Павел Латушка анансаваў новую акцыю пратэсту


Павел Латушка заявіў нямецкім журналістам, што разлічвае на масавую дэманстрацыю пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі 9 траўня, у Дзень Перамогі, перадае «Deutsche Welle».

«Праз сацсеткі я заклічу беларусаў выйсці на вуліцы. Калі Лукашэнка дазволіць збіць пратэстоўцаў 9 траўня, ён увойдзе ў беларускую гісторыю як фашыст», – заявіў Латушка.

Паводле кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, ён сам і іншыя сябры дэмакратычнага руху – гэта група экспертаў, «гатовых узяць лёс краіны ў свае рукі». Латушка адзначыў, што некаторыя чальцы гэтай каманды застаюцца ў Беларусі. Аднак не стаў называць імёнаў, адзначыўшы, што інакш ім пагражае неадкладны арышт.

Цяперашні пераслед апазіцыі ў Беларусі Павел Латушка назваў самым страшным у Еўропе за апошнія 40 гадоў. «Рэпрэсіі праніклі ва ўсе пласты грамадства», – адзначыў ён, дадаўшы, што цяпер беларускі парламент працуе над законам, які дазволіць сілавікам страляць па дэманстрацыях без папярэджання.

Кіраўнік і заснавальнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка. Са спецрэпартажу Белсату «Няродны кут».
Фота: ЮШ / Белсат

Адказваючы на пытанне нямецкіх журналістаў пра тое, ці ідзе Беларусь па шляху да фашызму, Латушка адзначыў, што Лукашэнка ніколі не хаваў свайго захаплення «парадкам», які стварыў Адольф Гітлер.

Са звестак Латушкі, у Беларусі была сфармаваная спецгрупа для адсочвання сябраў дэмакратычнага руху за мяжой і іх ліквідацыі.

«Мы сведкі тэрору ў Еўропе ХХІ стагоддзя. Але калі-небудзь адбудзецца і другі працэс над ваеннымі злачынцамі, як у 1945 годзе ў Нюрнбэргу, я ў гэтым упэўнены», – дадаў ён.

Каментуючы ролю Заходняй Еўропы ў выхадзе з палітычнага крызісу ў Беларусі, Латушка падкрэсліў, што «сёння свабодная Еўропа павінна прайсці тэст, які пакажа, у якой меры яна гатовая абараняць такія асноватворныя каштоўнасці, як дэмакратыя і свабода».

Hавiны
Латушка: 9 траўня мы павінны паказаць сваё адзінства
2021.04.10 09:52

АД, belsat.eu

Стужка навінаў