Трэцяга траўня. Як беларусы вярнуліся ў Еўропу

Варшаўская сустрэча прэзідэнтаў пяці краінаў даводзіць, што беларусаў перасталі лічыць часткай «рускага міру».

У панядзелак, 3 траўня, на пляцы Каралеўскага замку ў Варшаве пад вялікай праекцыяй славутай карціны Яна Матэйкі «Канстытуцыя 3 траўня 1791 года» сабраліся прэзідэнты Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Украіны. З нагоды 230-й гадавіны першай у Еўропе і другой на свеце канстытуцыі падпісалі супольную дэкларацыю, прыгадалі гісторыю і Рэч Паспалітую. У прамой трансляцыі кіраўнікі краінаў правялі нават дыскусію, падчас якой абмеркавалі выклікі сучаснасці. Ад пандэміі, экалогіі і эканомікі хутка перайшлі да рэгіянальнай бяспекі і пагрозаў.

Варшаўская сустрэча прэзідэнтаў пяці краінаў.
Фота: prezydent.pl

Усе прысутныя пагадзіліся наконт таго, што таксама як пад канец ХVIII стагоддзя, так і цяпер, пагрозы для народаў рэгіёну сыходзяць з боку імперскіх амбіцыяў Расеі. І, што цікава, хіба першы раз, на маю памяць, на такога тыпу мерапрыемстве ўзгадалі не толькі пра расейскую агрэсію супраць Украіны, але і пра беларусаў, якія «змагаюцца за свабоду і дэмакратыю». Пры тым пра Беларусь казалі многа, і не толькі прэзідэнт Польшчы ці Літвы, якія даўно падтрымліваюць беларускую дэмакратычную супольнасць.

Прэзідэнт Эстоніі Керсці Кальюлайд (Kersti Kaljulaid) прыгадала, што беларусы змагаюцца за базавыя правы, якія ўжо даўно сталі «нормай у Еўрапейскім Саюзе» і заклікала да салідарнасці.

Прэзідэнт Латвіі Эгілс Левітс у сваёй прамове пайшоў яшчэ далей.

– Падчас святкавання гадавіны Канстытуцыі 3 траўня [1791 года] народ беларускі сёння тут, з намі – заявіў ён. Казаў пра патрэбу падтрымкі беларусаў не толькі словам, але і «справай».

Мерапрыемства з нагоды 230-й гадавіны прыняцця першай у Еўропе Канстытуцыі.
Фота: prezydent.pl

Дарэчы пра Беларусь яшчэ раніцой у панядзелак згадаў кіраўнік канцылярыі польскага прэм’ера Міхал Дворчык (Michał Dworczyk), які на Тўітэры каментаваў супольнае паседжанне польскага і літоўскага парламентаў. Пералічваючы сцягі звязаных з гісторыяй Рэчы Паспалітай краінаў, напісаў, што ў Тўiтэры «на жаль няма гістарычнага сцягу Беларусі».

Прысутнасці Беларусі на гэтым мерапрыемстве сапраўды не хапала, і гэта разумелі хіба ўсе замежныя госці польскай сталіцы ў панядзелак. Чаму не запрасілі Аляксандра Лукашэнку ці кагосьці з яго атачэння, зразумела, – бо ў дэмакратычным свеце Лукашэнку не лічаць прэзідэнтам. Чаму ў каралеўскім замку не было Святланы Ціханоўскай – бо не абвесціла сябе фармальным кіраўніком краіны, нават на выгнанні.

Хутчэй за ўсё, ёсць адпаведныя дыпламатычныя пратаколы, якія рэгулююць падобныя сустрэчы, але гэта ўжо пытанне да спецыялістаў з міжнароднага права і дыпламатаў. Галоўнае, што 3 траўня ў Варшаве, як сказаў прэзідэнт Левітс, быў прысутны «беларускі народ», завочна, але быў.

Мерапрыемства з нагоды 230-й гадавіны прыняцця першай у Еўропе Канстытуцыі.
Фота: prezydent.pl

Беларусы вярнуліся ў рэгіянальную павестку, еўрапейскую павестку. Бо яшчэ год таму ніхто б пра Беларусь тут не ўзгадваў, бо лічылі сферай уплыву Расеі. Смелая барацьба беларусаў з дыктатурай разбурыла гэтыя стэрэатыпы, і гэта вельмі сімвалічна ў гадавіну канстытуцыі Рэчы Паспалітай, часткай якой была сённяшняя Беларусь. Бо менавіта тады, 230 год таму, продкі сучасных беларусаў, ствараючы канстытуцыю, былі часткай еўрапейскай прасторы, часткай еўрапейскіх традыцыяў і каштоўнасцяў. У выніку ж Рэч Паспалітую падзялілі, Вялікае Княства Літоўскае знішчылі, тэрыторыю сучаснай Беларусі ўключылі ў склад Расейскай Імперыі. Прыйшлі іншыя традыцыі, іншыя каштоўнасці, іншая вера. Забралі свабоду. І варшаўская сустрэча кіраўнікоў пяці краінаў нашага рэгіёну паказвае, што беларусы сабе гэтую свабоду вярнулі. Беларусаў, прынамсі, ужо перасталі лічыць часткай «рускага міру».

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў