У прытулку для сабакаў у Кіеўскай вобласці загінулі больш за 300 гадаванцаў


Да пачатку вайны ў прытулку для сабакаў у Барадзянцы, што ў Кіеўскай вобласці, жылі 485 жывёлінаў. Цяпер засталіся каля 150, паведамляе ўкраінская грамадская арганізацыя «UAnimals».

Прытулак для жывёлы у Барадзянцы. 2 красавіка 2022 года.
Фота: Прытулак для жывёлы ў Барадзянцы/Facebook

Калі расейскія акупанты занялі Барадзянку, сабакі засталіся зачыненымі ў вальерах без ежы і вады. Пасля вызвалення Кіеўскай вобласці ад акупантаў валанцёры наведалі прытулак і пабачылі, што большасць сабакаў загінула, жывымі засталіся каля 150. Усе яны знясіленыя і застаюцца ў цяжкім стане.

27 сабакаў у самым цяжкім стане вывезлі на лячэнне ў прыватныя клінікі.

«UAnimals» дапамагае ратаваць жывёлаў, пацярпелых ад вайны.
Фота: Reuters
«UAnimals» дапамагае ратаваць жывёлу, пацярпелую ад вайны.
Фота: UAnimals/Facebook

«UAnimals» у сваім акаўнце ў «Фэйсбуку» распавядае, як ратуюць жывёлу, пацярпелую ад вайны. Разам з партнёрамі каманда арганізацыі правяла эвакуацыю гадаванцаў Яснагародскай фермы, сярод іх – страусы.

Валанцёры арганізацыі збіраюць корм для жывёлы і дастаўляюць яго туды, дзе ёсць патрэба. Так, у Кіеве на Абалоні раздалі 70 мяшкоў корму для сабакаў.

«Мы дапамагаем не толькі хатняй жывёле, таму сёння перадалі фінансавую дапамогу стайні «Балівар» і перавялі сродкі «Гранд Кіпр», што займаецца ратаваннем коней падчас вайны, – паведамляе «UAnimals». – Прытулак «Save Fox» у Дняпры таксама атрымаў фінансавую падтрымку для дапамогі дзікай жывёле. Агулам на сённяшні дзень (2 красавіка. – Рэд.) мы перадалі дапамогу 22 прытулкам і арганізацыям на суму 216 тысяч грыўняў».

«UAnimals» дапамагае ратаваць жывёлу, пацярпелую ад вайны.
Фота: UAnimals/Facebook

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў