«Наша Ніва»: Пасля аплаты шкоды на волю выйшлі топ-менеджары «БелВЭБу»


2 красавіка на волю выйшлі затрыманыя на мінулым тыдні топ-менеджары банку «БелВЭБ», паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на ўласныя крыніцы. Умовай вызвалення стала кампенсацыя шкоды ў вялізным памеры – каля 25 мільёнаў долараў.

29 сакавіка ў кіраўнікоў «БелВЭБу» прайшлі ператрусы. Супрацоўнікі ДФР затрымалі старшыню ўправы БелВЭБу Васіля Мацюшэўскага, першага намесніка Мацюшэўскага Тараса Надольнага, намеснікаў старшыні Анатоля Барысевіча, Віктара Перапяліцу і Дзмітрыя Ляўданскага. Сілавікі схапілі таксама сябра ўправы Анатоля Паўловіча і дырэктара ў развіцці банку Аляксея Мазжухіна. Агулам за кратамі апынуліся восем асобаў. На волю ў той жа дзень адпусцілі толькі Мацюшэўскага. «Наша Ніва» выказвае думку, што Мацюшэўскага вызвалілі, каб ён знайшоў грошы для аплаты шкоды, і што ён нібыта звярнуўся па дапамогу да кіраўніка расейскага «Внешэкономбанка» Ігара Шувалава.

Нацбанк абвінаваціў «БелВЭБ» у «драбленні бізнесу і сыходзе ад падаткаў» праз стварэнне ІТ-кампаніяў у ільготнай зоне ПВТ, а таксама вывядзенне дывідэндаў без адсоткаў праз падкрэслена легальную схему сацыяльнага страхавання, створаную «Прыёрбанкам».

Налічаны памер шкоды склаў 8 мільёнаў долараў.

Паводле крыніцаў «Нашай Нівы», агульная сума, сплачаная за вызваленне топ-менеджараў, блізкая да 25 мільёнаў долараў.

Банк «БелВЭБ» – сістэмаўтваральны банк Беларусі, чацвёрты паводле памеру сярод банкаў краіны. Займае асноўныя пазіцыі ў галіне міжнародных разлікаў, валютных аперацыяў і абслугоўвання замежнай эканамічнай дзейнасці дзяржавы і кліентаў. Частка структуры карпарацыі «Банк развіцця і вонкаваэканамічнай дзейнасці» («Внешэкономбанк)» (Масква).

Банк мае даччыныя кампаніі: УСП «Белзнешстрах», КСА «Знешэканомбуд» ТАА, ЗАТ «Сівельга».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў