«Проста папёрла». Чаму лідар «Дзецюкоў» запісаў альбом на вершы Караткевіча, а гурт не спяваў пра 2020 год


Спявак Алесь Дзянісаў выдаў 2 траўня свой другі сольны альбом пад назвай «Леаніды вяртаюцца…» з песнямі на вершы Ўладзіміра Караткевіча. Яго гурт «Dzieciuki» цяпер запісвае новы міні-альбом. Але чаму Дзянісаў і «Dzieciuki» не запісалі нічога ў «пратэставы» 2020 год?

Чаму Караткевіч і чаму сольна

Даведка
Леаніды – метэорны паток, звязаны з каметай, арбіту якой Зямля перасякае штогод 17–18 лістапада. Магутныя метэорныя штормы ад гэтага здараюцца раз на 33 гады, апошні раз яны былі ў 1999-м. «Леаніды не вярнуцца да Зямлі» – раман Уладзіміра Караткевіча, у якім згадваецца 1899 год, калі чаканы магутны шторм не адбыўся.

Тое, чаму цяпер выйшаў альбом менавіта на вершы Уладзіміра Караткевіча, аўтар альбому Алесь Дзянісаў тлумачыць «Белсату» проста: Караткевіч, як і Быкаў, гэта «нашае ўсё».

«Я даволі позна пазнаёміўся з вершамі Караткевіча, неяк так адбылося, – згадвае ён. – Так сталася, што я чытаў усе яго знакамітыя раманы, а да паэзіі не даходзілі рукі.

А потым патрапіў на томік, узяў у свайго сябра Гены Баламута з поўнага збору сачыненняў. Не памятаю, калі гэта было, гады тры-чатыры таму, можа. Стаў выбарачна гартаць, натрапіў на верш «Надпіс на каменні над крыніцай». Ён мяне вельмі ўразіў, адразу нейкая мелодыя з’явілася ў галаве. І напісалася песня, якая была запісаная «Дзецюкамі» на апошнім альбоме. А пазней проста прыйшло нейкае натхненне, проста папёрла. І з’явіўся шэраг песень».

Песня «Надпіс на каменні над крыніцай» не ўвайшла ў сольны альбом Дзянісава. Ён кажа, застаўся задаволены тым, як песня гучала ў альбоме «Дзецюкоў», і сумняваўся, што песні магчыма «даць новае паветра» ў акустычным варыянце. У альбом «Леаніды вяртаюцца…» маглі б увайсці яшчэ 5–6 песень, але Дзянісаву не спадабалася, як яны гучалі, «а потым натхненне скончылася». Ды спявак дапускае, што можа вярнуцца да творчасці Караткевіча пазней.

Пытанне аб тым, чаму «Леаніды вяртаюцца…» стаў сольным альбомам, а не альбомам «Дзецюкоў», Дзянісаў лічыць дзіўным: акустычнага праекту «Людзі на балоце» ўжо няма, а тое, што выйшла на новым альбоме, і тое, што граюць «Dzieciuki», гэта зусім розная музыка.

«З «Дзецюкамі» я гэта ніяк не мог рабіць, таму што мы граем панк-рок, – тлумачыць ён. – А гэта зусім не панк-рок».

Караткевіча чамусьці мала спяваюць

Хоць Караткевіч – даволі папулярны ў Беларусі, «Леаніды вяртаюцца…» – фактычна першы студыйны альбом песень цалкам на ягоныя словы. Хіба Зміцер Вайцюшкевіч выдаваў альбом «Беларуская песня», дзе 13 з 18 спеваў былі на словы Караткевіча, але і тое быў канцэртны альбом. Іншыя выдавалі асобныя песні, але не цэлыя альбомы.

Чаму так, Дзянісаў не ведае. Ён дапускае, што ў Караткевіча могуць быць складаныя вершы, ды прыгадвае свой першы сольны альбом на вершы Алеся Чобата: хтосьці казаў, што «на Чобата немагчыма пакласці музыку, ён настолькі нестандартны».

