Беларускай асацыяцыі журналістаў уручылі прэмію UNESCO за ўнёсак у свабоду прэсы


Беларуская асацыяцыя журналістаў сёлета стала лаўрэаткай Сусветнай прэміі UNESCO імя Гіллерма Кана за ўнёсак у свабоду прэсы. Цырымонія адбылася ва Уругваі.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец падчас цырымоніі ўручэння Сусветнай прэміі UNESCO імя Гіллерма Кана.
Фота: БАЖ

Падчас цырымоніі ўручэння прэміі старшыня БАЖ Андрэй Бастунец выказаў падзяку ўсім журналістам, якія працягваюць працаваць у Беларусі і для Беларусі.

«Беларуская асацыяцыя журналістаў была створаная ў 1995 годзе як рэакцыя на рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Маніторынг парушэнняў правоў журналістаў, абарона свабоды выказвання, садзейнічанне распаўсюджванню праўдзівай інфармацыі – асноўныя задачы асацыяцыі. БАЖ быў і застаецца адной з найбольш вядомых арганізацый у Беларусі, яго дзейнасць была адзначаная і многімі міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку Еўрапарламентам.

За апошнія два гады БАЖ зафіксаваў больш за 1000 выпадкаў незаконных затрыманняў, збіцця, арыштаў, штрафаў, крымінальнага пераследу журналістаў у Беларусі. Цяпер за кратамі застаюцца 24 нашыя калегі.

Гэтую прэмію БАЖ расцэньвае як падтрымку ўсёй незалежнай журналісцкай супольнасці Беларусі. І спадзяецца, што яна зможа прыцягнуць увагу да сітуацыі са свабодай СМІ ў краіне, якое працягвае пагаршацца, акажа ўплыў на змяненне гэтай сітуацыі да лепшага, на лёс тых журналістаў, якія цяпер у Беларусі застаюцца за кратамі», – сказаў Андрэй Бастунец падчас уручэння прэміі.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец падчас цырымоніі ўручэння Сусветнай прэміі UNESCO імя Гіллерма Кана.
Фота: БАЖ

Генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш (António Guterres) адзначыў у сваім выступе, што «тэхналогіі стварылі новыя каналы дэманстрацыі сілы і злоўжыванняў», – папярэдзіў ён. Але «без свабоды прэсы няма сапраўднай дэмакратыі».

«Уручаючы прэмію БАЖ, мы падтрымліваем усіх журналістаў ва ўсім свеце, якія крытыкуюць, выступаюць супраць і выкрываюць аўтарытарных палітыкаў і рэжымы, перадаюць праўдзівую інфармацыю і прасоўваюць свабоду выказвання меркаванняў. Сёння мы вітаем і хвалім іх. Мы знаходзім спосаб сказаць: мы з вамі і цэнім вашу мужнасць, – адзначыў старшыня міжнароднага журы прэміі, заснавальнік і дырэктар албанскай медыяарганізацыі Альфрэд Леля (Alfred Lela).

Сусветная прэмія імя Гіллерма Кана за ўнёсак у справу свабоды друку заснаваная UNESCO ў 1997 годзе ў памяць аб загінулым калумбійскім журналісце Гіллерма Кана (Guillermo Cano Isaza). Прэмія прысуджаецца за спрыянне свабодзе друку, асабліва калі адпаведная дзейнасць звязаная з рызыкай. Прэмія складаецца з 25 тысяч долараў і памятнага падарунку.

Артыкулы
Палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута перавялі на Валадарку
2022.05.03 13:19

АД belsat.eu

Стужка навінаў