Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 3 красавіка


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую пачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 3 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, на раніцу 3 красавіка страты расейскіх войскаў дасягнулі 18 тысячаў чалавек асабовага складу.

Кіеўская вобласць цалкам вызваленая ад расейскіх войскаў. Пры гэта паведаміла намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр. Таксама яна паведаміла, што варта ўстрымацца ад заезду ў вызваленыя паселішчы, пакуль не завершыцца размініраванне.

У вызваленых з-пад расейскай акупацыі раёнах фіксуюць злачынствы, імаверна, учыненыя расейскімі вайскоўцамі. Буча, са словаў мэра гораду Анатолія Фэдарука, зруйнаваная. У брацкай магіле там пахавалі 280 чалавек, але шмат трупаў яшчэ застаецца на вуліцах. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch» паведамляе, што сабрала доказы вайсковых злачынстваў у горадзе. Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба заклікаў наведаць Бучу місію Міжнароднага крымінальнага суда.

У Марыупалі загінуў літоўскі рэжысёр-дакументаліст Мантас Квядаравічус. У машыну, у якой ехаў рэжысёр, трапіла ракета. Мужчыну тэрмінова даставілі ў шпіталь, аднак уратаваць яго дактары не змаглі. У 2016 годзе фільм Квядаравічуса «Марыупаліс» пра вайну на Данбасе перамог на Берлінскім кінафестывалі.

Пацярпелі ад расейскай агрэсіі і жывёліны. У прытулку для сабакаў у Кіеўскай вобласці загінулі больш за 300 гадаванцаў. Калі расейскія акупанты занялі Барадзянку, сабакі засталіся зачыненымі ў вальерах без ежы і вады. Жывымі засталіся каля 150 сабакаў, усе яны знясіленыя і застаюцца ў цяжкім стане.

Раніцаю 3 красавіка расейскія войскі атакавалі Адэсу з паветра. У горадзе грымнула некалькі выбухаў. Паводле дэпутата гарадской рады Пятра Абухова, ракетны ўдар быў нанесены па інфраструктурным аб’екце. Міністэрства абароны РФ у сваю чаргу паведаміла, што ўдар быў здзейснены па нафтаперапрацоўчым заводзе.

Мэр Чарнігава Уладзіслаў Атрашэнка паведаміў, што ў выніку абстрэлаў і нападаў расейскага войска горад знішчаны на 70%. Яшчэ большыя разбурэнні ў мястэчку Ізюм на Харкаўшчыне, дзе знішчана амаль 80% будынкаў.

Першы намеснік кіраўніка арганізацыі «Укравтодор» Андрэй Іўко заявіў, што ў выніку вайны разбураныя больш як 13 % украінскіх дарог, 24 лютага са 170 тысяч кіламетраў дарог агульнага карыстання моцна пацярпелі 23 тысячы кіламетраў, а таксама былі разбураныя 273 збудаванні (масты, пуцеправоды ды іншае).

Артыкулы
Святлана Ціханоўская: Рэжым Лукашэнкі зрабіў Беларусь суўдзельніцаю ваенных злачынстваў Расеі
2022.04.03 17:29

ВК Belsat

Стужка навінаў