«Калі пачынаю гаварыць, плачу». Як у польскім Жэшаве дапамагаюць украінскім уцекачам


Жэшаў – адзін з буйных польскіх гарадоў каля польска-ўкраінскай мяжы, які прымае ўцекачоў з Украіны. Тыдзень таму яго наведваў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Карэспандэнтка «Белсату» накіравалася ў горад, каб паглядзець, як сустракаюць і як жывуць вымушаныя перасяленцы ў Польшчы.

Студэнты і выкладчыкі Політэхнічнага ўніверсітэту сартуюць гуманітарную дапамогу для ўкраінскіх уцекачоў у лагістычным цэнтры. Жэшаў, Польшча, 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Першы наш пункт – гэта Жэшаўскі політэхнічны ўніверсітэт. Адзін з карпусоў быў перапрафіляваны пад лагістычны цэнтр – на ініцыятыву студэнцкага самакіравання. У цэнтры працуюць каля 300 студэнтаў-валанцёраў на ратацыйнай аснове. Гэта самы буйны ў Жэшаве склад з гуманітарнай дапамогай. Адсюль польскі Чырвоны Крыж забірае адсартаваныя рэчы і развозіць уцекачам. Сюды звозяць гуманітарную дапамогу з розных меншых пунктаў збору. Акрамя таго, прынесці карысныя рэчы можа любы ахвотны. Дарэчы, корпус навучальнай установы, дзе цяпер размяшчаецца склад, у мірны час планавалі выкарыстоўваць як канцэртную залу і бар для студэнтаў.

Студэнты і выкладчыкі Політэхнічнага ўніверсітэту сартуюць гуманітарную дапамогу для ўкраінскіх уцекачоў у лагістычным цэнтры. Жэшаў, Польшча, 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Далей едзем у медычную клініку Жэшаўскага ўніверсітэту, якая таксама адкрытая для бясплатнай дапамогі ўцекачам. Галоўны лекар гэтай установы, доктар Мазур, вырашыў дапамагчы адразу і ўкраінскім медыкам і пацыентам. Ужо арганізаваны курс польскай мовы. Каля 40 лекараў чакаюць дазволу на працу. Пакуль у паліклініцы для ўкраінскіх мігрантаў працуюць два спецыялісты агульнай практыкі, але чакаецца, што тут будуць таксама лор, гінеколаг, стаматолаг і іншыя.

Доктарка, украінка і ўцякачка Марыяна Купэр (Marianna Kuper). Жэшаў, Польшча, 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

У медычным цэнтры працуе Марыяна Купер. Доктарка нарадзілася ва Украіне і ўсё сваё свядомае жыццё жыла там. Але пачалася вайна, і жанчына вырашыла часова разам дзецьмі пераехаць у Польшчу. «Узяла нашых траіх дзяцей, і мы пешшу прайшлі мяжу. Муж застаўся ўдома. Я вучылася ў Польшчы, таму мой дыплом тут мае вагу, і я ведаю польскую мову. Каб атрымаць дазвол на працу, мне проста трэба пацвердзіць, што апошнія 5 гадоў ва Украіне я працавала паводле спецыяльнасці. З гэтым у мяне няма праблемаў. Мы вырашылі застацца ў Жэшаве, бо з’явілася прапанова аб працы, тым больш адсюль бліжэй да дому, да мужа. Шмат украінцаў звяртаецца па дапамогу, і шмат хто не разумее польскай мовы. Таму гэта вельмі добрая ініцыятыва. Гэтае месца стварылася з патрэбы. Найчасцей трапляюць мамы з маленькімі дзецьмі ці людзі сталага веку. Шмат звяртаюцца па рэцэпты. Але былі і цяжкія запаленні лёгкіх – дарога ў Польшчу была доўгая і халодная. Шмат людзей у дрэнным псіхалагічным стане. Штодня я прымаю 20–25 людзей. Не маю часу нават папіць кавы», – расказвае доктарка.

Жэшаў, Польшча, 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

У калідоры медычнага цэнтру ў чарзе сустракаю ўкраінскую сям’ю, Багдану і Рамана Валіхноўскіх, якія прывялі сына Тадэя да Марыяны Купер на медычны агляд.

