Прэм'ер-міністры Польшчы і Літвы падтрымліваюць барацьбу за дэмакратыю і свабоду Беларусі


Аб падтрыманні ў барацьбе за дэмакратычную Беларусь заявілі прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце і прэмʼер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі на перамовах у Вільні 2 траўня, паведамляе агенцтва PAP.

Інгрыда Шыманіце і Матэўш Маравецкі на перамовах у Вільні 2 траўня.
Фота: delfi.lt

Польскі прэм’ер-міністр заўважыў, што супраца з краінамі «Усходняга партнёрства» важная як для стабільнасці, так і для росту дабрабыту ў Польшчы і Літве.

«Мы бачым, што адбываецца ў Беларусі і Украіне. Гэты рэгіён асабліва ўразлівы з пункту гледжання расейскай імперыялістычнай палітыкі. Таму мы падтрымліваем Украіну і Беларусь у іх барацьбе за дэмакратыю і свабоду. Паляпшэнне сітуацыі на Усходзе – індыкатар нашага рэалізму, таму кантэкст NATO і Еўрапейскага Звязу мае тут абсалютна першараднае значэнне», – заявіў Матэўш Маравецкі.

Літоўскі прэм’ер-міністр Інгрыда Шыманіце адзначыла, што Літва, як і Польшча, паслядоўна асуджае рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць мірнага насельніцтва і польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі. Таксама яна адзначыла важнасць прынцыповага і выразнага агульнага голасу дзвюх краінаў у падтрыманні міжнароднаю супольнасцю народу Беларусі.

«Мы мусім захоўваць адзінства, бо абараняем не толькі нашую ўласную свабоду і незалежнасць, але і права нашых суседзяў, якія плацяць высокую цану за сваю барацьбу, каб самім вызначаць уласны лёс».

Акрамя «Усходняга партнёрства» і рэгіянальнай бяспекі на перамовах у Вільні абмяркоўвалася сітуацыя вакол Беларускай АЭС. Як заявіла Інгрыда Шыманіце, цяпер адбываецца «крытычны этап развіцця» станцыі, таму неабходна не дапусціць трапляння электраэнергіі адтуль на рынак ЕЗ. Таксама яна падзякавала Польшчы за рашучае падтрыманне ў гэтым пытанні.

Hавiны
Літва і Украіна плануюць сфармаваць працоўную групу ў пытанні БелАЭС
2021.03.07 16:02

АД, belsat.eu

Стужка навінаў