Пры тым 5 з 14 песень з альбому «Леаніды вяртаюцца…» спявалі іншыя выканаўцы. Лявон Вольскі спяваў «Павешаным 1863 году» і «Зімовы дуб» (першую таксама запісваў гурт «Sciana»), Ulis спяваў «Жаўранак – звонкая ніць», Аляксандр Памідораў разам з Ulis – «Прыганятыя», Зміцер Вайцюшкевіч спяваў «Пяць струкоў перцу».

Дзянісаў прызнаўся: пра тое, што Лявон Вольскі спяваў «Зімовы дуб» (на альбоме Дзянісава – «Іржавы дуб»), ён даведаўся ад самога Вольскага, калі скінуў яму альбом. І ягоны альбом Вольскі пахваліў. Было дзіўна, але цікава слухаць песні, якія «паўтарыліся».

Чаму «Dzieciuki» ня пелі пра пратэсты 2020 году

З лета-2020 беларускія музыкі выдалі сотні песень, прысвечаных пратэстам або натхнёных імі. «Dzieciuki» ж хоць выступалі, але не выдавалі новых запісаў – хіба сам Дзянісаў паўдзельнічаў у песні «Вам», якую Naka запісалі разам з шэрагам вядомых спевакоў.

«Справа ў тым, што на розных творцаў гэтыя падзеі паўплывалі па-рознаму, – тлумачыць Дзянісаў. – Хтосьці можа, хтосьці не можа. На мяне гэта паўплывала так. Адчуваю цалкам унутраную спустошанасць… Але слухайце, я ў сваім жыцці столькі пратэстовых песень напісаў, што тым, якія зараз пішуць, яшчэ даганяць і даганяць! Калі згадаць мой першы гурт «КальЯн», ён быў цалкам пратэсны і цалкам пра сучаснасць.

Я ў свой час шмат чаго напісаў, але цяпер нічога не пішацца, са жніўня не напісаў ніводнай песні – ні пратэставай, ні лірычнай, ні камічнай».

Нават да жартаўлівага трасянкавага праекту Bydher & Mixalych Алесь Дзянісаў напісаў апошнюю песню – «Каранавірус» – яшчэ мінулай вясной, але з таго часу яна проста «валялася» і выйшла толькі гэтай зімой разам з кліпам. Дзянісаў згадвае, як у мінулым верасні стэлефаноўваўся з лідарам гурту «Палац» Алегам Хаменкам – прызналіся адзін аднаму, што нічога новага не пішацца.

Што далей

«Dzieciuki» ўжо пачалі запіс новага міні-альбому (EP). Такі фармат, кажа Дзянісаў, выбралі, бо «жывем мы ў краіне, дзе невядома, што як будзе ў бліжэйшы дзень», а матэрыял ужо быў: дзве цалкам гатовыя і тры часткова падрыхтаваныя песні. Пару месяцаў актыўна рэпетавалі, каб давесці песні да «розуму», і мінулую суботу пачалі запіс. Бубны ўжо запісалі, цяпер чакаюць басовыя партыі: у басіста нядаўна нарадзілася дзіця, таму трэба ўгаворваць знайсці час.

Дзянісаў таксама хоча завершыць другі альбом праекту «Людзі на балоце», большую частка матэрыялу якога запісалі яшчэ ў 2014 годзе. З таго часу гурт фактычна не існаваў, але музыкі вырашылі, што абвесцяць пра спыненне праекту тады, калі выйдзе другі альбом. Цяпер у некаторых песнях трэба дапісаць бас, у некаторых гітару. Але шмат чаго «не даробіцца», адзначае Дзянісаў: так, палову партыяў віяланчэлі не запісалі, а віяланчэліст даўно з’ехаў у Польшчу. Ды ён кажа нібы сам сабе: «Але трэба дарабіць тое, што ёсць».

Таксама спявак мае ідэю трэцяга сольнага альбому – ужо на вершы сучасных гарадзенскіх паэтаў: і маладых, і тых, каго ўжо няма на гэтым свеце.

АА belsat.eu

Стужка навінаў