Багдана з мужам і дзецьмі – з Львоўскай вобласці, але ў Польшчы ўжо каля месяца. Муж Багданы Раман ужо даўно працуе ў Польшчы. «Прыехалі, каб аб’ядналася нашая сям’я. Было страшна за дзяцей. Хочам, каб яны мелі нармальнае жыццё, каб не чулі выбухаў і сірэнаў. Над намі штосьці лятала, было страшна. Раней муж ездзіў у рэйс і вяртаўся дамоў, цяпер прыйшлося зняць кватэру тут. Ад гаспадыні кватэры даведаліся пра гэты медычны цэнтр, які надае бясплатную дапамогу для ўкраінцаў. Нягледзячы на тое, што мы маем страхоўку, вырашылі звярнуцца сюды, бо тут украінскамоўныя дактары, прасцей патлумачыць праблему», – дзеліцца ўражаннямі Багдана.

Андрэй Качмарык (на заднім плане) рэгіструе заяўку на гуманітарную дапамогу для ўкраінскіх уцекачоў. Жэшаў, Польшча, 31 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

На гэтым валанцёрскія пункты Жэшава не канчаюцца. У цэнтры гораду недалёка ад чыгуначнага вакзалу бачым шыльду «Дапамога ўкраінцам» і жоўта-блакітны сцяг на ўсё вакно. Гэты пункт дапамогі ўкраінскім уцекачам атрымаў назву «Heart to Heart».

«Heart to Heart» быў створаны ў Жэшаве яшчэ 24 лютага, гэта першым гуманітарны пункт. Тут аднаразова можна атрымаць ежу, адзенне, сродкі асабістай гігіены, нават корм для жывёлы. Адсюль гуманітарныя пасылкі ідуць далей – вайскоўцам і ўцекачам ва Украіну. Каб атрымаць дапамогу, чалавеку трэба прыйсці ў пункт, паказаць дакумент, які б сведчыў, што ён украінец і што ён выехаў з Украіны пасля 24 лютага. Пасля трэба запоўніць заяўку, указаўшы неабходныя рэчаў. На пачатку працы праекту «Heart to Heart» валанцёры маглі цягам паўгадзіны сабраць неабходную скрыню і аддаць чалавеку адразу на месцы. Але цяпер плынь уцекачоў павялічылася ў шмат разоў, і гуманітарную дапамогу можа атрымаць цягам дня, а то і двух.

Такія лісты са словамі падтрымання ўкраінскім вайскоўцам і дзецям кладуць у скрыні з гуманітарнаю дапамогаю дзеці з Італіі, Нямеччыны, Брытаніі ды Бельгіі. Кранальна, што частка лістоў напісаная па-ўкраінску. Пункт дапамогі ўкраінскім уцекачам «Heart to Heart». Жэшаў, Польшча, 31 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Стваральнікі пункту дапамогі – таксама ўкраінцы, сужэнства Яна Макарская і Андрэй Качмарык ды іхны сябар Сяргей Пэх. Першае, што зрабіла Яна Макарская, пачала шукаць памяшканне, куды б можна было б звазіць гуманітарную дапамогу. «Нашу валанцёрскую групу арганізавалі трое ўкраінцаў і полька. Мы прачнуліся, зразумелі, што гэта вайна, і вырашылі штосьці рабіць. Калісьці мы з мужам цікавіліся памяшканнямі, бо шукалі пад свае патрэбы. І ў мяне захаваўся нумар адміністрацыі аднаго з іх. Я ўзгадала і вырашыла запытаць, ці не гатовыя яны нам дапамагчы. І выйшла так, што полька і наш арэндадаўца Паўліна Місёлэк (Misiołek) зацікавілася нашай ідэяй, за што мы ёй вельмі ўдзячныя. За паўгадзіны мы прыехалі сюды, і ў 13:00 24 лютага ўжо быў адкрыты гэты пункт», – расказвае Яна Макарская.

Гуманітарная дапамога прыходзіць у «Heart to Heart» пераважна з-за мяжы: гэта Італія, Англія, Бельгія, Нямеччына. «Людзі знаходзяць нас самі праз «Інстаграм», – працягвае дзяўчына. – Прывозяць гуманітарны груз да нас цэлымі аўтобусамі і фурамі. Мы заўважылі, што ў шмат якіх пачках з дапамогай ёсць лісты, адрасаваныя нашым дзеткам ці вайскоўцам. Мяне так радуе, як яны нас падтрымліваюць. Шмат лістоў напісана на ўкраінскай мове. Гэта найдабрэйшае і найпрыгажэйшае, што мы бачылі за гэты час. Гэта такія словы падтрымкі». Яна прызнаецца, што ёй і частцы каманды прыйшлося звольніцца з асноўнай працы, каб праводзіць увесь час тут. Таму каманда «Heart to Heart» шукае інвестара, хто б мог фінансава падтрымаць валанцёраў ці хаця б дапамагчы з арэндай памяшкання.

Яна Макарская і Андрэй Качмарык ды іхны сябар Сяргей Пэх, якія зарганізавалі першы ў Жэшаве пункт дапамогі ўкраінскім уцекачам «Heart to Heart». Жэшаў, Польшча, 31 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат
Валанцёры збіраюць гуманітарную скрынку для ўкраінскіх уцекачоў у першым у Жэшаве пункце дапамогі «Heart to Heart». Пункт быў створаны ўкраінцамі. Жэшаў, Польшча, 31 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Рухаюся далей. Прыязджаю на вакзал якраз з аўтобусам з Львова. Бачу разгубленых украінцаў, якім на дапамогу зноў прыходзяць валанцёры.

Увагу прыцягвае жанчына з дзяўчынкай на мыліцах. Падыходжу да іх, знаёмлюся. Ірына з дачкой Дашай прыехалі са Львова. Дарога да Жэшава склала каля 5 гадзін. Да сёння спадзяваліся, што не прыйдзецца пакідаць дому, але ж апошнія навіны не асабліва радуюць. «Наш дом стаіць каля аэрапорту і стратэгічнага заводу. То бок мы пасярэдзіне. Мы бачылі дым, у нашым суседнім доме павыляталі вокны. Акрамя таго, у крамах ужо адчуваецца рост коштаў, некаторыя харчы пачалі знікаць. А зарплаты, на жаль, не падымаюцца». Ірына хвалюецца таксама і за здароўе дачкі. Бо дзесьці ў пачатку вайны Даша няўдала скокнула і паламала нагу. Цяпер дзяўчынка часова карыстаецца мыліцамі, але хутка павінны зняць гіпс. «Я працую ў школе настаўніцай пачатковых класаў. Цяпер заняткі ў нас ідуць онлайн. Вось так пачынаеш урок, толькі думку нейкую хочаш данесці дзецям, і тут пачынаецца паветраная трывога. Мы едзем у Нямеччыну, бо там ёсць праграма для ўкраінцаў. Спадзяемся, што хутка вернемся дамоў. Там застаўся муж».

Аўтобус з украінскімі ўцекачамі прыбыў у Жэшаў са Львова. Жэшаў, Польшча, 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат
Ірына з дачкою Дашаю прыехалі са Львова. Жэшаў, Польшча, 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат
Валанцёрка Анастасія кансультуе ўцекачоў з Марыупалю, якія чакаюць цягнік на вакзале ў Жэшаве. Жэшаў, Польшча, 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

На чыгуначным вакзале ў Жэшаве валанцёрская дапамога працуе дзень і ноч. Дзяўчаты і хлопцы сустракаюць аўтобусы з уцекачамі, расказваюць, дзе можна ўзяць квіток у патрэбным кірунку, прапаноўваюць пад’есці і накіроўваюць у шэлтар для ўцекачоў, калі ёсць патрэба пераначаваць.

Даведка

Вакзал з 1 красавіка зачынілі на рамонт, а валанцёрскі пункт перанеслі ў іншае месца.

Заўважаю энергічную валанцёрку Анастасію, якая кансультуе ўцекачоў з Марыупалю, пакуль тыя чакаюць цягніка. Дзяўчына нарадзілася ва Украіне, пабралася шлюбам з палякам і ўжо шмат гадоў жыве ў Польшчы. Тата Насты быў за мяжой, калі пачалася вайна, але адмыслова вярнуўся ва Украіну, мама і сястра – таксама там. Са словаў дзяўчыны, усе ейныя знаёмыя аднагодкі ваююць – стрыечныя, аднакласнікі, сябры. «Я хацела б быць там таксама, але дапамагаю як магу. У мяне цяпер дзве сям’і – польская і ўкраінская». Амаль з самага пачатку вайны Наста штодзень з 15 да 23 застаецца на вакзале, пасля асноўнай працы. Дзяўчына расказала, што ў параўнанні з першымі хвалямі ўцекачоў цяпер тут пуста: «Раней нават на падлозе спалі людзі. Вельмі складана маральна назіраць за ўсім. Вось на гэтым тыдні, напрыклад, ехала шмат людзей з Марыупалю. Людзі падобныя да зомбі, бачна, што яны сядзелі ў сутарэннях, такія, як сухія шкілеты. Трапіліся дзяўчаты, якія вывезлі адтуль 11 дзяцей, – узгадвае Наста. – Вельмі запомніўся дыялог паміж мамай і сынам, якія беглі з Харкава. Хлопчык пытаецца: «Мама, а ў нас вайна з Расеяй?» – «Ну, так». Хлопчык сеў. Праз 15 хвілін зноў. «Мама, а мы размаўляем па-расейску?» – «Ну, так склалася». Падыходзіць трэці раз. «Мама, а нахрана мы размаўляем па-расейску?» – і адразу пераходзіць на ўкраінскую мову. Дзеці ўбіраюць у сябе ўсё як губка».

Уцекачы з Марыупалю спадарыня Ала і спадар Анатоль чакаюць цягнік на вакзале ў Жэшаве. Жэшаў, Польшча, 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Вяртаюся да пенсіянераў з Марыупалю. Пакуль яны чакаюць свайго цягніка, наважваюся задаць пару пытанняў. Ала і Анатолій ужо тыдзень у дарозе. Іх дом знішчылі, цяпер ім няма куды вяртацца. Яны «даганяюць» дачку, якая на пару дзён раней змагла з’ехаць з Марыупалю ў Нямеччыну. Увесь гэты тыдзень яны не ведаюць, што з іхным сынам і ягонай сям’ёй, бо з Марыупалем няма сувязі. «Усё спалілі, на 90 адсоткаў разбіты горад. Поўнасцю. Увогуле. Мы думалі з мужам падчас першай хвалі, што, можа, толькі разбітымі вокнамі ўсё і скончыцца. Меркавалі, што проста іх уставім. А цяпер ужо ўсё. Дом у руінах застаўся. Мы з горам папалам выехалі, але што з сынам? Можа, яго ўжо няма… Мы з хлебам і соллю Пуціна не звалі. Што ён творыць? Навошта зруйнавалі дамы?» – задаецца пытаннямі Ала. Анатолій дадае: «Там няма ні вады, ні электрычнасці. Людзі гатуюць ежу на вогнішчах. Проста днём і ноччу, днём і ноччу авіяцыя. Бомбы, ракеты гудуць пастаянна». Сужэнцы расказваюць, што трупы па горадзе ляжаць паўсюль, проста на лавачках. Людзі хаваюцца ў сутарэннях, але сутарэнні не ратуюць ад бомбаў, бо неглыбокія. «Мы ўжо не ведалі, дзе хавацца. Такая халадзіна там у сутарэннях, але сядзелі там пастаянна. Вады няма, ходзім на крынічку па ваду. Туды пад снарадамі – назад пад снарадамі. Ну што гэта такое? Каб вады нават не было? Выбачайце, я як пачынаю гаварыць, пачынаю плакаць. Што тварыцца? Знішчылі наш горад…»

Праводжу Алу і Анатолія на цягнік і вяртаюся на вакзал. Назіраю, як групка ўцекачоў, якія з паўгадзіны таму прыехалі з Львова, зноў накіроўваецца ў аўтобус. Даведваюся, што з чыгуначнага Жэшаўскага вакзалу ездзяць адмысловыя аўтобусы, на якіх украінскія ўцекачы могуць даехаць да часовага шэлтара. Ён размяшчаецца ў старым гандлёвым цэнтры. На паверсе, дзе прымаюць украінцаў, былі пункты для прышчэпак. Цяпер медычны цэнтр «Centrum Medyczne» аддаў цэлы паверх пад патрэбы ўцекачоў. Тут людзі могуць адпачыць з дарогі, атрымаць медычную і гуманітарную дапамогу. Шэлтар прымае ўцекачоў на 1–3 дні, калі людзі чакаюць дакументы, могуць заставацца там даўжэй.

Валанцёры на чыгуначным вакзале Жэшава робяць лусцяні ўкраінскім уцекачам. Жэшаў, Польшча, 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат
Украінскія ўцекачы на чыгуначным вакзале Жэшава. Жэшаў, Польшча, 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат
Уцекачы з Украіны чакаюць адпраўлення рэйсавага аўтобуса, які завязе іх у часовы шэлтар з вакзалу. Жэшаў, Польшча, 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат
Ложкі ў шэлтары для ўкраінскіх уцекачоў у старым гандлёвым цэнтры. Тут людзі могуць адпачыць з дарогі, атрымаць медычную і гуманітарную дапамогу. Шэлтар прымае ўцекачоў на 1–3 дні. Жэшаў, Польшча, 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

За час расейска-ўкраінскай вайны, паводле звестак ААН, Украіну пакінулі больш за 4 млн чалавек. Большая частка ўцекачоў едзе ў Польшчу, польска-ўкраінскую мяжу перайшлі больш за 2 млн чалавек. У Польшчы ўкраінцы могуць адпачыць і абраць для часова прытулку іншыя краіны. Праграмы дапамогі ўцекачам з Украіны працуюць у большасці краінаў ЕЗ.

Фота
Праваабаронцы заявілі пра доказы ваенных злачынстваў у Бучы
2022.04.03 14:48

НБ belsat.eu

Стужка навінаў