Кыргызстан і Таджыкістан адвялі войскі ад мяжы


Кыргызстан і Таджыкістан завяршылі працэс адводу ад мяжы сваіх вайсковых падраздзяленняў. Пра гэта паведаміла Памежная служба Дзяржаўнага камітэту нацыянальнай бяспекі Кыргызстану, перадае ТАСС.

«Бакі завяршылі адвод дадатковых сілаў і сродкаў ад лініі дзяржаўнай мяжы ўглыб сваіх тэрыторыяў», – гаворыцца ў паведамленні.

Паводле памежнага ведамства, сітуацыя на мяжы і ў прылеглых да яе раёнах цяпер стабільная, за мінулую ноч «інцыдэнты і перастрэлкі не зафіксаваныя».

Адзін з найбуйнейшых узброеных канфліктаў паміж грамадзянамі, а пазней і войскамі Таджыкістану і Кыргызстану адбыўся ўначы на 29 красавіка. Гэта здарылася на спрэчнай тэрыторыі на поўдні Кыргызстану, у Баткенскай вобласці.

У выніку канфлікту загінулі 34 кіргізы, у тым ліку 12-гадовая дзяўчынка. Больш за 180 чалавек пацярпелі. На тэрыторыі Кыргызстану былі спаленыя жылыя дамы, 27 бензастанцыяў, разрабаваныя крамы. Таджыкістан паведамляе пра 10 забітых, але інфармацыі пра загінулых не раскрывае.

Hавiны
Кыргызстан і Таджыкістан: чаму адбыліся баі на памежжы?
2021.04.29 22:10

З прычыны невыразнага падзелу межаў на тэрыторыі паміж Кыргызстанам і Таджыкістанам перыядычна ўспыхваюць канфлікты. Гэтым разам падставаю стаў водазабор «Галаўны», у сяле Кок-Таш у Баткенскай вобласці. Ён забяспечвае вадой грамадзянаў абедзвюх краін.

Версіі бакоў аб пачатку канфлікту адрозніваюцца. Дакладна вядома толькі тое, што прычынаю стала ўсталяванне камераў на водазаборы. У Таджыкістане лічаць, што жыхары Кыргызстану несправядліва размяркоўваюць ваду, таму пастанавілі ўсталяваць камеры для назірання.

У сваю чаргу ўлады і жыхары кіргізскіх паселішчаў запатрабавалі прыбраць камеры, пастаўленыя без двухбаковага згоды. Жыхары не змаглі пераадолець канфлікту мірна, бакі пачалі закідваць адзін аднаго камянямі. Гэта вылілася ў пагромы і перастрэлку паміж вайскоўцамі і цывільнымі дзвюх краінаў.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў