «Наступныя 2-3 тыдні вызначаць будучыню Украіны і Расеі на гады»
2022.05.02 16:49

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў